«Синий платочек»: 76 гадоў вядомаму шлягеру з Мінска

Хто не чуў вядомы савецкі шлягер — «Синий платочек», які яшчэ да Вялікай Айчыннай быў запісаны ў выкананні дзвюх папулярных спявачак — Кацярыны Юроўскай і Ізабэлы Юр’евай? А ведаеце, што яго звязвае з Мінскам?



Клаўдзія Шульжэнка і сіняя хустачка



Нараджэнне шлягеру

Хутка да спісу выканаўцаў дадаліся Лідзія Русланава, Вадзім Козін, Міхаіл Гаркаві (муж Русланавай у 1929–1942 і прафесійны канферансье, звязаны з аркестрам слыннага Эдзі Рознера ўжо ў маскоўскі перыяд 1950–1960-х). А між тым музыка песні паўстала раней словаў, 75 гадоў таму. Напісаў яе Ежы Пецерсбурскі (1895–1979), габрэй з Польшчы, піяніст і кампазітар Беларускага рэспубліканскага джаз-аркестра Эдзі Рознера ў Мінску, у нумары гатэля «Беларусь» (пабудаванага і здадзенага 7 лістапада 1938 г. як «Белорусь»), дзе музыка з калегамі жыў увесну 1940 года.

Гасцініца «Беларусь», 1938 г.

 

Падчас гастроляў у Маскве бэнда “Блакітны джаз” Пецерсбурскага і Генрыка Гольда, яго калегі па папярэдняй працы ў 1930-я гады ў Варшаве (абодва пакінулі Беларускі рэспубліканскі джаз-аркестр, калі кіраўніцтва ім перайшло знакамітаму Эдзі Рознэру) новая мелодыя прагучала ўпершыню. І без слоў. Прэм’ера адбылася ў ліпені 1940-га на канцэрце ў тэатры “Эрмітаж”, дзе шлягеравую мелодыю пачуў паэт і драматург Якаў (Куба) Галіцкі (Гольдэнберг). Проста на канцэрце нарадзіліся вядомыя ўсім словы:

«Синенький, скромный платочек

Падал с опущенных плеч.

Ты говорила,

Что не забудешь

Ласковых, радостных встреч…»

 

Ужо праз два дні дапрацаваную пасля сустрэчы паэта з кампазітарам песню выканаў саліст «Блакітнага джазу» Станіслаў Ландау (1912–1992). Праўда, словам вельмі хутка было наканавана змяніцца, а ў яшчэ адной версіі — папросту замяніцца на іншыя. Выбухнула савецка-германская вайна, і ўжо ў першы яе тыдзень, да 29 чэрвеня 1941 г., мелодыя загучала іначай, пашыраючыся па ўсім вялікім СССР і несучы роспачны, трагічны сэнс, адлюстраваны іншым паэтам, кіяўлянінам Барысам Кавынёвым:

«Двадцать второго июня,

Ровно в четыре часа

Киев бомбили,

Нам объявили,

Что началася война…»

 

Першапачатковы тэкст Якава Галіцкага таксама перажыў выкліканыя ваеннай завірухай змены, і ў франтавых выступах Лідзіі Русланавай, а затым і маладой Клаўдзіі Шульжэнкі, з’явіліся новыя радкі. У выкананні Шульжэнкі да песні Галіцкага новыя словы дадаў малады аўтар, літаратурны супрацоўнік газеты 54-й арміі Волхаўскага фронту «В решающий бой!» Міхаіл Максімаў, у час спаткання з Клаўдзіяй Іванаўнай на станцыі Волхаў 9–12 красавіка 1942 года, у самы цяжкі перыяд вайны:

 

«Сколько заветных платочков

Носим в шинелях с собой...

Нежные речи,

Девичьи плечи

Помним в страде боевой.

 

За них, родных,

Желанных, любимых таких.

Строчит пулемётчик

За синий платочек,

Что был на плечах дорогих!»

Незабыўны, драматычны лёс таленавітай мелодыі. Апрача асноўных, знаўцы налічваюць каля сотні (!) варыяцый тэкстаў на музыку «Синего платочка»! Паэт-франтавік Аляксей Суркоў прыгадваў: «Ужо з першых дзён вайны стала зразумелым, што побач з каванымі радкамі «Идёт война народная, священная война» ў салдацкім сэрцы цепляцца ціхія лірычныя словы песенькі «Синенький скромный платочек». Так і было. Больш за тое — у салдацкіх акопах і зямлянках у кароткія хвіліны адпачынку спявалі не толькі ранейшы даваенны варыянт «Сіняй хустачкі». Паўсюдна існавалі самыя розныя пераробкі: лірычныя, жартоўныя, сатырычныя...»

Кружэлка «Синий платочек», кампазіцыя ў ваеннай версіі

 

Не выпадкова на свой юбілейны канцэрт у 1976 годзе сямідзесяцігадовая Шульжэнка выйшла на сцэну з сіняй хусткаю ў руках, сарваўшы шквал апладысментаў: песня-вобраз зрабілася хрэстаматыйнай і назаўсёды пераплялася з вобразам самой спявачкі…

Лёс аўтара музыкі

А што ж Ежы Пецерсбурскі, аўтар музыкі?

  Ежы Пецерсбурскі

Зазначым: гэты таленавіты кампазітар вядомы нам як мінімум яшчэ адным шлягерам, напісаным у «дабеларускі», польскі перыяд яго жыцця, у 1935–1936 гадах. Твор называўся «To ostatnia niedziela». Не здагадаліся? Правільна, бо ў нас на слыху ён у іншай рускамоўнай паэтычнай версіі, якая выйшла з-пад пяра Іосіфа Альвека (Іосіфа Саламонавіча Ізраілевіча) у 1937 годзе пад назваю… «Утомлённое солнце»! І амаль адразу «Утомлённое солнце» запісаў у СССР джазавы аркестр Аляксандра Цфасмана ў выкананні сталага саліста аркестра Паўла Міхайлава. З першапачатковым найменнем «Расставание», пасля замененым першымі радкамі песні:

«Утомлённое солнце

Нежно с морем прощалось.

В этот час ты призналась,

Что нет любви».

Можна сказаць сучаснымі словамі, так паўстаў пірацкі савецкі «рымэйк» буржуазнай замежнай песенькі. Толькі рытм мелодыі Цфасман паскорыў, надаўшы яму больш жарсці. І прыжыўся: як і ў «Сіняй хустачкі», існавалі розныя версіі тэкстаў, адна, у выкананні Клаўдзіі Шульжэнкі, называлася «Песня о юге», на новыя словы аўтарства Асты Галы. Як і тэкст Альвека — другі варыянт не з’яўляўся перакладам польскага паэтычнага арыгіналу Зянона Фрыдвальда. Мелодыя, у розных варыяцыях, то з тэкстам, то без яго, гучыць у некалькіх фільмах. Самыя вядомыя — «Спіс Шындлера» Стывена Спілберга 1993 г. і «Стомленыя сонцам» Мікіты Міхалкова 1994 г. У апошнім выпадку рэжысёр пазычыў ад песні самую назву кінематаграфічнага твору. Абодва фільмы — лаўрэаты прэміі "Оскар".

«Спаборніцтва» з Эдзі Рознерам

У 1939 годзе Ежы Пецерсбурскі быў першым кандыдатам на кіраванне Дзяржаўным джаз-аркестрам БССР, пра «стварэнне» якога «Советская Белоруссия» паведаміла 30 снежня 1939 года.

Стварэння як такога не здарылася: пасля пачатку Другой сусветнай вайны на тэрыторыю далучаных да СССР Заходніх Беларусі і Украіны хлынула, ратуючыся ад нямецкай нацысцкай навалы, хваля прафесійных еўрапейскіх артыстаў, мастакоў, музыкаў. А ўжо ад 1936 годзе дзейнічала пастанова Камітэту па справах мастацтваў Саўнаркома СССР пра стварэнне дзяржаўных музычных калектываў, у тым ліку джазавых, у саюзных рэспубліках. Беларусь спазнялася, і было грэх не скарыстацца з шансу. Тады ў прыдбаным СССР Беластоку апынуліся Ежы Пецерсбурскі і Генрык Гольд — яны і склалі аснову новага дзяржаўнага джаз-бэнду. Тым болей, што апрача «Стомленых сонцам», Пецерсбурскі на той момант паспеў праславіцца яшчэ адным еўрапейскім хітом — танга «О, дона Клара» (пра гісторыю стварэння музыкі апавядае невялікі 8-хвілінны фільм на www.youtube.com).

 

Аркестр Генрыка Гольда і Ежы Пецерсбурскага

 

А дасведчаныя меламаны ведалі слынны ў 1930-я гады начны варшаўскі клуб «Гольд і Пецерсбурскі», якім да вайны на паях валодалі артысты. Больш за тое, па маці Ежы паходзіў з вядомай у музычным свеце Польшчы сям’і, скончыў Варшаўскую кансерваторыю, стажыраваўся ў Вене ў Акадэміі Музыкі. Там прыцягнуў увагу Імрэ Кальмана, акампаніраваў Аляксандру Вярцінскаму. Пазней вызначыўся стварэннем мелодый для польскіх перадваенных фільмаў і для песні «Amour disait follie» самой Эдзіт Піяф.

Аднак… У тым жа Беластоку на мяжы 1939–1940 гадоў збіраў свой аркестр яшчэ больш аўтарытэтны варшаўскі кампазітар і джазавы піяніст Ежы Бяльзацкі. Прадстаўнікі Камітэта па справах мастацтваў з Мінску, праслухаўшы калектыў, адчулі, што ён мае лепшы творчы патэнцыял. І змянілі першапачатковае рашэнне на карысць Бяльзацкага. Што не перашкодзіла Пецерсбурскаму далучыцца да новага кіраўніка. Той, у сваю чаргу, разумеючы маштабнасць новых задач, — планавалася нешта больш значнае, чым выступы на клубных пляцоўках, — вырашыў шукаць для аркестра суперзорку.

Яго выбар спыніўся на Адольфе (Эдзі) Рознеры — габрэйскім трубачы польскага паходжання, народжаным і адукаваным у Германіі. У свой час, пасля еўрапейскіх гастроляў у 1935 г., 25-гадовая славутасць не вярнулася ў нацысцкую Нямеччыну, а асела менавіта ў Варшаве, дзе Рознер пачаў граць якраз у трупе Бяльзацкага. Напачатку 1940 года апошні знайшоў Рознера ва Львове.

І ў красавіку 1940 г., калі зводны аркестр нарэшце перабраўся з Беластоку ў Мінск, каб пачаць працу ў сталіцы, яго ачольваў Эдзі Рознер. Бяльзацкі застаўся дырыжорам і музычным кіраўніком. А Пецерсбурскі разам з Генрыкам Гольдам аркестр пакінулі. Ратацыю, паслухаўшы музыкаў, падтрымаў камуністычны кіраўнік Беларусі Панцеляймон Панамарэнка. Менавіта дзякуючы яму аркестр Рознера займеў лепшыя ў СССР інструменты і гукаўзмацняльную апаратуру (здабытую ў акупаванай нядаўна Вільні), і ідэальнае забеспячэнне — хапіла на струнную групу, кардэбалет, і нават два ўласныя гастрольныя вагоны.

Як прыгадвала дачка Рознера Эрыка Кавалік, «ён быў камуністам, дужа багата піў, але любіў джаз». Рознеру настолькі добра плацілі, што за ім замацавалася мянушка — «залатая труба», што адначасова падкрэслівала ўзровень ягонага выканальніцкага майстэрства.

Але гэта ўжо іншая гісторыя — ахвочыя могуць прачытаць пра выдатны і трагічны лёс Рознера змястоўнае эсэ Якава Басіна «Музыка і цемра» , альбо паглядзець перакладзены па-руску французскі фільм «Эдзі Рознер — джазмен з ГУЛАГу».

Галоўнаму нашаму герою, Ежы Пецерсбурскаму, пашчасціла — у адрозненне ад Рознера, які паводле прынцыпу «сегодня он играет джаз, а завтра Родину продаст», адправіўся разам з першымі ахвярамі пасляваеннай барацьбы з касмапалітызмам у 1947 годзе ў сталінскія лагеры. Ежы эміграваў з СССР праз армію Андэрса, у 1942–1943 гадах апынуўся ў Каіры на польскім радыё, а па вайне праз Палестыну выехаў у Бразілію. З 1949 па 1967 жыў у Буэнас-Айрэсе, працуючы капельмайстрам у аргенцінскім Teatro El Nacional. І, вярнуўшыся ў Варшаву, паспеў у 74 гады нарадзіць сына — таксама музыку, кампазітара і даследчыка творчасці бацькі.

Надмагілле Ежы Пецерсбурскага (1895–1979) на могілках Павонзкі ў Варшаве

 

 

«Доулі Фэмілі» і Стэнлі Лаўдэн

Тут можна было б паставіць кропку, каб не займальны эпізод, звязаны з «Сіняй хустачкай», расказаны ў адной з «мінскіх гісторыяк», прысвечанай іх аўтарам, Міхаілам Валодзіным, выдатнаму шлягеру. Ледзьве не першы заходні гурт, што прарваў жалезную заслону і выступіў з канцэртамі ў Ленінградзе і Маскве ў кастрычніку 1975 г., быў малавядомы ў свеце брытанскі «Доўлі Фэмілі». Сапраўды сямейны калектыў (асноўная частка — 3 браты і 2 сястры Доулі). На «Мелодыі» яны выпусцілі вялікі дыск, памятны меламанам познесавецкага часу. Апрача сваякоў у склад ансамблю ўваходзілі яшчэ два чалавекі і імпрэсарыё.

Дыск «Доулі Фэмілі»

Менавіта ён, немалады ўжо чалавек, Стэнлі Лаўдэн, і ў Ленінградзе, і ў Маскве, пасля асноўнай часткі праграмы выходзіў і абвяшчаў, што спяе напісаную 35 год таму песню, якую публіка мусіць абавязкова ведаць. І спяваў… «Сінюю хустачку».

 Ежы Пецерсбурскі і Станіслаў Ландау

 

А памятаеце імя яе першага выканаўцы, саліста аркестра Рознера? Правільна, Станіслаў Ландау! Ён жа Стэнлі Лаўдэн!.. Пасля службы ў войску Андэрса, перамогі пад Монтэ-Касіна, эміграцыі ў Вялікабрытанію, далучэння да музычнага бізнесу, «брытанізацыі» прозвішча, працы на Бі-Бі-Сі, няўдалай спробы супрацоўнічаць з «Бітлз» з намерам прывезці іх у СССР у 1964 годзе… Тады, у 1970-я, ён сышоўся з Галінай Брэжневай, у 1980-я выпусціў нашумелую кнігу «Чырвоныя брыльянты для Галіны», праславіўшыся як асоба, схільная да фантазій. Але пра «Сінюю хустачку» сказаў на гастролях у СССР «Доулі Фэмілі» чыстую праўду.

Абмеркаванне:

  • Марат Гаравы
  • 2015-04-08 17:04:54
Удзячны спадару Аляксею за цудоўны артыкул.
  • Аляксей
  • 2015-04-08 17:17:08
О, Марат, каб народ яшчэ ведаў, што я напісаў яго з нагоды Песаху! Пакуль я прызнаўся ў тым толькі Міхаілу Валодзіну, які мяне добразычліва пракансультаваў. За што яму асоны паклон.
  • Аляксей
  • 2015-04-12 15:33:20
Віншую чытачоў: пайшлі перадрукі, як адкрытыя ("Народная воля"), так і прыхаваныя: http://muzgazeta.com/folk/201549212/vsesoyuznomu-shlyageru-sinij-platochek-75-let.html, затое на
"саюзную" прастору, па-расейску. І прашу прабачэнне ў чытачоў за традыцыйны выоаз "Вялікая Айчынная вайна", якой, як лічу разам з Суворавым, ніколі не было, была
Другая сусветная, развязаная СССР і Германіяй у 1939 г.: http://lifeinvest.com.ua/index.php/istoriya/4366-viktor-suvorov-nikakoj-velikoj-otechestvennoj-vojny-ne-bylo

Каментаваць