Сярогу тут не чакалі...

Яшчэ ў 2004 годзе, калі беларускамоўны рэп толькі пачынаў рабіць першыя крокі на нашых канцэртных пляцоўках, у прадмове да першай айчыннай рэп-складанкі «Пасадзіў DEAD RAPку/ Rap Not Dead» аўтар гэтых радкоў выказаў спадзяванне, што дыск «стане прадвеснікам узнікнення ўплывовага руху, які аб’яднае і прыхільнікаў аўтэнтычнага рэпу, і наватараў стылю, і тых свядомых рэпераў, для якіх гукі роднай мовы нешта значаць».



Яшчэ ў 2004 годзе, калі беларускамоўны рэп толькі пачынаў рабіць першыя крокі на нашых канцэртных пляцоўках, у прадмове да першай айчыннай рэп-складанкі «Пасадзіў DEAD RAPку/ Rap Not Dead» аўтар гэтых радкоў выказаў спадзяванне, што дыск «стане прадвеснікам узнікнення ўплывовага руху, які аб’яднае і прыхільнікаў аўтэнтычнага рэпу, і наватараў стылю, і тых свядомых рэпераў, для якіх гукі роднай мовы нешта значаць».

З тых часоў адбыліся фестывалі сапраўднага беларускага рэпу, з’явіліся першыя беларускамоўныя зоркі вулічнага стылю чытання, а музычныя крытыкі з упэўненасцю загаварылі пра феномен «беларускага рэпу», абмяркоўваючы яго плюсы і мінусы.

І хоць многія аўтарытэтныя чытальнікі беларускамоўнага рэпу па розных прычынах цяпер адышлі ад актыўнай канцэртнай дзейнасці (Павел Зыгмантовіч — «Пан Жыжма» працуе ў Маскве, Сяржук Давідзенка — «Шляхта» — засяродзіўся на сям’і, Кроў (ЧпБ) звязаў свае творчыя планы з тэлебачаннем...), на айчыннай сцэне не перастаюць з’яўляцца вартыя выканаўцы, якія рэгулярна праводзяць канцэрты, выдаюць альбомы, здымаюць кліпы. А гэта значыць, традыцыя працягвае жыць, узбагачаць сучасную нацыянальную культуру.

З часу прэзентацыі дыска «Пасадзіў DEAD RAPку/ Rap Not Dead» мінула ўжо некалькі гадоў, і надышоў час зрабіць агляд творчых сіл, якія ставяць на мэце сінтэз роднага слова і электронных бітаў рэпу. Гэту ідэю ўзяўся рэалізаваць малады і амбіцыйны выканаўца Vinsent, які запрасіў у клуб «Рэактар» многіх выканаўцаў, што арыентуюцца ў сваёй творчасці на мову Купалы і Коласа. Гэтыя памкненні былі падтрыманыя і слухачамі, якія ў той дзень запоўнілі залу клуба ў чаканні вядомых хітоў і прэм’ер.



Першым на фестывальную сцэну былі запрошаны рэп-дуэт «PANaNieba» з Вілейкі. У суправаджэнні DJ Maltak’а яго ўдзельнікі Sviedak і SP Kava прадставілі свой гурт у традыцыйным олдскульным intro, а таксама зачыталі некалькі трэкаў з будучага альбома «PANaNieba» «На Балоце». Адчуваецца, што выканаўцам партэбны канцэртны досвед, каб больш дасканала агучваць тэкст, ствараць адпаведнае стылю шоу.

Тым не менш, невялікі сцэнічны вопыт рэперы кампенсуюць шчырасцю пачуццяў і яскравасцю актуальных тэкстаў. Да таго ж на сцэне ім дапамагалі такія ветэраны айчыннай рэп-сцэны, як Zeman і Condor. Дарэчы, Zeman выходзіў на сцэну і са сваімі спробамі ў freestyle, якія тэматычна былі прысвечаны Беларусі і яе сённяшняму дню. Слухачы з вялікай прыхільнасцю сустрэлі гэтыя эксперыменты, бо беларускамоўны freestyle пакуль застаецца самым складаным раздзелам айчыннай рэп-культуры.



Рэп-групаўка з Лунінца «Lunclan» — прыхільнікі традыцыі і стылю. Мо таму ў іх кампазіцыях шмат таго, што так падабаецца слухачам: гумарыстычныя, а часам і злосныя тэксты, вялікая доля імправізацыі, спецыфічная для хіп-хопу лексіка. Але ў «Lunclan» усе гэтыя атрыбуты стылю маюць выразны беларускі каларыт. Мо таму слухачы так цёпла сустрэлі кампазіцыі лунінецкіх выканаўцаў «Менск», «У Машы», «My school», якія тыя чыталі разам са слухачамі.

Рысы небанальнасці гэтаму рэп-фэсту надалі арыгінальныя конкурсы ад грамадска-культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!». Акрамя традыцыйных спаборніцтваў на веданне творчасці ўдзельнікаў фэсту, арганізатары прапанавалі тым, хто ў гэты дзень прыйшоў у «Рэактар», паспрабаваць сябе ў якасці рэп-выканаўцаў. Для гэтых конкурсаў былі выбраныя знаныя вершы Уладзіміра Караткевіча «Мова» і «Заяц варыць піва», якія трэба было прачытаць з выкарыстаннем рэп-канонаў. Пераможцам паводле інтэнсіўнасці апладысментаў быў вызнананы малады паэт Васіль Мялешка, які лепш за ўсіх выкарыстаў рытміку радкоў Караткевіча для іх дэкламацыі са сцэны.


«Жывое» выступленне Vinsent’а ўпершыню мне ўдалося пачуць на 10-годдзі гурта «B:N:», калі тыя запрасілі рэпера выступіць разам на адной сцэне. Думаю, многіх тады ўразіла яго экспрэсіўная манера чытання, блізкая да рок-вакала. Нешта ў гэткай манеры чакаў ад выступлення Vinsent’а ў клубе «Рэактар»...

Але гэтым разам выканаўца паўстаў у зусім іншай іпастасі: лірыкам, які пранікнёна чытаў рэп «Лютаўскі дождж» і знакаміты «Восеньскі вальс» з дэбютнага альбома «Пачатак», філосафам — у чытанках «Сапраўдныя людзі», «Наша слова ў небяспецы», «Я працягваю жыць», «Ты на небе». А яшчэ — чалавекам, якога хвалюе будучае роднага краю, які ён бачыць свабодным і незалежным. Такія творы, як «Бог, Радзіма, Воля», «Слава героям» знаходзілі гарачы водгук у моладзевым асяроддзі, бо маюць універсальныя якасці, характэрныя для твораў сапраўднага мастацтва. Хоць бы сабе і вулічнага...

Слухачам відавочна падабаецца, што Vinsent, нягледзячы на сваю маладосць, пазіцыянуе сябе стваральнікам і захавальнікам традыцый беларускамоўнага рэпа, бярэ на сябе лідэрскія функцыі. Аўтарытэту і вядомасці выканаўцу надаюць і першы альбом «Пачатак», і шыкоўны відэакліп «Восеньскі вальс», які атрымаў прэстыжныя прэміі «Street Awards» і «Кліп-марафон». А таксама тое, што рэпер пастаянна ўдасканальвае тэхніку чытання, надае вялікую ўвагу вобразнасці і лексічнай узорнасці беларускамоўных тэкстаў, стварае шоу, якое гарманізіруе з вобразамі і сімваламі, што ўзнікаюць у час выканання той ці іншай кампазіцыі.

Яшчэ адзін ветэран айчыннай рэп-сцэны — Вожык (ТО Лапата), цяпер жыве ў Сянно і па праву можа называцца рэгіянальным выканаўцам. Нягледзячы на свой правінцыйны статус, Вожык запісаў некалькі кампазіцый, якія прынеслі яму папулярнасць. Вось і на фэсце ім быў выкананы новы трэк «Амерыка скрозь» з будучага альбому «У віры падзей», якія быў створаны ў супрацоўніцтве з вядомым прадстаўніком амерыканскай хіп-хоп-культуры Popa Chief, які прадстаўляе гурт «Zu-Ninjaz» — частку легендарнай фармацыі Wu-Tang Killa Beez.


Таксама была цёпла прынята слухачамі і апошняя чытанка Вожыка «Вечна жывая», якую ён прысвяціў Беларусі. Дарэчы, падчас фэсту стала відавочна, што тэматыка Беларусі — краіны, якая да гэтага часу змагаецца з учэпістай імперыяй за незалежнасць, — вельмі хвалюе айчынных рэпераў. І гэтая асаблівасць надае вырашальнае адрозненне нашым выканаўцам ад тутэйшых апалагетаў «русского репа».

Што да згаданага ў загалоўку вядомага гамяльчаніна Сярогі, то гэты рэп-бізнесовец з маскоўскай прапіскай па вызначэнні не мог стаць удзельнікам такіх рэп-сустрэч. Хоць талент Сержука як аўтара і чытальніка здольны быў вылучыць яго ў лік самых выбітных беларускіх рэп-гуру.

Бяда Сярогі ў тым, што ён ужо даўно забыўся, што «беларус» — гэта не толькі адзнака ў пашпарце, што гэта — сінонім паняцця «грамадзянін сваёй краіны», які паважае карані і мову свайго народа. Бо без ведання гісторыі і мовы свайго народа такі «грамадзянін» становіцца ўвасабленнем карыкатурнага «недабеларуса». Гэта разумеюць Vinsent і яго сябры, якія знайшлі свой шлях у рэчышчы нацыянальнай культуры. Ці стане гэта відавочным для іншых прадстаўнікоў хіп-хоп-культуры, якія спрабуюць знайсці сябе на супрацьлеглым баку беларускай рэп-сцэны?

Каментаваць