Сяргей Гваздзёў прэзентаваў заходнія “Крэскі”

У бібліятэцы мінскай грэка-каталіцкай парафіі імя св. Язэпа 30 сакавіка прайшла прэзентацыя кнігі “Крэскі да партрэтаў мастакоў з Заходняй Беларусі” мастацтвазнаўцы Сяргея Гваздзёва.



Фота Анатоля Мяльгуя


“Крэскі” — кніга аб жыцці і творчасці, няпростых лёсах тых мастакоў, якіх не праходзяць у школе, але якія стваралі беларускі жывапіс і былі прызнаныя далёка за межамі радзімы.

Кніга складаецца са шматлікіх нарысаў, якія на працягу пяці гадоў друкаваліся на папяровых і электронных старонках “Новага Часу”. 

Ідэя закрануць невядомы пласт гісторыі заходнебеларускага мастацтва прыйшла да аўтара ў сярэдзіне 1990-х, калі ён атрымаў прапанову напісаць канцэпцыю да нясвіжскага музея  Міхася Сеўрука (заходнебеларускага мастака). Будучы тады яшчэ “савецкім маладзёнам”, мастацтвазнаўца быў здзіўлены якую колькасць фактаў наўпрост замоўчвалі. Ва ўсходняй Беларусі на пачатку 20 стагоддзя было шмат вядомых мастакоў з Віцебскіх і Мінскіх школ… А з Заходняй Беларусі ведаем бадай толькі Язэпа Драздовіча і Пятра Сергіевіча. І няўжо гэта ўсё?  Сяргея задумаўся: “Штосьці тут не так”. З такіх сумненняў і пачалася шматгадовая праца над лёсам мастакоў з Заходняй Беларусі і іх творчай спадчыны.

Галоўны рэдактар “Новага Часу” Аляксей Кароль прысутнічаў на імпрэзе не толькі як адзін з ініцыятараў і выдаўцоў кнігі, але і як сябар Сяргея: “Па сутнасці, Сяргей з’яўляецца першаадкрывальнікам гэтай тэмы. Справа Сяргея — гэта справа па аднаўленні сапраўднай гісторыі Беларусі. У цэнтры аповедаў — людзі, якія неслі ў сабе беларускасць нават тады, калі здавалася, што яна ўжо сышла. Таму тое сузор’е, якое аднавіў Сяргей Гваздзёў,  ёсць сапраўдная Беларусь. Праца Сяргея вельмі ўражвае, бо гэта подзвіг не толькі духоўны, але і фізічны”.

Напісаць кнігу, прыйсці на яе прэзентацыю — сапраўды подзвіг для Сяргея. Некалькі год таму здарылася няшчасце — мастацтвазнаўцу аднялі нагу. Да таго ж, у Сяргея не працуюць ныркі — ён праходзіць лячэнне дыялізам. Першая прэзентацыя кнігі, якая адбылася ў 2013 годзе ў галерэі “Ў”, увогуле праходзіла без аўтара —  ён трапіў у шпіталь з інфарктам.

“Крэскі” — гэта перш за ўсё вяртанне да невядомага і забытага мастацтва Беларусі. Напрыклад, у кнізе расказваецца пра мастака Мсціслава Дабужынскага, які ствараў вокладкі для  часопіса “Крывіч” і “Гісторыі беларускай кнігі”  Вацлава Ластоўскага. Цікавым з’ўляецца і нарыс пра мастака Пятра Жынгеля. Сяргей Гваздзёў распавёў гісторыю, як адна польская мастацтвазнаўца заявіла, што ў Беларусі толькі адзін чалавек ведае пра тое, хто такі Пётр Жынгель. “І гэты адзіны — я”, — з гумарам завершыў свой аповед Сяргей.

Крэскі” для нас — гэта  адкрыццё тых асоб, якія раней  былі невядомыя. Я — мастацтвазнаўца, а трэцюю частку імёнаў з гэтай кнігі адкрыў толькі пасля яе прачытання. А яны, аказваецца, распаўсюджвалі беларускасць не толькі тут, але і далёка за акіянам”, — сказаў сябар Сяргея, мастацтвазнаўца Мікалай Паграноўскі.

На выставе «Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі», якая зараз праходзіць у Мінску, выстаўлены і блок карцін мастакоў з Заходняй Беларусі. Канешне, планавалася абнародваць і карціны Міхася Сеўрука. Але калі паўстала пытанне, дзе ж нарадзіўся Сеўрук, то карціны адразу былі знятыя з выставы. Хоць і прапрацаваў Міхась сорак гадоў у Нясвіжы, але нарадзіўся ў Варшаве, значыць, не беларус. “А Сеўрук быў мастаком-зоркай №1”, — нагадаў Сяргей Гваздзёў.

Айцец Аляксандр

Напрыканцы імпрэзы Айцец Аляксандр падарыў Сяргею беларускамоўны малітвеннік са словамі: “Хай Бог Вам дапамагае з наступнай кнігай”. А працяг будзе. Так адказаў сам аўтар на пытанні прысутных. Тым больш, што ў “Новым Часе” з’яўляюцца усё новыя  нарысы Сяргея пра лёсы мастакоў з Заходняй Беларусі.

Фота Анатоля Мяльгуя

Каментаваць