Што робяць з Лідскім замкам?

«У двары Лідскага замка паўстане трохпавярховая каменная будыніна», — так ахарактарызаваў пабудову, якую пачалі ўзводзіць на месцы дома кашталяна Лідскага замка археолаг, кандыдат гістарычных навук, старшыня ГА ТБМ імя Ф. Скарыны Алег Трусаў. Пра вартасць гэтага гістарычнага аб’екта для Беларусі, асаблівасці яго рэстаўрацыі і іншае ён распавядае карэспандэнту «НЧ» Язэпу Палубятку.



«У двары Лідскага замка паўстане трохпавярховая каменная будыніна», — так ахарактарызаваў пабудову, якую пачалі ўзводзіць на месцы дома кашталяна Лідскага замка археолаг, кандыдат гістарычных навук, старшыня ГА ТБМ імя Ф. Скарыны Алег Трусаў. Пра вартасць гэтага гістарычнага аб’екта для Беларусі, асаблівасці яго рэстаўрацыі і іншае ён распавядае карэспандэнту «НЧ» Язэпу Палубятку.

— Трэба сказаць, што Лідскі замак — адзін з самых старажытных на тэрыторыі сучаснай Беларусі, заснаваны Гедымінам у 1323 годзе. Ён даволі добра захаваўся да гэтага часу і таму яго можна ўключыць у пяцёрку лепшых беларускіх замкаў, побач з Крэўскім, Нясвіжскім, Мірскім, Старым Гарадзенскім. Ён належыць да замкаў каштэльнага тыпу, што складалі абарончую лінію Ліда—Крэва—Меднікі.

— Рэстаўрацыя замка ўжо цягнецца не адно дзесяцігоддзе. Ці будзе ён адноўлены адпавядаць першапачатковаму варыянту?

— Рэстаўрацыя пачалася ў 1976 годзе і вялася больш актыўна, пакуль не разваліўся Савецкі Саюз. Тады мы зрабілі там поўныя археалагічныя раскопкі. Знайшлі ўнікальны археалагічны матэрыял. Аднавілі адну вежу. Потым грошы скончыліся, і замак доўгі час стаяў у закінутым выглядзе. Але грамадскасць Ліды «біла ў званы», і я да гэтага прыклаў руку. Усе мы агулам звярталіся ў розныя інстанцыі. Урэшце ўладамі былі выдаткаваны грошы, і рэстаўрацыя зноў пачалася. Найбольш актыўна яна праводзілася ў мінулым годзе. Актывізацыі паспрыялі «Дажынкі». Нарэшце скончылі другую вежу і аднавілі ўсе чатыры сцяны. Зараз трэба рабіць добраўпарадкаванне двара, унутранай тэрыторыі. Вось тут і пачаліся цікавыя з’явы.

Справа ў тым, што, як мне паведамілі з Ліды, у самыя маразы, у снежні мінулага года, будаўнікі пачалі выкопваць глыбокі катлаван. Метры тры-чатыры. Кладуцца нейкія падмуркі і пачынаецца будоўля. Прычым, падкрэсліваю, робіцца гэта ў маразы. Зусім нядаўна ў газеце «Звязда» з’явіўся артыкул журналіста Глеба Лабадзенкі, дзе засведчана, што ў двары Лідскага замка будуецца трохпавярховы бетонны дом. Быў надрукаваны праект велізарнага будынка, які фактычна, калі яго збудуюць, знішчыць першапачатковы выгляд гістарычнага помніка, бо ён сягае болей за 11 метраў і паўстане вышэй яго сценаў. Падумаў, што гэта можа быць такое? І галоўнае — дзе? У якім месцы? Аказваецца, там, дзе раскапаны мной падмуркі дома кашталяна, дзе жыў камендант замка. Падмуркі былі цалкам каменныя, а дом маленькі, драўляны. Як ён выглядаў, ніхто не ведае.

Я з гэтай нагоды падрыхтаваў ліст ды адаслаў яго міністру культуры Паўлу Латушку, дзе, як аўтар шматлікіх гістарычных даследаванняў Лідскага замка ў 1977, 1978, 1980 гадах, аўтарытэтна сцвярджаю, што на тэрыторыі Лідскага замка не было асобных каменных пабудоў. Вельмі папрасіў спыніць гэтую будоўлю, якая знішчыць замкавы двор і выкліча пратэсты беларускіх і айчынных навукоўцаў. Няўжо ў нас ёсць лішнія грошы, каб траціць няведама на што? Я катэгарычна супраць гэтага бетоннага хлява. Яшчэ раз паўтараю, ён фактычна нішчыць замак.

— Хто за гэтым праектам можа стаяць?

— Наколькі мне стала вядома, за ўзвядзеннем гэтага аб’екта стаяць будаўнікі гродзенскіх структур. Гэта не мінскія рэстаўратары. Магу засведчыць, што праект рэстаўрацыі быў зроблены ў савецкія часы. І я яго аўтар. Мы планавалі паказаць падмуркі таго дома. У цэнтры планавалася сцэна для розных спектакляў, якая павінна апускацца ўніз, падымацца, а падчас рыцарскіх турніраў двор павінен быць роўны. Цяпер выходзіць, што пэўныя структуры вырашылі тут збудаваць «казарму». Кажу зноў і зноў: ніхто не ведае, як той будынак кашталяна выглядаў.

— Што там можа размясціцца?

— Крамы нейкія. І яшчэ нешта. Адным словам, туды пойдуць дзяржаўныя грошы. Будаўніцтва сучаснае, а расцэнкі каштарысам рэстаўрацыі. Гэта будзе аб’ект па адмыванню грошай. Ці па закапванню ў зямлю гэтых грошай.

Зараз мы паўтараем памылкі французскіх рэстаўратараў болей чым двухсотгадовай даўніны. Пачаліся яны ў гады Напалеона. Было такое, але свет гэта прайшоў і забыў, а мы з адставаннем на стагоддзе ідзём тым жа шляхам.

— Як ставяцца жыхары Ліды да гэтай «рэстаўрацыі»?

— Спачатку выказвалі нязгоду, але потым іх як бы супакоілі ўлады: «Не хвалюйцеся, усё будзе добра». Але старэйшы навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Валеры Сліўкін вельмі актыўна крытыкуе гэты праект. Ён катэгарычна супраць такой рэстаўрацыі. Я таксама лічу, што неабходна спыніць гэтую авантуру. Але ўжо пачалося будаўніцтва першага паверха. Чаму будуюць зімой? Зразумела — расцэнкі вышэйшыя. Аднак такая будоўля зімой стаіць кепска. Ужо быў сумны вопыт, калі зімой аднавілі адну сцяну, а яна потым абвалілася.

Лічу, што трэба правесці шырокае абмеркаванне пытання добраўпарадкавання нашай святыні з удзелам усіх слаёў грамадскасці, а не вузкім колам. Напачатку слуханні неабходна правесці ў Мінску, бо гэта помнік агульнарэспубліканскі, затым у Гродна і абавязкова — у Лідзе.
 

Каментаваць