Сямён Букчын: пераможаны, які не здаўся

У Мінскім габрэйскім абшчынным доме адбылася сустрэча, прымеркаваная да 75-годдзя выбітнага беларускага літаратуразнаўцы, публіцыста і пісьменніка Сямёна Букчына (18 жніўня 1941, вёска Валаконаўка Курскай вобласці Расіі). На вечарыне была прэзентаваная новая кніга літаратара «Запіскі пераможанага».

Сямён Букчын

Гэтае 382-старонкавае ілюстраванае выданне кішэннага фармату, упрыгожаннае выявай твору вядомага беларускага мастака Ягора Батальёнка «Дэжавю», пабачыла свет у сталічным выдавецтве Змітра Коласа.


Кніга мае аўтабіяграфічны характар, прычым мемуарныя старонкі дапаўняе аўтарская публіцыстыка пра свой жыццёвы шлях і наш сённяшні дзень. У выданне, у тым ліку, увайшлі дакументальная аповесць «Краснаярск-26», што ўпершыню пабачыла свет на пачатку 2000-х у дадатку «Для служебного пользования» да «Белорусской деловой газеты», а таксама «Запіскі пераможанага», прысвечаныя памяці сябры аўтара Юрася Гаўрылава. Гэтыя запіскі нядаўна друкаваліся на старонках «Народнай волі».

Як адзначыў Сямён Букчын, ён лічыць сябе пераможаным, які не здаўся злу, бо юнацкія ідэалы справядлівасці кніжнага хлопчыка жывуць ў ім і па сёння. 


Аўтар чытаў вершы сваіх любімых паэтаў срэбранага веку рускай літаратуры, распавёў пра свае знаёмства і сустрэчы з выбітнымі постацямі рускай і беларускай літаратур Ганнай Ахматавай, Карнеем Чукоўскім, Максімам Танкам, Міхасём Стральцовым, Янкай Брылём, Васілём Быкавым і Алесям Адамовічам, «пра якога мая душа сумуе і плача». «Усё гэта шмат чаго дало мне і падтрымала мае ідэалістычныя настроі», — заўважыў літаратар. 


Вядомы беларускі пісьменнік і бард Міхась Валодзін лічыць, што пакаленні ягонае і Сямёна Букчына вельмі розныя. «Народжаныя ў перадваенныя і ваенныя гады — гэта пакаленне пераможцаў, з якіх выйшлі, у тым ліку, і  «шасцідзесятнікі». А мае аднагодкі, якія нарадзіліся ў 1950-я гады, — гэта іншае пакаленне, якое здалося. Дарэчы, гэта цудоўны і цікавы стан, калі чалавек перастае змагацца і становіцца самім сабою», — сказаў літаратар. На ягонае меркаванне, трэба вучыцца цаніць тыя інтэлектуальныя і эмацыйныя масты з значнымі людзьмі, якіх ужо няма сярод нас. «Менавіта такую, на жаль, рэдкую цікаўнасць сучаснікаў як раз і задавольвае кніга Сямёна Букчына», — падкрэсліў Міхась Валодзін

У сваім віншавальным лісце юбіляру вядомы беларускі публіцыст Міхась Нардштэйн, які зараз жыве ў Нямеччыне, нагадаў, што нездарма Васіль Быкаў называў Сямёна Букчына «знакамітым адвакатам свабоды і справядлівасці ў Беларусі». На думку Міхася Нардштэйна, як бы сябе ягоны сябра не называў, ён назаўжды застаецца пераможцам для ўсіх думаючых беларусаў. 

Творцу прыйшлі павіншаваць сябры і калегі, якія атрымалі ў падарунак кніжку юбіляра з ягоным аўтографам.


Ала Левіна

Міхась Валодзін

Сямёна Букчына таксама павіталі вядомыя беларускія творцы — паэтка Ала Левіна, бард і актор Віктар Шалкевіч.

Каментаваць