Што і як мы можам ведаць пра Беларусь?

25 студзеня ў межах магілёўскага цыкла публічных лекцый “Urbi et Orbi”, якія ладзяць Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь”, новаабраны нацыянальны каардынатар Форума ГС УП, дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, палітолаг Андрэй Ягораў запрашае слухачоў да супольных разважанняў на тэму: “Што і як мы можам ведаць пра Беларусь? Альбо пра падставы аналітыкі”.



Сёння і ў свеце, і ў Беларусі прадукуецца шмат спецыфічнай інтэлектуальнай прадукцыі, што носіць назву аналітычнай веды. Аналітычная публіцыстыка, экспертныя меркаванні, палітычныя і эканамічныя агляды, спецыяльныя даследаванні і дакументы, што накіраваныя на падтрымку прыняцця рашэнняў ды шмат чаго іншага, даступныя сёння шырокаму колу чытачоў. Увесь гэты стос інтэлектуальна насычаных тэкстаў нясе нам безліч новай веды. Веды абмежаванай, неаб’ектыўнай і кантэкстуальнай… Але ў той жа час веды практычнай і неабходнай, калі ўмець ёй правільная карыстацца.

Гэта лекцыя пра аналітыку “правільную” і “няправільную”, аналітычную веду “тут і цяпер”, правілы аперавання з аналітыкай, яе стварэнне, чытанне і выкарыстанне, а таксама пра неабходнае памнажэнне сутнасцяў і тое, як выжыць з заўседы абмежаванай ведай у мностве сусветаў.

Публічная лекцыя Андрэя Ягорава “Што і як мы можам ведаць пра Беларусь? Альбо пра падставы аналітыкі” адбудзецца 25 студзеня па адрасе: Магілёў, вул. Чкалава, 16 (“Кола сяброў”). Пачатак а 15.00. Уваход вольны!

Звяртаем увагу, што 26 студзеня арганізатары запрашаюць усіх жадаючых на абмеркаванне лекцыі.  Гэта мажлівасць у больш свабоднай атмасферы  звярнуцца да зместу лекцыі, задаць тыя пытанні, якія па нейкіх прычынах складана было агучыць на лекцыі, падзяліцца сваімі ўражаннямі і думкамі.  Абмеркаванне адбудзецца па адрасе: вул. Чкалава, 16 (“Кола Сяброў”), пачатак а 11.00.

Больш падрабязна пра цыкл “Urbi et Orbi”: http://fly-uni.org/urbi-et-orbi

З аналітычнымі тэкстамі і інтэрв’ю Андрэя Ягорава можна пазнаёміцца на сайце: http://cet.eurobelarus.info/by/

Каментаваць