Шукай TJ: у Гётэборгу прэзентавалі анталогію сучаснай беларускай літаратуры па-шведску

Гук «ч» перадаецца ў шведскай мове спалучэннем літар tj. Aleksijevitj, Chadanovitj, Pashkevitj, Piatrovitj, Baranavitjy... — усяго тыдзень таму шведскаму чытачу даводзілася часта натыкацца на спалучэнне гэтых літар у канцы асабістых імёнаў. 22–25 верасня ў рамках кніжнага кірмашу ў Гётэборгу была прэзентаваная анталогія беларускай літаратуры з творамі 30 беларускіх аўтараў на мове вікінгаў.



Гук «ч» перадаецца ў шведскай мове спалучэннем літар tj. Aleksijevitj, Chadanovitj, Pashkevitj, Piatrovitj, Baranavitjy... — усяго тыдзень таму шведскаму чытачу даводзілася часта натыкацца на спалучэнне гэтых літар у канцы асабістых імёнаў. 22–25 верасня ў рамках кніжнага кірмашу ў Гётэборгу была прэзентаваная анталогія беларускай літаратуры з творамі 30 беларускіх аўтараў на мове вікінгаў.

Анталогія была выдадзеная выдавецтвам «Midsommar» і стала вынікам амаль 10-гадовай праграмы падарожжаў шведскіх і беларускіх пісьменнікаў па Беларусі: падчас гэтых літаратурных выправаў творы шведскіх літаратараў гучалі ў перакладах на беларускую мову, а беларускіх — на шведскую. Гэтыя апошнія тэксты, абсалютная большасць якіх была пераствораная Дзмітрыем Плаксам, і сталі тэкставай часткай выдання. Назвай кнігі стаў радок з верша Вольгі Іпатавай — Spraket som svalan bor i dess hjarta — «Ластаўка-мова жыве ў яго сэрцы».

Апроч таго, яшчэ два выдавецтвы Швецыі выдалі сёлета кнігі беларускіх пісьменнікаў і прадставілі іх на выставе ў Гётэборгу. Гаворка пра «Малую падарожную кніжку па Горадзе Сонца» Артура Клінава, зборнік «Вольныя вершы» Андрэя Хадановіча (выдавецтва «Эрзац») і аповесць «Плошча» Барыса Пятровіча (выдавецтва «Рамус»).

Усё гэта проста вымагала масавай беларускай прысутнасці на гётэборгскай «бокмэсэ». Тыя з нашай вялікай кампаніі пісьменнікаў, перакладчыкаў, выдаўцоў і журналістаў, хто трапіў у Швецыю ўпершыню, жартам параўноўвалі сваё падарожжа з вандроўкай па старонках савецкай дзіцячай кнігі «Казкі скандынаўскіх пісьменнікаў». Пад гэтым соўсам хацеў бы падаць сваю справаздачу і культаглядальнік «НЧ».

Частка першая, у якой Марыя Сёдэрберг варыць каву і раскладае булачкі

Кніжны кірмаш у Гётэборгу — адна з самых галоўных культурных падзеяў не толькі Швецыі, але і ўсёй Скандынавіі з краінамі Балтыі, што да яе прымкнулі. На ўсіх пад’ездах да вялізнага, падобнага да субмарыны, будынка з надпісам «Svenska messe» на борце — белыя сцягі з лаканічным, але красамоўным надпісам «Bok». Кніга. Непісьменнасць капітулюе, асвета наступае. Мы пранікаем у «Шведэкспа» зранку першага дня выставы.

Стэнд беларускай літаратуры размяшчаецца, як і сама Беларусь: на скрыжаванні дарог з залы ў залу, з паверху на паверх: куды ні рушыш — пройдзеш праз яго. І спынішся, прываблены голасам Змітра Вайцюшкевіча...

Першыя два дні кірмашу, як вядзецца, — для прафесіяналаў сферы: выдаўцоў, пісьменнікаў, крытыкаў і прэсы. Ведаючы гэта, я наіўна вырашаю, што ранішнімі падзеямі стэнду «Беларусь / Vitrysland: літаратурнае падарожжа» ніхто не зацікавіцца. Але дзе там! Людзей, якія зранку прыйшлі паслухаць беларускую паэзію па-шведску, больш, чым на тым жа Мінскім кніжным кірмашы ўвечары пасля працы. Магчыма, гэта адбываецца менавіта таму, што Марыя Сёдэрберг (а дакладней, мы разам з ёю) варым каву і раскладаем булачкі. Не тое, каб халява — але ж адчуванне чагосьці хатняга на скразняках ранішняга «Шведэкспа» збірае на беларускім стэндзе студэнтаў літаратуры, журналістаў і ўсіх тых, хто цікавіцца нашай «далёкай краінай».

Фатограф Марыя Сёдэрберг — ініцыятарка, стваральніца, выканаўца і галоўная працоўная сіла праекту «Літаратурнае падарожжа». Цягам апошняга года яна шчыравала над выпускам анталогіі, якую, дарэчы, можна разглядаць і як мастацкі альбом, дзе яна сабрала рэпартажы з паездак шведскіх літаратараў у Пінск, партрэты пісьменнікаў, а таксама сваё бачанне Беларусі. Вокладка кнігі ўяўляе сабою няясны карычнева-жоўты малюнак «пад мармур»: «Гэта шпалеры, якімі былі абклееныя сцены дома культуры ў Баранавічах, дзе мы выступалі. Я скарыстала гэты ўзор як лейтматыў кнігі, бо, мне здаецца, гэта вельмі тыпова для Беларусі». Аб’ектыў Марыі выхапіў з Беларускай рэчаіснасці ўсю тую абсурдную барочнасць, якая проста кідаецца ў вочы кожнаму, хто зжыўся з простымі лініямі скандынаўскага дызайну: пірожныя з ружачкамі на карункавым абрусе ў правінцыйнай рэстарацыі, абабітыя неаўтэнтычным, затое «багатым» атласам антыкварныя крэслы ў пінскім палацы Бутрымовічаў, рушнічкі і саламяныя брылі фальклорных калектываў, аксамітны пыл дамоў культуры. І побач з гэтым — шчырыя твары пінскіх ды салігорскіх школьнікаў, шведы і беларусы чытаюць вершы.

Марыя Сёдэрберг



Цяпер шведскія пісьменнікі, якія па запрашэнні Марыі наведалі Беларусь у мінулыя гады, выступалі на стэндзе, рэкламуючы анталогію. Мэта праекта — паказаць, што шведы і беларусы — блізкія народы, а Швецыя і Беларусь, лічы, суседнія краіны. «Я люблю выкладаць жыхарам горада Мальмё, у якім жыву, адну займальную статыстыку: ад Мальмё да Стакгольма адлегласць гэткая ж, як ад Мальмё да Гродна», — гаворыць Пэр Бергстром, дырэктар выдавецтва «Рамус».

Катарына Фростэнсан, Агнэта Плэель, Солья Крапу і іншыя шведскія пісьменнікі, вядомыя беларускім наведнікам Дзён культуры Швецыі, зранку да вечара прапагандавалі беларускую анталогію.

Частка другая, у якой на стэндзе выдавецтва «Лівонія» наліваюць шампанскае «Рыга»

Дзень хіліцца да вечара. Скандынаўскае сонца вось-вось упадзе за гарызонт, як мячык за канапу, і стане зусім цёмна. Бавіць цэлы дзень у памяшканні цяжка — як бы усе кандыцыянеры «Шведэкспа» ні гудзелі пра адваротнае. Некалькі разоў за час адкрыцця я выходжу на вуліцу, каб набрацца свежага паветра — у такія моманты я разумею курцоў, якім бракуе нікаціну. Вяртаючыся, я бязмэтна вандрую па стэндах акулаў шведскага кніжнага рынку, памерам з футбольныя манежы, па тэнісных корціках выдаўцоў кулінарных кніг і дапаможнікаў па ёзе, па невялічкіх, два на два (зусім як у нас) століках арт-часопісаў ды малых выдавецтваў. Некаторыя хітра аб’ядноўваюцца рэгіянальнымі ці тэматычнымі кангламератамі, некаторыя зусім не маюць стэндаў, а ходзяць і раздаюць візіткі. Кнігі складаюць горкамі, цукеркі, асадкі і іншую сувенірку рассыпаюць прыгаршчамі.

Яніс Ога пільнуе стэнд, які прадстаўляе шведам латышскую кнігу. Стэнд, уключна з крэсламі і сталамі, зроблены з кардону — праца маладога рыжскага дызайнера. З усяго багацця выбару мне западае ў душу адна кніга — «Гузік» Кнутса Скуеніекса — у ёй сабраныя пераклады адпаведнага верша класіка латышскай літаратуры на тузін моваў свету. Ёсць тут і беларускі пераклад, які належыць Рыгору Барадуліну.

Стэнд «Кнігі з Латвіі», аплачаны латышскім Міністэрствам культуры, якое разумее, наколькі гэта важна — укладацца ў прамоцыю ўласнай культуры за мяжою.

Ад кнігі з гузікам на вокладцы мяне адрывае латышскі пісьменнік і перакладчык на імя Юрас — крыкам: «А на стэндзе выдавецтва «Лівонія» ўжо ўсё пачалося! Вы яшчэ тут???»

Зацягнуты ў вір чарговай прэзентацыі ды размову з аўтарам падарожных кніжак для шведаў па краінах Балтыі, я сам не заўважаю, як дзяўчаты ў строгіх касцюмах падліваюць у мой пластыкавы келіх шампанскае «Рыга». Кірмаш — доўгачаканае свята для тысячаў людзей, далучаных да кніжнага бізнэсу. Хутка пачынаецца імпрэза на суседнім стэндзе, потым яшчэ на адным — і так ужо палова выставачнага залу гудзіць галасамі «прафесіяналаў сферы».

Што праўда, гудзець будуць і на другі дзень, і на трэці. Кніжны кірмаш — як і любы іншы — тыповая Сарочынская ярмарка.

Частка трэцяя, у якой жыхары Гётэборга атрымліваюць заробак


Гётэборг — горад і порт у Заходняй Швецыі. Быў заснаваны ў XVII стагоддзі, а развіваўся ў XVIII i XIX, калі стаў стратэгічна важным гандлёвым пунктам. Цяпер тут жыве каля 700 тысяч чалавек, і гэта другі буйны горад краіны пасля Стакгольма.

Як і ўсе марскія гарады, Гётэборг збудаваны парадным бокам да вады — гэта нязвыкла бачыць сухапутным беларусам, для якіх гарадскія рэкі заўжды былі задворкамі (каб зрабіць Траецкае прадмесце ў Мінску парадным з боку Свіслачы, у 80-я гады тут збурылі цэлы шэраг дамоў, якія стаялі задам да вады). Гётэборг — тыповая культурная сталіца. Калі сапраўдная сталіца — для працы, культурная — для жыцця. У пятніцу бары навадняюцца жыццярадаснымі людзьмі ўсіх узростаў. Што праўда, Лана Вілебранд — беларуска, якая 10 гадоў жыве ў Швецыі, тут жа тлумачыць прычыну весялосці. 25-га кожнага месяца амаль 100% насельніцтва краіны атрымлівае заробак. І калі 25-е прыпадае на выходныя, то заробак выдаюць напярэдадні. І таму пятніцы 23-га — гэта антыпятніцы 13-га для ўсёй нацыі. У суботу шведы наводняць крамы і пашыхтуюцца ў даўгія чэргі, каб трапіць на кірмаш кнігаў. Балазе, ён ужо адчынены для ўсіх наведнікаў. У сярэднім кніжную выставу ў Гётэборгу штогод наведваюць 100 тысяч чалавек.

Гётэборг



Унутры, у самім кірмашы, выразна адчуваецца змена публікі. Сюды ідуць сем’ямі, вядуць сюды сваіх дзяцей і сабакаў, палююць на нобелеўскіх лаўрэатаў («Гэээй, вунь-вунь-вунь, прайшоў Льёса!»), найуважлівей слухаюць тых аўтараў, хто выступае на сцэнах паблізу сектараў з ежай. Пажылыя шведкі спрэс апранутыя ў стракатыя сукенкі, маладыя — у чорныя ды шэрыя швэдры. Дзяўчынка-падлетак ідзе мне насустрач і глыбакадумна надзімае прэзерватыў, прымушаючы згадаць, што Швецыя — радзіма не толькі Нільса і дзікіх гусей, але і гурта «Абба», сэксуальнай рэвалюцыі ды іншай разняволенасці.

І тым ахвотней усе збіраюцца вакол беларускага стэнду. На жаль, у свядомасці шырокага чытача, беларуская літаратура неадрыўная ад палітычнай сітуацыі ў краіне...

Частка чацвёртая, у якой Святлана Алексіевіч верыць у 80%, а Андрэй Хадановіч не здымае ружовых акуляраў


Стэнд «Беларусь: літаратурнае падарожжа» размяшчаўся на «сацыяльным» адрэзку — сярод грамадскіх арганізацый, якія прыцягвалі ўвагу да бедстваў самых розных груп насельніцтва. Не дзіва, што большасць шведаў глядзела на Беларусь скрозь прызму фразы «апошняя дыктатура Еўропы». І не дзіва, што на ўсіх круглых сталах, прысвечаных праблемам Беларусі, гаворка ішла пра палітычную сітуацыю ў краіне скрозь прызму беларускай літаратуры.

Самай цікавай дыскусіяй стаў, здаецца, невялікі круглы стол з удзелам Святланы Алексіевіч, Барыса Пятровіча, Артура Клінава і Андрэя Хадановіча. Вастрыні падзеі надало тое, што яна фактычна ператварылася ў двубой паміж першай і апошнім. Верная сваім заўсёдным настроям і эмоцыяй, Святлана Алексіевіч падкрэсліла, што сённяшняя Беларусь — дыктатура, супастаўная са сталінскім рэжымам, што апазіцыя ні на што не здатная, а 80% насельніцтва сапраўды перавыбрала Лукашэнку ў канцы 2010 года («і не трэба цешыць сябе ілюзіямі!»). Гэтак рэзка яна зрэагавала на выказванне Андрэя Хадановіча, паводле якога («Лукашэнка прайграў апошнія выбары; прынамсі, мала хто з беларусаў дае веры, што ён іх выйграў»). Хадановіч увогуле намаляваў больш аптымістычную, чым Алексіевіч, карціну таго, што адбываецца ў Беларусі сёння. Паводле яго словаў, сацыяльна актыўная частка грамадства рэагуе на ўладу па прынцыпе «калі чагосьці баішся, уяві гэта смешным». І таму маладыя людзі ў інтэрнэце малююць фотажабы, складаюць анекдоты і здымаюць іранічныя відэа, ладзяць спантанныя акцыі супраціву. У адказ рэжым спрабуе забараніць інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, выглядаючы пры гэтым яшчэ больш смешным. Алексіевіч у сваю чаргу назвала такога кшталту супраціў юнацкім рамантызмам, які ні да чаго не вядзе. Яна зазначыла, што ў Беларусі інтэлектуальнай эліце не ўдалося ўтрымацца пры ўладзе, як гэта сталася ў Літве ці Польшчы. Бо ўсе цяперашнія беларусы спрэс — савецкія людзі, пра што пісьменніца ўжо піша ў сваёй новай кнізе, у якой яна ўсебакова даследуе феномен homo soveticus.

Гэты адвечны пінг-понг паміж тым, хто вырашыў з’ехаць з краіны і тым, хто вырашыў у ёй застацца, мог бы працягвацца яшчэ доўга, але, на жаль (ці на шчасце), у пунктуальных шведаў скончыўся час, адведзены на дыскусію.

Але выявілася, што беларускім паэтам, з гэткай заангажаванасцю ў палітыку, пашанцавала са слухачамі значна больш, чым апалітычным шведскім паэтам. Самым фантасмагарычным месцам усяго «Шведэкспа» быў «Пакой паэзіі» (са шведскай можна было перакласці таксама як «прастора для паэзіі»). Невялічкая зала, якая заклікала ў сябе ярка-чырвонымі плакатамі, была значна меншай за любы канферэнц-хол у выставачным цэнтры і змяшчала зранку да вечары выключна тых дзівакоў, якія, не зважаючы, на законы кніжнага рынку, любяць такі нерэнтабельны від літаратуры, як паэзія...

Частка апошняя, у якой Зміцер Вайцюшкевіч гаворыць праўду пра беларускіх мужчынаў

Добрай традыцыяй выставы сталі спевы Змітра Вайцюшкевіча, якія завяршалі кожны дзень працы кірмашу. Паважаючы сталага слухача, Зміцер стараўся не паўтарацца, і ў сваіх міні-канцэртах апераваў самым розным рэпертуарам. У нядзелю, падчас закрыцця стэнду, ён заспяваў «Песню пра беларускіх мужчынаў» на словы Андрэя Хадановіча. Перакладаючы публіцы змест песні на тую англійскую, на якую ўмее, Вайцюшкевіч паведаміў шведам, што беларускі мужчына — чысты аб’ект кахання: «Belarusian man is a clean object of love!». То бок, калі перакласці назад, атрымаецца «памыты аб’ект кахання». «А што ў вас там, у Мінску, — перабоі з вадой?» — тут жа пацікавілася адна жвавая бабулька ў беларускіх пісьменніц. «Ластаўка-анталогія», мяркуючы па творах, якія ў яе ўвайшлі, — надзейная прылада для бурэння стэрэатыпаў, якімі абрастаюць беларусы ў вачах шведаў. Але бурэнне стэрэатыпаў — справа такая ж марудная, як вырошчванне сталактытаў. Хоць са шведскага Мальмё і падаць рукою да беларускай Гародні.
 

Каментаваць