Слонімскі драматычны тэатр адзначыў сваё 25-годдзе

У  нядзелю, 29 сакавіка, калектыў Слонімскага драматычнага тэатра адзначыў свой 25-гадовы юбілей.



На сцэне тэатра пры поўнай глядзельнай зале слонімскія артысты падрыхтавалі юбілейны капуснік паводле твораў класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы. А потым гледачы паглядзелі купалаўскія “Прымакі”.

Пачатак тэатральнай дзейнасці на Слонімшчыне датуецца 1744–1769 гадамі. Гэта час існавання Слонімскага школьнага тэатра пры езуіцкім калегіуме. Тады ў рэпертуар невялічкай трупы ўваходзілі драмы на рэлігійныя, міфалагічныя і гістарычныя сюжэты.

Ужо ў 1771 годзе тэатральнае мастацтва на слонімскай зямлі імкліва ідзе ўгору, дзякуючы вялікаму гетману літоўскаму Міхалу Казіміру Агінскаму, які наладзіў дзейнасць вялікай тэатральнай трупы.

Месцам для дэманстрацыі стаў Дом оперы, пабудаваны ў Слоніме ў 1777–1780 гадах. Яго вялікая сцэна дазваляла здзяйсняць паказы любых спектакляў, опер і балетаў з неабмежаванай колькасцю артыстаў. Масіўныя дэкарацыі ўражвалі: сапраўдныя коннікі і баталіі, водныя феерыі (частка сцэны затаплялася вадой з канала Агінскага і па ёй плавалі лодкі). Тэхнічныя магчымасці дазвалялі зрабіць нават фантаны.

Пазней тэатральнае жыццё горада над Шчарай было менш насычаным, але ніколі не спынялася.

У адзін з лістападаўскіх дзён 1948 года афішы паведамілі аб першым спектаклі “Шляхі-дарогі” толькі што створанага пры раённым Доме культуры тэатральнага калектыву. Спектакль меў поспех сярод слонімцаў і стаў стымулам для артыстаў і рэжысёра. У 1959 годзе драмгурток атрымаў званне народнага тэатра. А потым стаў першым у рэспубліцы эксперыментальным тэатрам-студыяй.

А 25 гадоў таму тэатр-студыя атрымаў статус дзяржаўнага драматычнага тэатра, які мае сёння. Калектыў пад кіраўніцтвам рэжысёра Васіля Сяўца са сваімі пастаноўкамі выступае ў розных кутках рэспублікі. 

Звычайна Слонімскі драмтэатр рыхтуе 4–5 прэм’ер у год. Неўзабаве гледачам прапануюць чарговую прэм’еру — трагікамедыю “Самазайбойца” па п’есе Мікалая Эрдмана. А да 70-годдзя Перамогі тут паставяць спектакль па п’есе Аляксея Дударава “Не пакідай меня”.


 

Каментаваць