Скажыце, дзе ў вас «Можна»?..

Калі шукаць на Украіне горад, найбольш падобны да Мінска, то гэта, хутчэй за ўсё, гэта будзе Харкаў.

Калі шукаць на Украіне горад, найбольш падобны да Мінска, то гэта, хутчэй за ўсё, гэта будзе Харкаў.

Тут жыве ўсяго каля паўтара мільёнаў чалавек, аднак і гарадскія маштабы, і маршруты, і краявіды пададуцца мінчаніну камфортнымі, хіба што ў метро тут не дзве, а тры лініі. Нават сітуацыя з украінскай мовай тут чымсьці нагадвае становішча з беларускай мовай у Мінску: можна жыць тут і ўсё жыццё размаўляць па-руску, і пры тым заставацца часткай лакальнай, аднак магутнай культурнай прасторы, якую ніхто не пасаромеецца таксама назваць украінскай.

Калі палічыць, колькі па Беларусі гастралюе гуртоў з блізкага замежжа, то Харкаў нечакана акажацца сярод лідэраў. Напэўна, першы калектыў адтуль, які мы пачулі яшчэ напрыканцы дзевяностых, — «Танок на майдані Конґо», што парадаваў мінскіх фанатаў ды фанатак сваім прыездам яшчэ ў далёкім 2002 годзе. Пасля да нас рэгулярна наязджалі культавыя тэатралы-растаманы «5’nizza», а зараз штогод дэманструюць сольныя праекты яе былыя чальцы — Сяргей Бабкін ды «SunSay». Ды і сябры былой «5’nizza» — электронны праект «Lюk» — таксама неаднаразова ў нас бывалі. Разам з імі, пакінуўшы самыя прыемныя ўражанні, прыязджалі таксама электронныя, аднак больш джазава-інструментальныя «Ч.А.Й.К.А.».

І вось — малады гурт «Pur:Pur», які з поспехам выступіў на беларускім фестывалі «Аксамітавы сезон», што быў праведзены «UniArtPro» ды «Bo promo». Яго музыка, якую самі ўдзельнікі пазначаюць як «лёгкае слуханне» і «мінімалізм», больш за ўсё падобная на тое, калі б узыходзячая зорка соўлу або былая вакалістка культавага трып-хоп-гурта заспявала з сябрамі акустыку або сола, як гэта было з Roisin Murphy («Moloko»), Skye Edwards («Morcheeba»), або з Bajka, што час ад часу дорыць вакалы Bonobo. Музычная эвалюцыя развіваецца супраць ходу гадзінніка: відаць, хутка Харкаў будзе мець сваё «Moloko» або нешта яшчэ цікавейшае. Самі музыкі тлумачаць назву гурта праз лаціну — «чысты-чысты». Але ж гук «purr» — гэта па-англійску яшчэ і муркатанне коткі. Какетліва-манерныя лісліва-кашэчыя ноткі — адна са шматлікіх «разынак» вакалісткі Наты Смірынай, чый вакал дзіўным чынам нагадвае амерыканскіх спявачак з «каляровымі» каранямі.

Нельга сказаць, каб «Pur:Pur» былі зоркамі ў сябе на радзіме. Калі спытаць пра іх шараговага харкаўчаніна, то ён, хутчэй за ўсё, акажацца з імі незнаёмы, хоць, мабыць, і ўзгадае якіх-небудзь сяброў сваіх сяброў, што, здаецца, іграюць нешта падобнае. Аднак «Pur:Pur» прапануюць музычны матэрыял сапраўды сусветнай якасці, і побач з вядомымі аўстрыякамі «Parov Stellar» яны глядзеліся цалкам годна. І гэта — усяго толькі «яшчэ адзін цікавы гурт з Харкава»...

Зазначым, што, калі здзяйсняецца культурны абмен і беларусаў вязуць у Харкаў (або Адэсу, або Кактэбель), то на экспарт звычайна выпраўляецца «наша ўсё»: «Сярэбранае Вяселле» — супергурт андэграўнда ды «CherryVata» — найпаспяховыя правадыры электронікі ў масы. Бо хто, калі не яны? Хоць, трэба зазначыць, украінскія госці засведчылі: гэтыя два нашы гурты яны сапраўды ведаюць і шануюць.

гурт «Pur:Pur»


Магчыма, розніцу паміж харкаўскай ды мінскай музычнай сцэнай найярчэй адлюстроўвае наступнае пытанне. Калі ў «Pur:Pur» спыталі: «Ці зарабляеце вы на жыццё музыкай?», то яны адказалі: «Так!» Колькі непапсовых мінскіх выступоўцаў маглі б адказаць тое самае? І колькі з іх мелі б менш за сорак гадоў? Ці ёсць у нас наогул магчымасць зарабляць, не іграючы па вечарах рок-хіты ў адной з пяці ўсім вядомых дарагіх рэстарацый?



«Дык чаго ж вы хочаце ад Мінска?.. Тут вам не Масква і нават не Кіеў!» — можна пачуць ад некаторых модных тусоўшчыкаў або «залатой» моладзі, што едуць за культурным жыццём, вартым іх амбіцый, куды падалей. Не будзем з імі спрачацца. Давайце параўноўваць параўнальнае. Калі не казаць пра сталічныя амбіцыі, шмат у чым Харкаў — гэта нібыта лепшы Мінск. У ім досыць альтэрнатыўных гуртоў ды канцэртных пляцовак, паспяхова існуюць некамерцыйныя кінаклубы і літаратурныя кавярні, рэгулярна праходзяць то буйныя арт-падзеі, то ўсялякія фестывалі хэнд-мэйду. Што замінае нам? Ізноў жа, грашовае пытанне? Герметычнасць культурнай прасторы? Міфалагічная «агульная млявасць»?

На прэс-канферэнцыі, што адбылася напярэдадні фестывалю «Можна», арганізатары Аляксандр Багданаў ды Дзмітры Шапялевіч агучылі сваю надзею і мару, да якой яны вядуць нас, як нам вядома, ужо шмат гадоў: Беларусь як паўнавартасны музычны цэнтр Усходняй Еўропы (а Мінск, відаць, — адпаведная культурная сталіца). Да такой вялікай мэты трэба рушыць паступова, і вось вам наступная прыступка: каб кожны год у Харкаве чулі пра яшчэ адзін добры новы мінскі гурт. А можна, і пра два.
 

Каментаваць