Сны і мроі аб космасе: у Гомелі адкрылася выстава Івана Папова (фотарэпартаж)

Каля чатырох дзясяткаў карцін выстаўленыя на агляд гомельцаў у межах выставы, прымеркаванай да 50-й гадавіны з дня народзінаў мастака. Вытокі яго творчасці можна шукаць у сюррэалізме, але візітнай карткай творцы стала прага да іншых сусветаў.



Іван Папоў нарадзіўся ў Рэчыцы, але як творца саспеў у Мінску і Гомелі. Менавіта ў горадзе над Сожам больш за 20 год таму ён з калегамі і сябрамі стварыў унікальнае мастацкае аб’яднанне «Нірвана», чыя дзейнасць працягваецца і зараз.

Выстава «Запіс мрояў і фантазіяў» прымеркаваная да юбілея мастака і падзяляецца на некалькі накірункаў. Тут можна заўважыць своеасаблівыя карціны з сярэднявечнымі персанажамі, чараўнікамі і дзіўнымі фігурамі. Ва ўсіх творах знітаваныя ў адно цэлае і мінулае і будучыня, тутэйшыя мясціны і няісныя сусветы.

У суседняй залі Іван Папоў прадставіў пейзажы, што сталі вынікам шматлікіх мастацкіх пленэраў. Але адной з галоўных крыніц яго натхнення заўжды быў космас.

«Я заўжды марыў маляваць творы звязаныя з космасам ды іншымі сусветамі. Магчыма на гэта паўплывала творчасць савецкіх мастакоў 50-60-х гадоў, чые ілюстрацыі можна было сустрэць у часопісах «Навука і жыццё» ды «Тэхніка моладзі». Мяне гэта захапляла і таму хацелася пакінуць у гэтай сферы свой след, прыдумляць уласныя сусветы. Паколькі фантазія ў мяне была някепская, то з часам усё пачало атрымлівацца. Гэта нават сталася своеасаблівым тыпам мыслення — мяне літаральна цягне намаляваць космас, зоркі, сузор’і, туманнасці, галактыкі, невядомыя планеты», — распавядае Папоў пра сваю прагу да космасу.

«З дапамогай сваіх твораў я б хацеў, каб гледачы павандравалі разам са мной, адкрылі сваё уяўленне і дазволілі яму праявіцца ў поўнай меры. Мы ж вельмі замкнёныя ў штодзённасці, а тут можна прыйсці і раскрыцца, таму я ўсяго толькі даю сваімі карцінамі той самы імпульс для гэтага. Галоўнае — атрымліваць эстэтычную асалоду ад назірання ды адкрываць для сябе нейкі новы сусвет, які за шэрасцю будняў не заўжды заўважаеш», — лічыць мастак.

Удзельнік шматлікіх выстаў і праектаў, адзін з заснавальнікаў легендарнага творчага аб’яднання «Нірвана» Іван Папоў за сваю неардынарную манеру малявання карыстаецца павагай сярод калег.

«Мы працавалі разам з Іванам пэўны час і яго станаўленне адбылося на маіх вачах. Ён працуе ў такім акадэмічным стылі, але ў той жа час ён – рамантык сюрэалістычнага накірунку і заўжды спрабуе злучыць Зямлю з космасам, нейкімі мроямі і гэта ў яго атрымліваецца. Тут казалі, што на яго ўплыў аказаў Сальвадор Далі, але мне падаецца, што тут бліжэйшы прыклад вядомага беларускага мастака Язэпа Драздовіча. Іх светапогляды і памкненні да іншых сусветаў шмат у чым супадаюць, нягледзячы на розніцу ў больш чым паўстагоддзя», — кажа гомельскі мастак Анатоль Отчык.

Творы Івана Папова можна знайсці ў музеі палаца Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, у Тураўскім ды Рэчыцкім краязнаўчым музеях і Светлагорскай карціннай галерэі «Традыцыі», а таксама прыватных калекцыях.

Убачыць на свае вочы чароўныя сусветы і мроі Івана Папова можна будзе ў карціннай галерэі імя Вашчанка ў Гомелі да 8 сакавіка 2016 года.

Каментаваць