Што слухаюць беларусы Польшчы

Сродкі масавай інфармацыі і наша выданне паведамлялі, што ў канцы мінулага месяца ў сталічнай галерэі «Ў» адбылася прэзентацыя новай версіі сайта Беларускай інтэрнэт-бібіятэкі (Kamunicat.org), на якой прысутнічалі супрацоўнікі гэтага рэсурсу пад кіраўніцтвам Яраслава Яванюка. Сярод прыемных нечаканасцяў прэзентацыі было і знаёмства мінчукоў з навінкамі беластоцкай кніжнай і музычнай культуры.



Сродкі масавай інфармацыі і наша выданне паведамлялі, што ў канцы мінулага месяца ў сталічнай галерэі «Ў» адбылася прэзентацыя новай версіі сайта Беларускай інтэрнэт-бібіятэкі (Kamunicat.org), на якой прысутнічалі супрацоўнікі гэтага рэсурсу пад кіраўніцтвам Яраслава Яванюка. Сярод прыемных нечаканасцяў прэзентацыі было і знаёмства мінчукоў з навінкамі беластоцкай кніжнай і музычнай культуры.

Сапраўды, новыя беларускія кнігі і дыскі з Беласточчыны сведчыць пра пашырэнне выдавецкай актыўнасці беларусаў Польшчы. А з’яўленне выдатных па якасці запісу і выкананых у форме дыгіпакаў дыскаў выканаўцаў Беласточчыны распавядаюць пра ўвагу і падтрымку ўладаў краіны музычнай творчасці беларусаў Польшчы.

Абудзіць душу беларуса

Няма лепшага сродку для гэта, як паслухаць ці заспяваць песню «нашу не чужую, не з шырокіх вуліц ды эстрад…» (Л. Геніюш). Тым больш, што фальклор Падляшша вельмі багаты і разнастайны. З мэтай папулярызацыі беларускай песні і спеўнай культуры рэгіёну, твораў беларускіх кампазітараў-прафесіяналаў у 1990 годзе ў Бельску-Падляскім быў створаны аматарскі калектыў беларускай песні «Маланка», якім кіруе Сяргей Латышонак.

Менавіта праз беларускую мелодыку ўдзельнікі «Маланкі» імкнуцца паказаць слухачам прыгажосць роднага слова, давесці тое, што беларуская культура мае вялікі патэнцыял і перспектыву развіцця. А яшчэ, што народная спеўная творчасць можа стаць жыццёвай крыніцай натхнення для многіх пакаленняў беларусаў Беласточчыны.

Нягледзячы на модны сёння «рэвалюцыйны» падыход да фальклору, яшчэ шмат беларусаў у дыяспары аддаюць перавагу традыцыйнаму выкананню народнай песні. Такі метад быў запатрабаваны ў мінулым, дастаткова выніковы ён і цяпер. І гэта цікаўнасць да традыцыі падкрэслена зместам дыска «Родная хата» гурта «Маланка». Кожная песня дыска «Родная хата» — своеасаблівая споведзь беларуса, у якой ёсць падказка землякам наконт таго, што праз спеў і гукі роднай мовы можна абудзіць самыя прыціснутыя нацыянальныя пачуцці.

Менавіта такой кампазіцыяй у поп-фальклорнай стылістыцы адкрываецца дыск. Гэта спеў «Сустрэча з домам», якая належыць аўтарству кампазітара Івана Раманчука на верш Ніны Гарагляд. Простыя словы гэтай песні прымушаюць яшчэ раз агледзіцца на акалічнасці жыцця і знайсці згубленае пачуццё каранёў менавіта на той зямлі, якая завецца малой радзімай.

Цікава, што песня «Сустрэча з домам», створаная ў метраполіі, была заўважана і па-свойму пераасэнсавана выканаўцамі з дыяспары. Знаёмымі нам пададуцца і некаторыя іншыя творы дыска: «Заручыны», «А ў садзе рэчанька», «Гэй вы, коні»... Іх адрозніваюць інструментальныя апрацоўкі, да якіх маюць дачыненне акардыяністы Веслаў Далінскі і Андрэй Нікіцюк, басіст Кшыштаф Нявінскі, скрыпачка Багуміла Кісель, кіраўнік гурта, скрыпач Сяргей Лукашук, іншыя спевакі (а іх у «Маланцы» трынаццаць чалавек!) і музыкі. Своеасаблівы спеўны каларыт песням «Маланкі» надае моцны голас вакалісткі калектыву Святланы Кобус. Найбольш яскрава яе талент быў зафіксаваны ў кампазіцыі «Маладзіца», у якой спявачцы ўдалося перадаць шчырыя жаночыя пачуцці з найбольшай адпаведнасцю музычнаму матэрыялу песні.

Моцнымі чалавечымі пачуццямі, якія будуць зразумелыя і беларусам, і палякам, адрозніваецца песня ў выкананні «Маланкі», якая дала назву гэтаму незвычайнаму дыску — «Родная хата» на музыку Л. Захлеўнага, на верш А. Роўды. Думаю, гэты твор, так далікатна і вытанчана выкананы нашымі землякамі, распавядзе пра іх шчырыя пачуцці, звязаныя з Беларуссю.

Барды розных краін, яднайцеся!

Менавіта для таго, каб пазнаёміць землякоў з суайчыннікамі з метраполіі, а заадно і скіраваць іх творчасць у нацыянальнае рэчышча, беларусы Беласточчыны ініцыявалі шэраг музычных фэстаў. Сярод іх нельга не ўспомніць грандыёзныя агульнапольскі фестываль «Беларуская Песня», які ў мінулым годзе адбыўся ажно ў саракавы раз! Маюць сваю даўнюю гісторыю і фэсты, скіраваныя на моладзевую аўдыторыю. Гэта і знакамітае «Басовішча», а таксама фестываль аўтарскай песні «Бардаўская восень», які праводзіць Звяз беларускай моладзі.

У адрозненне ад «Басовішча», якое апошнім часам неабгрунтавана змяніла свой беларускамоўны фармат, «Бардаўская восень» застаецца надзейнай трыбунай аўтараў і выканаўцаў, арыентаваных на роднае слова. І сведчаннем гэтай пазіцыі з’яўляецца дыск па старонках фестывалю — «Бардаўская восень».

На яго трэках сабраны шэраг твораў беларускіх бардаў, выкананых імі падчас мінулагодніх канцэртаў «Бардаўскай восені». Гэтая акалічнасць некалькі зніжае вартасць запісаў для слухачоў з Беларусі. А вось для беластоцкіх аматараў спеваў пад гітару гэты дыск будзе сапраўдным падарункам. Бо тут пад адной вокладкай сабраны шмат папулярных выканаўцаў, у тым ліку і лаўрэатаў фэсту, што робіць выданне вельмі карысным для маладых беларусаў Падляшша. Тут можна пазнаёміцца з бардаўскім амплуа ў творчасці знанага Лявона Вольскага, гурта «Босае Сонца», Змітра Вайцюшкевіча і яго «WZ-Orkiestra». Іх песні запісаны непасрэдна з фестывальных канцэртаў «Бардаўскай восені».


Сваім песенным скарбам дзеляцца з беластоцкімі беларусамі і іншыя беларускія барды — Андрэй Мельнікаў, Віктар Шалкевіч і Кася Камоцкая, а таксама маладая, але перспектыўная спявачка Дар’я Кадамская. Не ўсе песні гэтага блока маюць аднолькавую мастацкую якасць (сэнсава выпадае з праграмы дыска «Аку-аку» Л. Вольскага), але, безумоўна, гэтыя творы стануць для беластоцкіх слухачоў крокам да адкрыцця цэлага напрамку ў сучаснай музычнай культуры Беларусі. Не будзе сорамна мясцовым беларусам і за творчасць сваёй знанай зямлячкі Ілоны Карпюк, якая запачаткавала новы музычны праект — гурт «ILO&Friends». У мяккім, ненавязлівым гучанні тут прадстаўлена вядомая ўжо ў Беларусі кампазіцыя «Сыну», а таксама варыянт апрацоўкі фальклорнай песні «Туман ярам». Але каб больш падрабязна пазнаёміцца з песнямі і гучаннем «ILO&Friends», трэба слухаць іншы дыск — дэбютны альбом «Па дарозе».

Па дарозе ад «5set5» да «ILO&Friends»...


Бадай, адзін з самых цікавых заняткаў для крытыка — сачыць за шэрагам музычных падзей на Беласточчыне, за зменай тэматыкі лірыкі і стылістыкі гучання тамтэйшый выканаўцаў. Тут адбываюцца даволі цікавыя і неардынарныя трансфармацыі, якія сведчаць на карысць вартых перспектываў беларускамоўнага рок-руху па той бок Буга.

Адной з такіх падзей стала з’яўленне на беластоцкай рок-сцэне гурта «ILO&Friends», які можна з вялікай доляй упэўненасці назваць музычным працягам вядомай беларуска-польскай каманды «5set5». Альбом гурта «Х» быў прадстаўлены ў нашым выданні («Новы Час» №18 ад 6.06.2008 г.) Аб’ядноўвае гэтыя фармацыі асоба аднаго лідэра і вакалісткі — Ілоны Карпюк. Але ў адрозненне ад напружанага вакалу, які суправаджаецца «цяжкімі металічнымі» рытмамі «5set5», музыка «ILO&Friends» — светлая, акустычна-камерная, якая запрашае да суперажывання і эмацыйнага ўспрыняцця.

У гэтым сэнсе вельмі паказальнай на дыску можна назваць кампазіцыі «Па дарозе», «Сцяна», у якіх інструментальнае суправаджэнне (асабліва тут запамінаюцца шчымлівыя сола духавых інструментаў) дапамагае асэнсаваць пачуццёвасць песні Ілоны.

Зусім іншыя аранжыроўкі выкарыстаны ў «Танга». Нагадаю, што сярод удзельнікаў «ILO&Friends» заўважаны музыкі гурта «RIMA» Марцін Кахановіч і Андрэй Грэсь. Дзякуючы іх выканаўчай разнастайнасці ў песні дамінуе кабарэтовая хітовасць, любоўныя жарсці і спадзяванні жаночага сэрца...

Але ўдзельнікі «ILO&Friends» ствараюць кампазіцыі не толькі на свае вершы, але і на творы класікаў беларускай паэзіі. Напрыклад, Караткевіча ці Сыса. Адна з такіх кампазіцый — «26.10.2007» на верш Анатоля Сыса «Калі краты распілаваць...» Па сваёй рэалізацыі гэтая кампазіцыя нагадвае меладычную чытанку, чым песню ў поўным разуменні вызначэння. Але паэтыка сысоўскіх радкоў у ёй расквітае шчырай і неардынарнай кампазіцыяй — эмацыянальным пікам альбома «Па дарозе».

Неардынарны падыход гурта «ILO&Friends» да фальклорных апрацовак выявіўся падчас працы над трэкам «U vioscy», якая больш вядомая слухачам пад назвай «Вясна-вясна». Але гэта зусім аўтаномная версія народнай мелодыі (тое ж можна казаць і пра апрацоўку песні «Туман ярам»), якая можа прадставіць беластоцкі гурт, як з’яву беларускага фолк-мадэрну. Значыць, ёсць падстава для арганізатараў фолк-фэстаў у Беларусі запрасіць беластоцкіх музыкаў у госці. Гэта і будзе прыкладам творчай узаемадапамогі дыяспары і нацыянальнай метраполіі.

Каментаваць