Шэдэўры іспанскага кіно

Пасля кароткага фэсту ізраільскага кіно, паказанага ў сталіцы, надышла чарга кіно іспанскага.

У мінскім пракаце будзе прадстаўлена праграма рэдкай іспанскай класікі. Спіс заканамерна ўзначальвае Луіс Бунюэль — кінасюррэаліст і майстар зграбных гратэскаў, які працягвае традыцыі Гоі.



Пасля кароткага фэсту ізраільскага кіно, паказанага ў сталіцы, надышла чарга кіно іспанскага.

У мінскім пракаце будзе прадстаўлена праграма рэдкай іспанскай класікі. Спіс заканамерна ўзначальвае Луіс Бунюэль — кінасюррэаліст і майстар зграбных гратэскаў, які працягвае традыцыі Гоі.

На экране — прыпавесць «Анёл-знішчальнік» 1966 года, знятая рэжысёрам у Мексіцы. Пасля званай вячэры важныя госці ніяк не могуць пакінуць пакой. Яны каторы дзень знаходзяцца ў адной залі — і не здольныя пераступіць парог. Уплыў карціны магічны. Аўтар гэтых радкоў быў сведкам, як сучасныя гледачы пасля прагляду баяліся выйсці з кінатэатру.

У карціне «Вірыдыяна» 1961 года Бунюэль сутыкае гераіню, якая спрабуе жыць па хрысціянскіх запаветах ды стаць манашкай, з рэаліямі правінцыйна-дыктатарскага жыцця. Вірыдыяна наведвае свайго дзядзю — крывадушнага і вычварнага чалавека, што робіцца пачаткам канца яе веры.

Дзве стужкі ў праграме належаць іншаму іспанскаму класіку — Карласу Сауры. У драме «Паляванне» 1966 года Саура даследуе знявечаную грамадзянскай вайной свядомасць. Тры ветэраны адпраўляюцца паляваць на трусоў, але палююць адзін на аднаго. «Эліза, жыццё маё» 1977 года з Джэральдзін Чаплін — сямейная драма пра сумленне і праўду.

«Смерць веласіпедыста» 1955 года Хуана Антоніа Бардэма і «Дух вулея» 1973 года Віктара Эрысэ ўпрыгожваюць іспанскі фэст. У карціне Бардэма багатая дама збівае чалавека — і хаваецца з месца злачынства. Але сумленне не дае ёй спакою. А ў карціне Віктара Эрысэ маленькая дзяўчынка, зачараваная старой стужкай «Франкенштэйн», знаходзіць уцеклага жаўнера-рэспубліканца. Фільм Эрысэ лічыцца адной з сама паэтычных стужак страшнага кіно, метафарай самой дзесятай музы.

Фільмы здымаліся ў аўтарытарныя часы, так што карціны будуць блізкія сённяшняму беларускаму гледачу.

Адбудуцца яшчэ наступныя паказы:

Да 3 кастрычніка ў «Цэнтры-Відэа» фільм «Паляванне».

4–10 кастрычніка ў «Цэнтры-Відэа» фільм «Дух вулея».

«Смерць веласіпедыста» — 6 кастрычніка ў кінатэатры «Перамога», 11–17 кастрычніка — у «Цэнтры-Відэа».

«Вірыдыяна» — 13 кастрычніка ў «Перамозе», 18–24 кастрычніка — у «Цэнтры-Відэа».

«Эліза — жыццё маё» — 20 кастрычніка «Перамога», 25–31 кастрычніка «Цэнтр-Відэа».

Андрэй Крыніцын

Каментаваць