Сяброўскія вячоркі з Алесем Камоцкім

10 чэрвеня адбыўся канцэрт па старонках альбома «ЧАС-канцэрт з сябрам» Алеся Камоцкага. Гэта імпрэза, ці па выразу самога Алеся сяброўскія вячоркі, з’явілася рэпетыцыяй перад прэзентацыяй дыска, якая адбудзецца 17 чэрвеня.



На сцэне Алесь Камоцкі. Фота Анатоля Мяльгуя


А паколькі гэты канцэрт меў рысы рэпетыцыі, то і ход яго нагадваў музычную імправізацыю. На сцэну выходзілі не толькі ўдзельнікі запісу дыска «ЧАС-канцэрт з сябрамі», але проста сябры Алеся Камоцкага. І першым на музейную пляцоўку быў запрошаны малады бард Алесь Емельянаў. У яго выкананні прагучалі песні «Акварыум» (на верш В. Жыбуля) і а таксама кампазіцыя «Вясна прыйшла», якая настроіла слухачоў на пазітыўны лад, хоць за вокнамі музея бушавала летняя залева.

Спявае бард Алесь Емельянаў

 

Па словах Алеся Камоцкага, ён спланаваў свае сяброўскаія вячоркі па прынцыпу чаргавання выканаўцаў: хлопчык — дзяўчынка, каб не было папрокаў у гендэрнай несправядлівасці. Таму наступнай на сцэну была запрошана дзяўчына з гітарай — Алеся Сівохіна, яка брала ўдзел у запісу дыска «ЧАС-канцэрт з сябрамі». У выкананні Алесі прагучалі два рамансы ў перакладах Камоцкага, якія былі прадстаўлены слухачам на вельмі высокай эмацыянальнай ноце. Што адбілася і на ўспрыманні творчасці Сівохінай, якую слухачы віталі гарачымі апладысментамі і воклічамі «брава!».

Перад слухачамі Алеся Сівохіна

 

Паэтка Людміла Хейдарава, разам з віншаваннямі А. Камоцкаму з нагоды толькі што адсвяткаванага дня нараджэння, прапанавала слухачам свае пародыі на вершаваныя радкі Алеся. Гэтыя пародыі дазволілі ўсім прыхільнікам зірнуць на паэзію Алеся Камоцкага з гумарыстычнага боку і выклікалі шмат дасціпных рэплік, як з боку аўтара, так і слухачоў…

Паэтка Людміла Хейдарава і Алесь Камоцкі

 

Бард Аляксей Нежэвец, які падхапіў эстафету музычнай вечарыны, выканаў песню са свайго новага альбома «Высоцкі па-беларуску». Гэта была песня «Караблі», а таксама музычную кампазіцыю на верш Н. Гальпяровіча «Вечнасць і аблокі», чым выклікаў зацікаўленасць сваімі новым, пакуль плануемымі, рэлізамі.

Аляксей Нежкавец спявае Высоцкага

 

Вялікую ўвагу сярод слухачоў, як заўжды, выклікаў сэт аўтаркі і выканаўцы з Маладзічна Таццяны Беланогай. Яна выканала дзве кампазіцыі на вершы Я. Янішчыц і М. Багдановіча. Гэтыя песні Таццяны захапілі ўсіх суладдзем класічных паэтычных радкоў і мелодый, на якія яны пакладзены, шчырым, па-жаноцку яскравым выкананнем.

Зорка беларускай аўтарскай песні Таццяна Беланогая

Бард Максім Знак, які толькі што выдаў на CD свой дэбютны альбом «Ветразь», прысвяціў Алесю Камоцкаму прэм’еру сваёй песні «Жыццё непростае», а ўдзельніца запісу дыска «ЧАС — канцэрт з сябрамі», салістка фолк-гурта DZIVASIL Іна Перасецкая выканала кампазіцыю з гэтага праекта, а таксама разгорнутую фартэп’янную п’есу для «неіснага мульфільма» «Зачараваны горад».

За фартэп'яна Іна Перасецкая

Сяброўскую частку канцэрта завяршыла вядомая выканаўца аўтарскай песні, лідэр гурта «Верасень» Вольга Акуліч, якая запрасіла на сцэну сваіх памочнікаў — электрагітарыста Арцёма Лабіна і выканаўцу на губным гармоніку Віталя Валошына. У такім складзе свайго гурта Вольга і выканала кампазіцыі з альбома «Трохкутнік» — «Муза» і «Пра мора».

Алесь Камоцкі выконвае новыя песні

 

Як і абяцаў арганізатар гэтых музычных вячорак Алесь Камоцкі, сваё выступленне ён пабудаваў як рэпетыцыю да больш буйной імпрэзы ў РТБД, якая адбудзецца праз колькі дзён. На яе Алесь настройваў не толькі сваіх паплечнікаў, але і слухачоў. Каб падтрымаць іх цікаўнасць ў яго выкананні гучалі песні з альбома «ЧАС — канцэрт з сябрам», свежыя кампазіцыі, якія, па словах Камоцкага, мусяць вызначыць новы этап яго творчасці, як аўтара . Напрыклад, гераічная «Ірландская балада» асэнсаваная аўтарам у беларускім кантэксце. Ну а завяршыў Алесь свае сяброўскія «вячоркі» песняй з CD «З бацькоўскай кружэлкі» «Лятуць пералётныя птушкі», якім слухачы ўжо падпявалі ў рэжыме караоке.

Як усе вячоркі, гэтая музычная сустрэча з Алесем Камоцкім завяршыліся аўтограф-сесіяй стваральнікаў альбома «ЧАС-канцэрт з сябрамі», віншаваннямі ў адрас выканаўцаў і надзеяй на новыя музычныя сустрэчы, ўжо 17 чэрвеня ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.

Фота Анатоля Мяльгуя

Каментаваць