Скандальны пачатак “Хранатопі” — ужо ў сеціве (+відэа)

У сеціве з’явіўся першы эпізод з цыклу “Хранатопь”. Кінатвіт, які называецца “Таямніца гарбатай ямы”, апавядае пра двух гродненскіх бандытаў, адзін з якіх мусіць забіць другога.

Але крымінальны абавязак ускладняецца рызыкоўнаю таямніцай. Праект “Хранатопь” прыдуманы Андрэем Кудзіненка. Мэта “Хранатопі” — раскрыццё мігатлівага свету беларускай душы ў форме кароткіх кінатвітаў, зробленых рознымі творцамі. Нявыказаныя і стоеныя міфы жывуць побач з рэальнасцю і праяўляюцца – як казкі, гарадзкія легенды, чорныя анекдоты і скандалы, што ламаюць побыт. Праект – па­за межамі як афіцыёзнае слодычы, так і звыклага беларускага мармытання.

Першы эпізод “Таямніца Гарбатай ямы” быў зняты Янушам Гаўрылюком па ўласным сцэнары. Галоўныя ролі сыгралі Валер Руселік і Павал Крыксуноў, мантаж Аляксандра Дэбалюка, аператар — Ягор Яфімаў, гук зрабіў Сяргей Лабандзеўскі.

Стужка ўжо атрымала спецыяльную ўзнагароду на польскім фэсце “Сенсацыйнае лета фільмаў”, кінатвіт “Таямніца Гарбатай ямы” мінскія гледачы маглі пабачыць на “Лістападзе” — сярод іншых гісторый у складзе “Хранатопі”. Але кожны эпізод “Хранатопі” мае самастойны характар — і можа жыць уласным жыццём.

Цяпер — ягоная прэм’ера ў сеціве. Чуйныя душы — будзьце абачлівыя! Дзецям, крымінальнікам, цяжарным і маралістам — ні ў якім разе не глядзець.

Абмеркаванне:

  • Хрэн
  • 2016-01-30 22:24:17
Гэта на якой мове Хранатопь? У беларускай мове немагчыма пісаць і вымаўляць ПЬ на канцы!

Каментаваць