Сёння зноў настаў час культуры і яе герояў

Сёння зноў настаў час культуры і яе герояў, заявіў 19 сакавіка ў Мінску культуролаг Вацлаў Арэшка на круглым стале “Беларускі культурны герой: рыцар на раздарожжы”, арганізаваным Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі (АНДАБ), зарэгістраванай у Вільнюсе (Літва).



Вацлаў Арэшка адзначыў, што, атрымаўшы атрыбуты палітычнай нацыі, беларусы яшчэ не ўсвядомілі сябе паўнавартаснай еўрапейскай нацыяй. Паколькі гэтая праблема не столькі палітычная, колькі глыбінная ментальная і культурная, яна можа быць вырашана, у першую чаргу, праз культуру, што стварае і даносіць да людзей агульныя ідэі, вобразы і сімвалы ў даступнай і прывабнай форме. Для гэтай працы патрэбныя не палітыкі, а творцы, хто сваім прыкладам натхняе іншых на засваенне важных для грамадства каштоўнасцяў. Менавіта гэтыя яскравыя асобы могуць эфектыўна ўплываць на грамадства – дабудоўваць нацыянальную свядомасць, абуджаць патрэбу ў нацыянальнай ідэнтычнасці, дапамагаць адрозніваць свае ад чужога.

А адрозніваць сваё ад чужога і даць адказ на пытанне: “Хто мы, адкуль і куды ідзем?” вельмі важна менавіта сёння, калі існуе пагроза існавання незалежнай Рэспублікі Беларусь. Прычым, у адрозненне ад Украіны, дзе ідзе сапраўдная вайна, культурная агрэсія супраць Беларусі ажыццяўляецца ментальным шляхам праз СМІ пры дапамозе мовы, адукацыі і мастацтва. Менавіта гэтымі сродкамі прасоўваецца канцэпцыя “русского мира”, якая з’яўляецца зброяй для экспансіі менавіта ў свядомасць людзей і знішчэння ў ёй усяго, што не адпавядае інтарэсам гэтага “русского мира”. Аднак гэты галоўны выклік для Беларусі не фатальны, калі большасць адчувае сябе беларускай нацыяй, а не толькі насельніцтвам краіны.

Вось чаму галоўнай задачай для грамадзянскай супольнасці Беларусі становіцца разбудова, умацаванне і абарона беларускай еўрапейскай дэмакратычнай нацыянальнай ідэнтычнасці, лічыць навукоўца. На яго думку, наспеў час мець агульную для грамадзянскай супольнасці стратэгію нацыянальнай культурніцкай дзейнасці з ясным і зразумелым падсумаваннем агульных мэтаў і надзённых задачаў, зыходзячы з канкрэтнай сітуацыі. За аснову такой стратэгіі Вацлаў Арэшка прапанаваў узяць накірунак дзейнасці АНДАБ па папулярызацыі беларускіх каштоўнасцяў і абароне нацыянальнай ідэнтычнасці пад поклічам: “Барані сваё!”.

Доктар мастацтвазнаўства ў галіне ўрбаністыкі і архітэктуры Ірына Лаўроўская распавяла пра сістэмную расійскую “культурную” экспансію ў гістарычным цэнтры Брэста, а таксама агучыла шэраг прапаноў у заканадаўства аб ахове нацыянальнай гістарычна-культурнай спадчыны. Сярод гэтых прапаноў – ініцыяваць унясенне палажэння пра абарону спадчыны ў стратэгію нацыянальнай бяспекі Беларусі і распрацоўку Закона Рэспублікі Беларусь аб нацыянальнай спадчыне, распачаць татальны маніторынг за выкананнем Закона Рэспублікі Беларусь аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны і асветніцкую кампанію пра ўстойлівае развіццё тэрыторый Беларусі, а таксама стварыць нацыянальны банк дадзеных пра парушэнне закону аб ахове спадчыны. Трэба падкрэсліць, што менавіта грамадства ініцыюе гэтыя захады, якія павінны ажыццяўляцца дзяржавай, але ігнаруюцца ёю.

Мовазнаўца Вінцук Вячорка звярнуў увагу на тое, што грамадзянская супольнасць павінна не баяцца голасу носьбітаў прафесійных культурных каштоўнасцяў і перакладаць гэтыя важныя для грамадства каштоўнасці на папулярную сярод моладзі мову, ствараць для сеціва відэаверсіі лекцыяў і выступаў, пісаць сцэнары для інтэрнэт-кліпаў на тэмы, што спрыяюць засваенню традыцыйных культурных каштоўнасцяў беларускай нацыі. 

У пасяджэнні удзельнічалі прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку навукоўцы, мастакі, літаратары, выдаўцы, рэжысёры, музыкі і менеджэры. 

На здымках — удзельнікі круглага стала.

Каментаваць