След вядзе…

У жніўні я праваліўся ў нейкую шахту каля Мухаўца, прыхаваную травой. Ледзьве адтуль вылез. Тады гэта было расплатай за цікавасць разявакі — пайшоў паглядзець на рыбакоў, якіх пусцілі вудзіць бліжэй да “калючкі. Але праз той выпадак я атрымаў і своеасаблівае пацвярджэнне гісторыі, расследаваннем якой займаўся даўно.

(На здымку: Брэсцкі вакзал пачатак трубы)



У жніўні я праваліўся ў нейкую шахту каля Мухаўца, прыхаваную травой. Ледзьве адтуль вылез. Тады гэта было расплатай за цікавасць разявакі — пайшоў паглядзець на рыбакоў, якіх пусцілі вудзіць бліжэй да “калючкі. Але праз той выпадак я атрымаў і своеасаблівае пацвярджэнне гісторыі, расследаваннем якой займаўся даўно.

(На здымку: Брэсцкі вакзал пачатак трубы)


Тунэль ад вакзала да крэпасці

Пра тунэль ад Брэсцкага чыгуначнага вакзала за горад распавяла мне берасцейка Таццяна Мікалаеўна Лазеба, якая не так даўно вярнулася ў горад дзяцінства:

— Калі была дзіцём гадоў дзесяці, чула ад дзядулі, што дзесьці ў годзе 1949-м яны вырашылі паглядзець, куды вядуць падземныя хады Брэста. Дзядуля да вайны працаваў у Брэсцкай крэпасці на будоўлі ўмацаванняў, так што тэрыторыю ведаў добра, нягледзячы на тое, што даязджаў на працу з вёскі Братылава (гэта ў 10 кіламетрах — Я.Б.) Але заглыбіліся яны нібыта з чыгуначнага вакзала, з сутарэнняў. Нібыта доўга ішлі, заблукалі пад зямлёй, і аж на трэці дзень выйшлі далёка за горадам, кіламетрах у пятнаццаці. Не ведаю, ці першапачаткова ход вёў у крэпасць. Я была малая, не зважала. Але такое ўражанне, што на ўсход ішоў. Там жа і вуліца ёсць Фартэчная. Дык, можа, ход той у форт быў.

А што лічаць адмыслоўцы?

У музеі горада сказалі, што не ведаюць пра падземныя фартыфікацыі, але “яны не здзівілі б гісторыка, калі казаць пра Брэсцкую крэпасць.

Але ж, хоць інтуіцыя падказвае найперш крэпасць як месца магчымых падземных схронаў і камунікацый, тут рэальна быў названы вакзал!

Аўтар гістарычнага буклета пра Брэст, гісторык архітэктуры Ірына Лаўроўская лічыць: “Напэўна ёсць толькі 200-метровы тунель пад чыгункай ад вакзала да гасцініцы “Буг. Матывацыя: пры Сталіне рабілі глыбокія бункеры, патаемныя схроны для кіраўнікоў рознага рангу. Тут маглі аднавіць тое, што было раней, прыстасаваць для бяспекі штабоў. А тое, што пра яго вядома мала, — дык канспіратыўнасць пры таталітарным рэжыме забяспечвалася страхам.

След вядзе…

Не так даўно давялося мне па слядах адной біяграфіі наведаць музей пры Брэсцкім чыгуначным вакзале. Але тады мой колішні суразмоўца, дырэктар музея Сава Ціханавіч Шпудзейка, трапіў у бальніцу. Тыдні з два давялося чакаць. На шчасце, здароўе ветэрана паправілася, і ён у абмен на мой расповед пра перспектыўныя для турызму тунэлі расказаў шмат цікавага.

Найперш мне былі паказаныя фатаграфіі: дзве трубы дыяметрам амаль у рост чалавека нахільна вядуць ад падлогі падвала ўніз. Далей адносна свежая кладка: замуравана. Трубы скіраваныя ў бок крэпасці, кажа музейшчык. Дык, можа, туды і выходзяць.

Брэсцкі вакзал: трубы вядуць пакуль што ў легенды


Абгаворваем з Савам Ціханавічам актуальную для жыхароў Брэсту апошнімі гадамі тэму падтапленняў. Калі пасля вайны ў 1949 годзе з сутарэнняў вакзала адкачалі ваду, якую гітлераўцы яшчэ ў 1941 налілі, каб выціснуць адтуль савецкіх вайскоўцаў і міліцыянтаў, там суха было, кажа знаўца. Быў да 1952 года зроблены капітальны рамонт. План працаў мусіць ляжаць у Кіеве ў адным з праектных інстытутаў. А вада не была праблемай для Брэсцкага вакзала яшчэ з часоў пабудовы. Калі цяпер рабілі рэканструкцыю Маскоўскага боку, прасвідравалі праверачную свідравіну — пад вакзалам 18-метровая гліняная падушка закладзеная, і ўшыркі дзесяціметровая, так што грунтовай вады тут няма, уразіў дырэктар музея.

Тут мне надта захацелася самому глянуць. Трэба, кажу, палепшыць фатаграфіі вашы. Музейшчык пагаварыў у адміністрацыі, галоўны інжынер загадаў даць мне спяцоўку, і вось яны — фота патаемных труб!

Аказалася, што пасля адкачвання вады сутарэнні засыпалі пяском і друзам. Насыпны грунт быў добра бачны ў ракавінах-проймах гафрыраваных, яўна пасляваенных, жалезных труб. Ацаніўшы іх стан, лезці да замураванага месца я не рызыкнуў.

Наверсе інжынер распавёў, што грунт збіраюцца вымаць на паўтара метры, пад падземныя памяшканні. Чым не магчымасць для археолагаў і спелеолагаў з тураператарамі, падумалася мне...

Пры чым тут турызм?

Неяк трапіўся на вочы каментар на адным з брэсцкіх сайтаў, у якім пасажырка з Масквы жалілася, што, прыехаўшы позна ўвечары ў Брэст, не магла нічым даехаць ад вакзала да Брэсцкай крэпасці. Вось вам і яшчэ адна падказка: быў бы падземны ход з аўтапропускам-манетазборнікам, тэлекамерамі — любата! Гэта ж які горад у свеце можа такім пахваліцца — старажытны тунэль, са шкілетамі, пацукамі, здані буклеты прадаюць — і праз пятнаццаць хвілін ты выходзіш у каземат крэпасці, дзе можаш на кампутары згуляць у бой рускіх з аўстрыякамі, палякаў з немцамі, савецкіх і фашыстаў… А далей рэстаран “Цытадэль можна ўжо ў рэале наталіць смагу. Падсветка, у чэрвені салаўі… Апрануў форму НКУС, стаў каля Тэрэспальскай брамы — і вось ужо “…в четыре часа утра, без объявления войны, вероломно напали…

Адным словам, камерцыялізацыя, як тая рыбіна, выблісне гораду Брэсту сваім светлым бокам — прыбудзе грошай, а значыць, будуць буклеты, значкі, кніжкі. І луста будзе таўсцейшая, масла на ёй больш. Зноў-такі, калі дадасца малы памежны рух з Польшчай, дык грошы звабяць грошы — з’явяцца інвестары.

Мур хода ў набліжэнні



Яшчэ версія

Пакінуўшы нябёсы мараў, я наведаў музей абароны Брэсцкай крэпасці. Навуковы супрацоўнік Алена Грыцук паказала мне Казематны план крэпасці 1850 года. Лазаў тунэляў няма, сказала спадарыня Грыцук. Але гэта ж ваенная справа, яны маглі быць (і бадай што павінныя былі быць) засакрэчаныя. І потым, кажа музейшчыца, нябожчык айцец Ігар казаў неяк, што быў раней ход з царквы на цытадэлі ў форт Гаўрылава.

Не паленаваўся я схадзіць у царкву. Але там аспрэчылі тое як ерась.

Вартая згадкі і гісторыя з брэсцкай блогасферы. Нібыта “чорныя дыгеры знайшлі ў Брэсцкай крэпасці ход, схадзілі па ім у экспедыцыю і выйшлі… у польскім Тэрэспалі. Калі ўлічыць статус крэпасцяў, з якіх часам трэба выслаць ганца або зрабіць вылазку на ворага, калі ўлічыць, што Першая сусветная вайна шмат дзе вялася пад зямлёй (эскарпы, контрэскарпы, падрывы варожых умацаванняў) — у тунэлях пад Брэсцкай крэпасцю, насамрэч, няма нічога дзіўнага.

Тут археолагі адкапалі чайнік



Што ў актыве?

Варта ўсур’ёз заняцца даследаваннем версіі існавання падземных сутарэнняў пад Брэстам, задумацца пра іх аднаўленне.

Сёння таму спрыяюць і абставіны. Проста, калі ў Брэсцкім вакзале пачнуцца працы па выемцы грунту з сутарэнняў, трэба, паўтаруся, пасадзіць там археолагаў. Яны ўжо там крыху капалі — знайшлі стары чайнік і пару лыжак. Ёсць шанс прадоўжыць пошук.

Варта чакаць, што калі такі жаданы для горада план пераносу аўтавакзала бліжэй да чыгуначнага з новай прывязкай цераз каляіны ўсё-такі будзе рэалізаваны, дык тунель паміж імі абавязкова трэба будзе будаваць.

А тут не знайшлі нічога, хоць тайнікоў адразу тры



Нарэшце, чакаем водгукаў, сведчанняў, нават здагадак і версій. Брэст ужо стаў аб’ектам рамана ў стылі магічнага рэалізму (“Рыбін горад берасцейкі Наталкі Бабінай, у якім згадваюцца і тунелі). Можам калектыўна вярнуць нашаму гораду адну з самых экзатычных і грашавітых атракцый — не згубіўшы па дарозе магічнага пачатку.

Прыкладам, вось адзін са шляхоў. Самы першы мост цераз Мухавец у Брэсце пабудаваў на пачатку XV стагоддзя з дазволу магістрата Моўша (Кандыбовіч?) пабудаваў выключна на свае грошы і атрымаў пажыццёвае права на мыта. Хто ні ехаў па мосце — плаціў Моўшы ўстаноўленыя грошыкі. Хто ні прасіўся ў шлюз (мост, па сведчанні Лаўроўскай, быў развадны са шлюзам) — заплаці і плыві далей. Такі сама ручаёк можна дазволіць і таму, хто адновіць тунэль ад вакзала да крэпасці. А даць у арэнду пажыццёва ці гадоў на дваццаць — гэта ўжо справа тэхнікі і сучаснага магістрату.

 

Каментаваць