Што прадставілі беларусы на Канскім рынку

Канскі фестываль знакаміты не толькі сваімі паказамі, але і кінарынкам. Апошняе не так заўважна для публікі, якая сочыць за знакамітасцямі і цікавымі фільмамі, але вельмі важна для кінавытворчасці. На 66-м Канскім кінафестывалі беларусы мелі свой кінапавільён.



“Прыгоды Несцеркі”


Што прадставілі беларусы ў Канах?

21 мая ў спецыяльнай праграме фестывалю «Куток кароткага метру» паказалі беларускія дакументальныя стужкі «Пячнік» Алы Вольскай, «Адмысловы тэатр. У пошуках шчасця» Кацярыны Махавай, «Забраны край» Юрыя Цімафеева, «Аксана Волкава. A prima vista» Наталлі Жамойдзік.

Як паведамляе сайт кінастудыі, беларускімі дакументальнымі стужкамі зацікавіўся арганізатар міжнароднага фэсту ў Аўстраліі Эдзі Тамір.

Карціна сучаснага класіка беларускага дакументальнага кіно Віктара Аслюка «Драўляны народ» прыцягнула ўвагу фестывальнікаў з Нью-Ёрку. Гэты фільм пра мастака, які выразае драўляных людзей, якімі кіруе драўляны вусач, ужо ўзяў узнагароду на фэсце хрысціянскіх фільмаў «Магніфікат», што адбываўся ў Беларусі.

Прыгоды Несцеркі, вядомыя беларускім дзецям па серыі анімацыйных стужак, былі сабраныя ў аднайменны поўнаметражны фільм. На кінастудыі спадзяюцца, што стужка трапіць на французскія тэлеканалы. А вось ігравая дзіцячая казка Алены Туравай «Рыжык у Залюстроўі» (была ў мінскім пракаце) зацікавіла фінаў.

З наведнікамі павільёну гутарка ішла і пра фільм «У тумане» — адзначаны леташняю Канскай узнагародай — і пра новую стужку «Роля» Канстанціна Лапушанскага. Апошні фільм распавядае пра акцёра, які ў часы грамадзянскай вайны заняў месца чырвонага камандзіра — і вырашыў сыграць ягоную ролю. Як і стужка «У тумане», гэта сумесная вытворчасць, гэтым разам расійска-беларуская, скіраваная да фестывальнай публікі. Фільм ужо прыкмецілі для Маскоўскага кінафэсту.

Сучасная беларуская кінавытворчасць яшчэ вельмі сціплая. Яна амаль не заўважная не толькі ў свеце, але і ва ўласнай краіне. Такі важны форум, як Канскі фэст, падштурхоўвае, каб сціпласці было меней.

Каментаваць