Шматпакутныя крыжы Беларусі

Хрыстос казаў: “Вазьмі крыж свой і кроч за мной. Гэта крыж кожнага чалавека — асобнага, непаўторнага. Але існуе і крыж народа, нацыі. І кожная нацыя, пэўна, мае свой крыж — спрадвечны сімвал, які яе беражэ.



Хрыстос казаў: “Вазьмі крыж свой і кроч за мной. Гэта крыж кожнага чалавека — асобнага, непаўторнага. Але існуе і крыж народа, нацыі. І кожная нацыя, пэўна, мае свой крыж — спрадвечны сімвал, які яе беражэ.

У крыжоў Беларусі свае адметныя, нярэдка драматычныя, лёсы і гісторыя. У дахрысціянскія часы крыжы, высечаныя на валунах, выконвалі ролю абярэгаў. Значна пазней, ужо ў хрысталюбівай Беларусі, крыжы ставіліся на ўскрайках вёсак і аберагалі жыхароў ад шматлікіх навалаў — хвароб, стыхій, пажараў. Крыжы, пастаўленыя на могілках і месцах масавых пахаванняў у новыя часы, ушаноўваюць памяць і аберагаюць спакой памерлых, забітых, расстраляных.

Гэтыя нарысы пра шматпакутныя крыжы. Іх выкарчоўваюць, паляць, знішчаюць. Такіх крыжоў шмат у Беларусі. Хто іх баіцца, чаму знішчаюць — пра вечнае супрацьстаянне беларускай грамадскасці з непрыхаваным дзяржаўным вандалізмам чытайце ў нашай серыі артыкулаў. А пачнём мы з самага спрадвечнага і шматпакутнага крыжа Беларусі.

Крыж Ефрасінні Полацкай

Выраблены ў 1161 годзе Лазарам Богшам па заказе святой Ефрасінні Полацкай — князёўны, асветніцы, духоўнай і грамадскай дзяячкі, шасціканцовы крыж для беларусаў стаўся не проста святой рэліквіяй і абярэгам, але і магутным сакральным сімвалам, увасабленнем пакутніцкага лёсу Беларусі, якую больш за ўсё вынішчала бясконцымі захопніцкімі войнамі Маскоўская дзяржава.

Калі спалучыць значную частку гісторыі нашай зямлі з лёсам святой рэліквіі, яе выкраданнем, псаваннем, таямнічым знікненнем, то можна здагадацца, што з’яўленне на Беларусі крыжа-абярэга абумоўлівалася не толькі духоўнымі памкненнямі Ефрасінні, але, на мой погляд, было яшчэ і своеасаблівым палітычным захадам славутай хрысціянкі. Бо рэлігія ў той час аказвала вельмі моцны ўплыў на ўнутраную і знешнюю палітыку дзяржаваў. Крыж павінен быў аб’яднаць і абараніць беларусаў. І Беларусі патрэбен быў не проста святы абярэг, а менавіта сакральны сімвал.

Чуткі пра крыж і яго ўздзеянне на вернікаў разнёсся далёка за межы краіны. Аздоблены каштоўнейшымі камянямі і металамі, шматлікімі эмалевымі абразкамі, срэбнымі з пазалотай пласцінамі, на ім, апроч іншых шыкоўных дэталяў, змяшчаўся кароткі надпіс-праклён, адрасаваны вандалам. Упершыню імі сталі ў ХVІ стагоддзі паслугачы князя Васіля ІІІ, якія скралі крыж і вывезлі ў Маскву. Рабаўніцтва і пагромы на чужых землях у тыя і ў пазнейшыя часы былі асноўнай формай вынаходніцтва і промыслу ўсходняга суседа.

Падчас Лівонскай вайны Іван Жахлівы па невядомай прычыне вырашыў вярнуць святыню ў Полацк — гэта пасля ўчыненых ім у гэтым горадзе крывавых бойняў. Тады вернікі-ўніяты сталі больш пільна аберагаць крыж у Сафійскім саборы не толькі ад чужынцаў, але і ад езуітаў, якія таксама рабілі спробу выкрасці рэліквію.

Крыж Ефрасінні Полацкай


Самыя вялікія пакуты выпалі на славуты шэдэўр Лазара Богшы падчас усталявання ў Беларусі камуністычнай улады. У 1921 годзе асобным загадам вынішчаліся, рабаваліся і вывозіліся за мяжу ўсе нацыянальныя беларускія каштоўнасці, большасць з якіх трапіла ў Маскву. Спустошваліся музеі, бібліятэкі навучальных устаноў, цэркваў, сабораў, касцёлаў.

Сёння дакладна не вядома, дзе знаходзіцца крыж. Па афіцыйнай версіі — рэліквія была скрадзена нямецкімі акупантамі ў 1941 годзе. Аднак, улічваючы характар «нагляду» за святыняй з боку пэўных асобаў партыі, АГПУ, НКУС, пачынаючы з 1921 года, а таксама прааналізаваўшы гісторыю вымушанага і гвалтоўнага перамяшчэння крыжа па бязмежных прасторах «чырвонай імперыі», больш актуальнай і праўдзівай з’яўляецца версія аб пераправе яго камуністамі праз мяжу на Усход, а калі дакладней, у Маскву.

Ужо на пачатку 1920-х гадоў шэдэўр ювелірнага мастацтва, пабываўшы ў руках ваяўнічых атэістаў, меў жахлівы выгляд і нагадваў сапраўдную ахвяру вандалізму, на «целе» якой праступалі паламаныя і папсаваныя выявы святых, дзіркі ад выкалупаных каштоўных камянёў, адламаных кавалкаў золата і дрэва.

Адзінае, што бездакорна заставалася некранутым, — гэта надпіс, праклён таму, хто няшчыра абыдзецца з нацыянальнай святыняй, выкрадзе, альбо прадасць крыж. «... Хай не выносяць яго з манастыра ніколі, і не прадаюць, і не аддаюць. Калі не паслухаецца хто і вынесе з манастыра, хай не дапаможа яму святы крыж ні ў жыцці гэтым, ні ў будучым, хай пракляты будзе ён Святой жыватворнай Тройцаю ды святымі айцамі... і няхай спасцігне яго доля Юды, які прадаў Хрыста. Хто адважыцца ўчыніць такое... валадар або князь, або епіскап ці ігумення, або іншы які чалавек, хай будзе на ім гэты праклён. Ефрасіння ж, раба Хрыстова, якая справілі гэты крыж, набудзе вечнае жыццё з усімі святымі...»

Крыж Ефрасінні Полацкай да гэтага часу захоўвае сілу праклёну.

Працяг будзе
 

Каментаваць