Шорт-ліст сёлетняга "Глінянага Вялеса"

Гэтую літаратурную прэмію можна атрымаць толькі раз у жыцці. Яна не вызначаецца грашыма, а прэстыжам. Таксама лаўрэат атрымлівае сімвалічную статуэтку апекуна мастацтва.



На фота: уручэнне прэміі „Гліняны Вялес — 2015″ пісьменніку Андрэю Федарэнку


Гаворка, безумоўна, пра ўзнагароду “Гліняны Вялес”, якраз стаў вядомы кароткі спіс намінантаў на сёлетняе адзначэнне. Пра гэта расказвае старшыня аргкамітэту, літаратар і выдавец, наш рэдакцыйны калега — Алесь Аркуш.

— Стаў вядомы шорт-ліст намінантаў на атрыманне літаратурнай прэміі "Гліняны Вялес". Гэтую штогадовую прэмію яшчэ ў 1993 годзе заснавала Таварыства вольных літаратараў, нязменным старшынёй арганізацыйнага камітэту з’яўляецеся вы. І ведаю, што сёлета кароткі спіс намінантаў вырашылі пашырыць…

— Шорт-ліст заўсёды з’яўляецца ў студзені. Раней у ім было пяць пазіцый, але ў мінулым годзе адбылася актыўная дыскусія адносна таго, што яго трэба пашырыць. Справа ў тым, што „Гліняны Вялес” разглядае ўсе мастацкія кнігі, гэта значыць і дзіцячыя, і прозу, і паэзію, і нон-фікшн, і дакументальную літаратуру, і многія кніжкі з розных жанраў не траплялі ў гэты спіс. Таму сёлета мы склалі шорт-ліст з сямі пазіцыяў. Але, па-праўдзе, ужо і летась у шорт-лісце „Вялеса” было сем кніг, мы дабавілі дзве пазіцыі.

— То бок вы шорт-ліст пашырылі жанрава?

— Найперш мы пашырылі яго па колькасці пазіцый, і як вынік — ён, безумоўна, пашырыўся і жанрава. Такім парадкам, ён выглядае наступным чынам:

Алег Аблажэй “Красамоўнае сэрца”, “Мастацкая літаратура”

Сяргей Абламейка “Мой Картаген”, Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода

Валянціна Аксак “Дзікая сьліва”, “Кнігазбор”

Леанід Галубовіч “Поўня”, “Кнігазбор”

Алесь Пашкевіч “Рух”, “Кнігазбор”

Франц Сіўко “Плебейскія гульні”, “Логвінаў”

Аляксей Шэін “Сем камянёў”, “Пазітыў-цэнтр”

Агулам чальцы аргкамітэту прэміі разгледзелі каля 50 кніг, таму адбор прайшоў няпросты. Хоць Алесь Аркуш кажа, што цяжка ахапіць усе кнігі, якія выдаюцца, таму заклікае і аўтараў, і выдаўцоў дасылаць кніжкі або паведамляць пра іх.

— Кожны год лаўрэат атрымлівае стод апекуна мастацтва — сам „Гліняны Вялес” — у якасці ўзнагароды. Ці вядома, хто сёлета зоймецца вырабам гэтай статуэткі?

— Традыцыйна апошнім часам у нас гэтым займаецца кераміст з Наваполацка Валеры Дунеўскі. Ён робіць гэтую ўзнагароду па эскізах легендарнага, славутага мастака Сержука Цімохава, які, на жаль, ужо не жыве. Але мы пра яго абавязкова ўзгадваем у час узнагароджання лаўрэата.

Алесь Аркуш кажа, што прозвішча сёлетняга лаўрэата дазнаемся ў сакавіку, сама цырымонія ўзнагароджання плануецца ў траўні. Звычайна яна праходзіць або ў Мінску ў Музеі Петруся Броўкі ці кнігарні „Галіяфы”, або ў Полацку ў легендарным музеі кнігадрукавання.

У мінулым годзе лаўрэатам літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес” быў пісьменнік Андрэй Федарэнка за кнігу “Ціша”.

 Беларускае Радыё Рацыя
 

Каментаваць