«Шэрлак Холмс: гульня ценяў»

Коміксавыя прыгоды Шэрлака Холмса і доктара Ватсана, знятыя Гаем Рычы, атрымліваюць дзве з паловаю зорачкі з пяці.

Шэрлак Холмс, прыдуманы Конан Дойлем, адзін з найслынных кінагерояў. Колькасць фільмаў з ягоным удзелам пераваліла за 250. Дэтэктыў з Бейкер-cтрыт па сваёй папулярнасці саступае толькі Дракулу і далёка абагнаў Папялушку.



Коміксавыя прыгоды Шэрлака Холмса і доктара Ватсана, знятыя Гаем Рычы, атрымліваюць дзве з паловаю зорачкі з пяці.

Шэрлак Холмс, прыдуманы Конан Дойлем, адзін з найслынных кінагерояў. Колькасць фільмаў з ягоным удзелам пераваліла за 250. Дэтэктыў з Бейкер-cтрыт па сваёй папулярнасці саступае толькі Дракулу і далёка абагнаў Папялушку.

За стогадоваю гісторыю экранны Холмс бачыў рознае. Былі першыя авантуры, пастаўленыя яшчэ пры жыцці літаратурнага героя, — на мяжы вякоў. Былі сур’ёзныя нямыя дэтэктывы з Эйлі Норвудам і дасціпны фільм камедыёграфа Мака Сэнэта (з Макам Сэнэтам у ролі Шэрлака Холмса).

Шэрлака Холмса гралі арыстакратычны Бэзіл Рэтбоўн і Пітэр Кашынг з Крыстаферам Лі, вядомыя як зоркі хорараў. На пачатку 1980-х гадоў свой Шэрлак Холмс з’явіўся ў савецкіх гледачоў: Васіль Ліванаў выглядаў як эталонны англійскі джэнтльмен. Шэрлак Холмс у кіно — у дадатак да сваіх следчых трукаў — мог спяваць, танчыць і нават з’яўляцца жанчынай.

Але Гай Рычы прызначыў яму адмысловую ролю. Рычы ўзяў Шэрлака Холмса і доктара Ватсана з віктарыянскага Лондана (знаёмага нам па фільмах) — і шпурнуў у заварушкі, пра якія Конан Дойль і не марыў.

Спачатку Шэрлак Холмс новага тыпу змагаўся з сатаністам, які прагнуў атруціць брытанскі парламент дый выдаваў сябе за паўсталага з мёртвых (спірыт Конан Дойль такія кпіны з іншасвету не ўхваліў бы). У цяперашняй карціне Рычы Холмс б’ецца з прафесарам Марыярці, які арганізуе выбухі ў еўрапейскіх сталіцах.

Роберт Даўні-малодшы (Холмс) і забаронены ў Беларусі Джуд Лоў (доктар Ватсан) — іранічныя коміксавыя маскі супергерояў, ласых на прыгоды (доктар Ватсан супраціўляецца: у яго мядовы месяц, але Холмс выкідае лішнюю жонку з цягніка!).

Героі жвавыя і энергічныя (Роберт Даўні не забывае спаслацца на апошнюю шалёную маску Хіта Леджэра); ляціць у паветра падарваная тэхніка, стракочуць кулямёты з падпольных заводаў. Стужка — не проста комікс, але і віктарыянскае рэтра з сучаснай зубадрабільнай энергетыкай.
 

Каментаваць