Сморэброд, Jay-Jay і Фіндус. Дзень Швецыі ў МІнску (фота, відэа)

Увесь Верхні горад пераўтварыўся ў маленькую Швецыю.


Да пачатку 12-й на плошчы Свабоды яшчэ нешматлюдна. На дзіцячай пляцоўцы сярод цацак “Палессе” забаўляюцца малыя, перад галоўнай сцэнай пенсіянеры займаюць крэслы. “Дзевушка, у тэніс будзеце?” — гукае мяне сівавалосы дзядзечка, прапануючы партыю ў пінг-понг на пляцоўцы са спартыўнымі гульнямі.

Раптам ля сцэны пачынаецца ажыўленне: з’яўляюцца Пасол Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханесан і старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац з сям’ёй. Адбываецца імправізаваная фотасесія. Пасол і старшыня Мінгарвыканкама ўрачыста адкрываюць свята.


Сапраўды, увесь Верхні горад у гэты дзень пераўтварыўся ў маленькую Швецыю. Свята разгарнулася шырока: тут і адукацыйныя пляцоўкі, і дзіцячыя, і індустрыяльныя – і паўсюль аншлаг. Не знайсці вольнага месца на дзіцячай пляцоўцы, што разгарнулася за канцэртнай залай “Верхні горад”: тут пры падтрымцы кампаніі ІКЕА ладзяцца дзіцячыя спектаклі і канцэрты паводле шведскіх казак з удзелам музыкі Андруся Такінданга.


На індустрыяльнай пляцоўцы кампанія Husqvarna дэманструе робата-газонакасілку, а таксама гульнявую зону з тэлевізарам і шлемам віртуальнай рэальнасці, пры дапамозе якога можна паўдзельнічаць у спаборніцтве па абрэзцы сучча. Што цікава, гэтай пляцоўкай актыўна цікавяцца жанчыны: вось так пры дапамозе Швецыі разбураюцца гендарныя стэрэатыпы.


Не адразу разумею, што адбываецца ў гастранамічным тэатры флагмана шведскай бытавой тэхнікі Electrolux, што месціцца ў дворыку гатэля “Манастырскі”. Згодна з праграмай тут павінны быць майстар-класы па прыгатаванні шведскіх страваў на абсталяванні кампаніі з дэгустацыяй. Аднак я бачу сапраўдную дзею высокага мастацтва: як зачараваная спыняюся і назіраю за быццам бы магічнымі рухамі кухараў. Ёсць тут і сцэна, і глядацкая зала, дзе не знайсці вольнага месца – гэта набліжае лакацыю да сапраўднага тэатра.


Кампанія Oriflame, якая адказвае на свяце за зону прыгажосці, не палохае навязлівымі дыстрыб’ютарамі з каталогамі касметыкі. Наадварот, вабіць: тут можна не толькі бясплатна паспрабаваць прадукцыю кампаніі, але і пры дапамозе аквагрыму пераўтварыцца ў казачных жывёл, што выклікае неймавернае захапленне ў дзяцей. А “цацкі” для дарослых — цэлы аўтапарк — прадстаўляюць вядучыя маркі шведскіх аўтамабіляў Volvo, Scania і іншыя.


Музычную праграму на сцэне пачынае хор “Concordia” і танцавальны гурт з Гродна  “Madcaps”. Яго змяняе шведска-беларускі спеўны сход з гуртом “Вурай” і яго лідарам Сержуком Доўгушавым, які заахвочвае публіку вадзіць карагоды на плошчы Свабоды і спяваць песні з незразумелымі, але такімі вясёлымі шведскімі словамі.


Выступы чаргуюцца прэзентацыямі і конкурсамі, за перамогу ў якіх, дарэчы, арганізатары свята падрыхтавалі выдатныя прызы: ад набораў касметыкі да марскіх круізаў на пароме.


Фудкорт вабіць шматлікімі шведскімі стравамі, зрэшты, знаёмымі і беларусам: тут і шашлыкі, і шпікачкі, і скумбрыя-грыль, і рыбныя пірагі, і закускі з селядцом. А вось знакамітыя шведскія квашаныя селядцы прадаваць на фудкорце не рызыкнулі: спецыфічны пах стравы пад назвай сюрстромінг мог сапсаваць апетыт нават самым галодным наведвальнікам свята.


Затое прыгатаванне і дэгустацыю закускі з сюрстромінгу зладзілі на галоўнай сцэне свята — і гэта было выпрабаванне для самых трывалых. Квашаныя селядцы нельга перавозіць самалётамі, бо калі раптам бляшанка ўзарвецца, пах немагчыма будзе выветрыць. “Калі селядзец часта не трапляецца, то досыць смачна”, “Гэта самая смачная страва, якую я ела!”, “Трэба гэта чымсьці запіць”, “Падазрона, але вельмі смачна!” — дзеляцца адчуваннямі тыя, хто рызыкнуў пакаштаваць далікатэс.

Я не адношу сябе да рызыкантаў, таму вырашаю пакаштаваць сморэброд – бутэрброд з паштэтам са скумбрыі, ікрой, радысам і марынаваным агурком. Досыць немудрагелістая і смачная закуска, пры гэтым вельмі сытная — самае тое, калі есці яе, седзячы на беразе мора пад халоднымі паўночнымі вятрамі і запіваючы шведскім шнапсам.

Тым часам людзей ля галоўнай сцэны большае: вось-вось тут з’явіцца шведская зорка Jay-Jay Johanson. Выканаўцу сустракаюць не апладысментамі — авацыямі, ад чаго музыка відавочна бянтэжыцца. Ён кажа, што вельмі рады зноў прыехаць у Мінск і да радасці публікі, якая ўсё прыбывае, выконвае сольны канцэрт.


Завершыцца свята Швецыі выступамі беларускага гурта “Akute” і яшчэ адной зоркі шведскай сцэны Jenny з гурта “Ace of Base”.

Дзень Швецыі ў Верхнім горадзе стаў кульмінацыяй Тыдня Швецыі ў Мінску. Падчас яго ладзіліся фотавыставы, фестываль шведскага кіно, у яго рамках адбылася чарговая дабрачынная акцыя “Дорым радасць!”, падтрыманая Пасольствам Швецыі, сацыяльна-культурнай установай “МоцАрт” у партнёрстве з кампаніяй “Прастора Бай” і іншымі. Арганізатарамі Свята Швецыі ў Мінску выступілі Пасольства Швецыі і Мінгарвыканкам.

Фота і відэа аўтаркі

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць