Скарб, знойдзены ў Горадні, можна будзе пабачыць у музеі

Гісторыкі мяркуюць, што знаходка належала габрэйскім вязням з Гарадзенскага гета. Цяпер вырашаецца лёс каштоўнасцяў, імаверна, што скарбы застануцца ў Горадні.
Каля двух месяцаў назад падчас рэканструкцыі будынку па вул. Працоўнай у Горадні будаўнік Уладзімір Страковіч натрапіў на нечаканую знаходку – металёвую табакерку з надпісам «Tytuń fajkowy specjalny».

У табакерцы ляжалі 23 залатыя манеты Расейскай імперыі і міжваеннага польскага перыяду, больш за дзясятак пярсцёнкаў, два ланцужкі, некалькі зліткаў золата, пазалочаныя зубныя каронкі і некалькі купчых дакументаў. Больш за 70 гадоў скарб знаходзіўся ў доме, у якім даўно не рабіўся капрамонт.
Знойдзены скарб, вагаю каля 500 грамаў, быў дакладна апісаны і перададзены ў Гарадзенскі дзяржаўны археалагічны музей на далейшую экспертызу, якая выявіла, што агульны кошт знаходкі складае 19 500 долараў. Найдаражэйшым прадметам стаў унікальны пярсцёнак з мальтыйскім крыжам, які ацанілі ў 1,5 тысячы долараў.

«Такія насілі пажы корпусу слугаў расейскага імператара. Выпускнікі атрымлівалі такі пярсцёнак з надпісам па-французску: мой Бог, мой кароль, мая дама. А ўвогуле дэвіз гэтага пажаўскага корпуса гучаў «цвёрды, як сталь і чысты, як золата». Таму пярсцёнак заўсёды рабілі з двух металаў. Звонку сталёвы, а ўнутры залаты. Пярсцёнак дастаткова рэдкі, а ўсё астатняе ў скарбе, можна сказаць, – чаканае. Царскія залатыя манеты, некалькі еўрапейскіх талераў», – кажа гісторык, малодшы навуковы супрацоўнік Гарадзенскага гісторыка-археалагічнага музею Ян Лялевіч.

Пасля праведзенай экспертызы адмысловая камісія пра Гарадзенскім аблвыканкаме прыме рашэнне аб наданні яму катэгорыі каштоўнасці. Далей дакумент аб прынятым рашэнні мусіць ухваліць Міністэрства культуры. Скарб атрымае статус рухомай гістарычна-культурнай каштоўнасці, як, да прыкладу, слуцкія паясы. І толькі тады скарб пяройдзе ў Гарадзенскі дзяржаўны археалагічны музей. Па закону мясцовыя ўлады будуць абавязаныя заплаціць па 25 % агульнага кошту скарбу таму, хто знайшоў яго ды ўласніку будынку.

Ці знойдуць уладальнікаў?

Акрамя матэрыяльнага кошту, экспертыза выявіла, што высветліць, хто быў першым уладальнікам скарбу, немагчыма. Дакладна можна сказаць, што скрыначка была сабраная не раней за 1937-мы год, пра што сведчыць адна з папераў з датаю, у якую ўладальнік загарнуў частку каштоўнасцяў. Гісторыкі пагаджаюцца, што, хутчэй за ўсё, скарб належыць вязням Гарадзенскага гета, у склад якога ўваходзіў будынак па вуліцы Працоўнай 2. Аднак спісаў жыхароў дому ў часы гета няма. Адсутнічаюць таксама архіўныя запісы асобаў, якія жылі ў доме да пачатку вайны. Сам будынак быў пабудаваны ў 1894-м годзе.

«Лагічна меркаваць, што калі скарб мы знайшлі толькі ў 2018-м годзе, то той, хто яго схаваў, а гэта адбылося, хутчэй за ўсё, у 41-42 гг., не змог па яго вярнуцца. Калі чалавек не вярнуўся, то нешта з ім здарылася. Хутчэй за ўсё, ён памёр. Паколькі тут было гета, відавочна, што чалавек быў вывезены ў канцлагер. Як варыянт, гэта мог быць збор цэлага дому, калектыўны дэпазіт, каб адкупіцца ад немцаў. Ёсць адчуванне, што нехта збіраў гэтыя грошы і каштоўнасці вельмі стыхійна. Бо ёсць пераплаўленыя залатыя зліткі. Што можна было купіць на гэтыя грошы? Сёння на 20 тысяч долараў мы можам купіць аднапакаёўку. І тады прыкладна тое самае», – разважае Ян Лялевіч.

Дом, у якім знайшлі скарб


Дом, у якім знайшлі скарб

Дом, у якім знайшлі скарб

Скарб з вул. Працоўнай не першы габрэйскі скарб, знойдзены ў Горадні. У 90-х гадах на вул. Вялікай Траецкай знайшлі схованку з габрэйскімі культавымі рэчамі, якія выкарыстоўваюцца падчас малітвы. А два гады назад у 2016 г. яшчэ адзін скарб з золатам быў знойдзены па вул. Антонава. Падчас рэканструкцыі будаўнікі натрапілі на схованку з залатымі манетамі і пярсцёнкамі. У час вайны золата давала шанец выжыць.

Абодва скарбы можна будзе пабачыць на выставе ў Новым замку, якая адкрыецца напрыканцы чэрвеня. Усяго будзе выстаўлена каля 25 каштоўных знаходак з Гарадзеншчыны.


Паводле belsat.eu

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць