Шчасце марадзёраў

Фільм Сяргея Лазніцы «Шчасце маё» выклікаў сёлета шок у Канах. Цяпер стужка прадстаўленая на «Лістападзе». Карціна ўраджэнца Баранавічаў — побытава-міфалагічнае вандраванне па хваробах постсавецкай душы.

«Шчасце маё» — першая ігравая стужка Сяргея Лазніцы. Але да свайго дэбюту ў ігравым кіно Лазніца заслужыў міжнародную славу прыжыццёвага класіка дакументальнага кіно.



Фільм Сяргея Лазніцы «Шчасце маё» выклікаў сёлета шок у Канах. Цяпер стужка прадстаўленая на «Лістападзе». Карціна ўраджэнца Баранавічаў — побытава-міфалагічнае вандраванне па хваробах постсавецкай душы.

«Шчасце маё» — першая ігравая стужка Сяргея Лазніцы. Але да свайго дэбюту ў ігравым кіно Лазніца заслужыў міжнародную славу прыжыццёвага класіка дакументальнага кіно.

Нарадзіўся ён у Баранавічах у 1964 годзе. Праз год бацькі Сяргея пераехалі ў Кіеў. Там Лазніца скончыў Кіеўскі Політэхнічны інстытут і працаваў у Інстытуце кібернетыкі. Але ў 1991 годзе ён паступіў у рэжысёрскую майстроўню Наны Джарджадзэ ў Інстытут кінематаграфіі, што ў Маскве. Ад 1996 года Лазніца зняў у Расіі 10 дакументальных стужак, з 2001 года майстар з сям’ёю жыве ў Германіі.

У карцінах Лазніцы за стрыманай дакументальнай паверхняй хаваецца іншая рэальнасць. Так, стужка «Паўстанак», з соннымі людзьмі на чыгуначнай станцыі — змантаваная як метафізічнае насланнё. Фільм «Пасяленне» — пра інтэрнат нямоглых, у тварах хворых праступае вобраз і падабенства Божае.

 «Шчасце маё» — міжнародны праект з удзелам Германіі і Нідэрландаў. Стужка стваралася ў Чарнігаўскай вобласці Украіны; да здымак запрашаліся мясцовыя жыхары, якіх не паспела сапсаваць акцёрская прафесія. Румынскі аператар Алег Муту (майстар фільму «4 месяцы, 3 тыдні, 2 дні») здымаў ігравыя кадры так, каб яны выглядалі дакументальнымі. Яшчэ адзін румын, Улад Іваноў (з той жа карціны) сыграў «міліцыянера з Масквы». Але галоўная роля дасталася беларускаму акцёру — Віктару Немцу.

Ягоны герой, дальнабойнік Георгій, заблукаў дзесьці каля Смаленску, і трапіў у самае «сэрца цемры». Там ён сустракаецца з малалетняй прастытуткай, бандытамі і ветэранам, які згубіў імя, але захаваў нянавісць. Сам герой таксама губляе памяць і мову — каб стаць месцічам «Катлавану», дзе людзі расчалавечваюцца.

Першыя кадры «Шчасця» — наўмысна правакацыйныя: бандыты заліваюць цэментам забітага ім чалавека. Персанажы стужкі ўпарта і з асалодай слухаюць блатны шансон, зюкаюць нецэнзурнаю лаянкай.

Але карціна Лазніцы — у ніякім разе не крымінальная чарнуха. Гэта сюррэалістычна-стрыманыя прыгоды на постсавецкай прасторы, няскончаная гульня забойстваў і марадзёрства.

Дзве беларускія сцэны — ключ да ўсёй стужкі. У адным эпізодзе партызаны расстрэльваюць настаўніка, які прытуліў іх, але прагне вучыць дзяцей — нягледзячы на змену ўлады. Гэту гісторыю «савецкай справядлівасці» асабіста падказаў Лазніцы Васіль Быкаў.

У другой сцэне камендант чыгуначнай станцыі рабуе афіцэра, які вязе нявесце падарунак з Германіі. Пакрыўджаны афіцэр помсціць — забівае каменданта стрэлам з цягніка.

Першая гісторыя паказвае вытокі здзічэння — «ярость благородную», што «вскипает, как волна», дый бесперапынку шукае ворагаў. Другі эпізод — дыялектыка марадзёрства: у Беларусі (на Украіне, у Расіі) герояў абкрадаюць улады, каб зрабіць з іх зніякавелых забойцаў без свайго «я».

Міліцыянты і карупцыя ў фільме — расійскія. Хаця дзікая страляніна без усялякіх матываў — не толькі адбітак «рускага бунту», але і тыповы беларускі самнамбулізм, які доўга церпіць, а потым уголас выказваецца. А злюцелы ад нянавісці дзядок, які вішчыць пра шчасце сталінскіх экзекуцый, быццам сышоў з падручнікаў беларускай ідэалогіі, дзе ўхваляецца моцнае кіраўніцтва.

Карціна Лазніцы — не перабудовачныя выспяткі спарахнелай эпосе. Стрымана-дакументальныя кадры гратэскных персанажаў у неверагодных сітуацыях — гэта руіны міфу і страшнай казкі. Казка гэта, праўда, перакручаная, але маюцца ўсе яе чыннікі.

Даішнікі на дарозе — гэта мяжа, уваход у краіну памерлых. Стары, якому герой дапамог, — цудоўны памагаты, які дапаможа і самому герою. Бандыты, прастытутка, лядашчы гэбовец — агенты хаосу. Лазніца не выпускае нас з гэтай краіны, ён прымушае нас паглядзець на сябе — і жахнуцца. Адштурхнуць ад сябе зло, кінуцца да святла, якое дзесьці там — па-за межамі фільму.

Шкада, што карціна — толькі на фестывалі і не абавязковая для прагляду ўсім вертыкальнікам. Глядзіш — і рэвалюцыя адбылася б.


Шчасце маё (Счастье моё)
Украіна — Германія — Нідэрланды, каляровы, 127 хв.
Рэжысёр і сцэнарыст: Сяргей Лазніца
Аператар: Алег Муту
Мастак: Кірыл Шувалаў
Мастак па касцюмах: Марэ Райдма
Гукарэжысёр: Уладзімір Галаўніцкі (Беларусь)
Мантаж: Даніэліус Каканаўскіс
Прадзюсеры: Хайна Дэкер, Дзмітры Жукаў, Алег Кохан, Од Гаўэл, Саскія Гэйдэн
Ролі выконваюць: Віктар Немец, Уладзімір Галавін, Вольга Шувалава, Павал Варажцоў, Дзмітры Паддубны, Вячаслаў Шыхалееў, Улад Іваноў, Аліса Сляпян, Дзмітры Готсдзінер, Дзмітры Муляр
Паказ на кінафестывалі «Лістапад» — 9 лістапада а 20.30 і 10 лістапада ў 9.30 у «Доме кіно». Стужку прадстаўляюць рэжысёр Сяргей Лазніца і акцёр Віктар Немец

 

 

 

 

 

Каментаваць