Спадчына Міхася Раманюка

Неяк вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў сказаў: тое, што зрабіў за сваё кароткае жыццё Міхась Раманюк — мастак, мастацтвазнаўца і этнограф, — гэта подзвіг.



Неяк вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў сказаў: тое, што зрабіў за сваё кароткае жыццё Міхась Раманюк — мастак, мастацтвазнаўца і этнограф, — гэта подзвіг.

Уладзімір Арлоў добра ведаў Міхася Раманюка, сябраваў з ім, і ён мае рацыю. З сынам Міхася Раманюка, выдаўцам, мастаком, майстрам-фатографам, прадаўжальнікам справы свайго бацькі я сустрэўся ў колішняй бацькавай майстэрні на вуліцы Максіма Танка. Гэта невялікае памяшканне, застаўленае шматлікімі збанкамі, іконамі, саламянымі вырабамі, а сцены завешаныя карцінамі беларускіх мастакоў, якія сябравалі з Міхасём Раманюком. Дзяніс Раманюк расказаў мне пра жыццёвы і творчы шлях свайго бацькі.

А крыху раней у мяне адбылася сустрэча са старэйшым братам Міхася, Леанідам Фёдаравічам Раманюком і з дачкой Леаніда, настаўніцай сярэдняй школы №2 Дзяржынска Наталляй Кардаш. Магчыма, тое, пра што паведалі мне блізкія людзі Міхася Раманюка, будзе цікавым і для чытачоў “Новага часу.

Нарадзіўся Міхась Фёдаравіч Раманюк 3 студзеня 1944 года ў вёсцы Кавалі, што на Брагіншчыне. Бацька яго, Фёдар Раманюк, загінуў на фронце ў Айчынную вайну. Засталася маці, Алена Харытонаўна, адна з чатырма малымі дзяцьмі на руках: Яўгенам, Леанідам, Людмілай і Міхасём. Матэрыяльнае становішча сям’і было вельмі цяжкім, і таму маці вырашыла пераехаць з дзецьмі ў вёску Старынкі, што на Дзяржыншчыне, да сваякоў.

У вёсцы Старынка з яе маляўнічымі краявідамі і добрымі чулымі людзьмі прайшлі дзяцінства і юнацкія гады Міхася. Леанід Раманюк успамінае, што малодшы яго брат Міхась з дзяцінства быў вельмі дапытлівым, любіў маляваць, добра вучыўся ў школе, дапамагаў маці па гаспадарцы. Ад сваіх бацькоў ён унаследаваў мяккі, добразычлівы характар, ветлівасць, павагу да старэйшых. Гэтыя цудоўныя рысы характару засталіся ў яго на ўсё жыццё. Пасля школы Міхась скончыў Мінскі тэхналагічны тэхнікум, адслужыў у арміі, скончыў таксама Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская Акадэмія мастацтва) па спецыяльнасці мастак-мадэльер. Маючы схільнасць да навукі, Міхась Раманюк скончыў аспірантуру, чытаў студэнтам лекцыі па гісторыі касцюма. З 1989 года і да самай сваёй смерці ён працаваў у Акадэміі мастацтва загадчыкам кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў.

Міхась быў таксама заснавальнікам і галоўным рэдактарам часопіса “Мастацтва Беларусі, з’яўляўся сябрам Саюза мастакоў СССР. За час працы ў Акадэміі мастацтва Раманюк паспяваў усюды: ён стварыў сцэнічныя строі для Дзяржаўнага народнага хору, для Дзяржаўнага ансамбля танцу Беларусі, выступаў кансультантам многіх мастацкіх фільмаў кінастудыі “Беларусьфільм, дапамагаў у стварэнні экспазіцый Заслаўскага музея народных промыслаў і рамёстваў. Знаходзіў ён час і для напісання кніг, якія ствараліся па матэрыялах яго шматлікіх этнаграфічных экспедыцый па Беларусі. Гэта такія кнігі, як “Песні і строі Піншчыны, “Народны касцюм Чачэрска і ваколіц, буклеты-плакаты “Беларускае адзенне і іншыя.

М. Раманюк у Жыткавіцкім раёне
 

У Мінску, а затым ва Францыі, у Парыжы і Ліёне, і ў іншых краінах Еўропы Міхасём Раманюком былі арганізаваны выставы, дзякуючы якім многія еўрапейцы ўпершыню адкрылі для сябе Беларусь. А колькі артыкулаў Міхася Раманюка пабачыла свет у такіх выданнях, як “Беларуская Савецкая энцыклапедыя, “Энцыклапедыя Літаратуры і Мастацтва Беларусі, “Этнаграфія Беларусі, у часопісах “Мастацтва, “Беларусь!

Дастаю са сваёй кніжнай паліцы энцыклапедыю “Этнаграфія Беларусі, гартаю яе: амаль пад усімі артыкуламі аб беларускіх строях стаіць прозвішча Міхася Раманюка. І за кожным з гэтых артыкулаў перада мной паўстае Міхась Раманюк з яго нязменным капелюшом на галаве, з фотаапаратам у руках, які вандруе па абсягах Беларускага Палесся, азёрнай Віцебшчыны, Магілёўшчыны…

Вялікая частка жыцця Міхася Раманюка прайшла ў экспедыцыях, куды ён браў з сабой з сына Дзяніса. Дзяніс расказваў, што яны дабіраліся з бацькам да намечанага пункта экспедыцыі спачатку цягніком ці рэйсавым аўтобусам, а потым да той ці іншай вёскі калі на папутках, а калі і пешшу. Бацька яго меў надзвычайны талент размаўляць з вяскоўцамі, яго абаянне, усмешка дапамагалі знаходзіць кантакт з людзьмі. Міхась Раманюк добра ведаў нюансы мовы таго ці іншага рэгіёна Беларусі. 

На старых могілках


Бацька з сынам ішлі па хатах, ім паказвалі ўсялякія старадаўнія рэчы, усё цікавае фатаграфавалася. Калі ішла размова пра адзенне, то адразу знаходзілася бабулька, якая даставала з куфра народны строй і апранала яго. Нешта каштоўнае куплялася, ці ім папросту дарылі гэтыя рэчы. Такім чынам Дзяніс з бацькам аб’ездзілі і абышлі многія раёны Беларусі, надаючы асобую ўвагу Палессю (Брагінскі, Хойніцкі, Жыткавіцкі, Нараўлянскі і іншыя раёны), дзе зберагліся народныя традыцыі, строі і прадметы хатняга ўжытку — збаны, абразы, фартухі, дываны, кашулі, куфры. Усе гэтыя набытыя рэчы і фотаздымкі ляглі ў аснову выстаў і напісаных Міхасём Раманюком кніг.

Ён першым у Беларусі правёў раянаванне нашай краіны па рэгіянальных асаблівасцях традыцыйнага нацыянальнага адзення беларусаў. Міхась ездзіў у экспедыцыі і ў першыя дні пасля Чарнобыльскай катастрофы, наведваючы забруджаныя мясцовасці. Ён, як і многія жыхары Беларусі, не ведалі тады, што наведванне гэтых зон небяспечна для здароў’я. Дзяніс Раманюк успамінае, што ў многіх мясцовасцях, якія яны наведвалі, не было ніякіх дарог, стаяла жахлівая спякота, з-пад колаў валіў вялізны дым з пылам… І ён з бацькам дыхалі гэтым радыяцыйным паветрам.

Міхась Раманюк літаральна “гарэў, як кажуць, на працы, і вось гэтае “гарэнне, а таксама наведванне небяспечных радыяцыйных рэгіёнаў паспрыялі яго цяжкай хваробе. У 1997 годзе, на 53-м годзе жыцця, яго не стала, памёр ён ад ракавай хваробы і пахаваны побач з маці на могілках у вёсцы Старынкі.



Асобая старонка ў дзейнасці Міхася Раманюка — збор матэрыялаў па беларускіх крыжах і пахавальных абрадах беларусаў. Гэтай працы ён прысвяціў амаль 25 гадоў. Такіх поўных звестак пра беларускія крыжы, надмагіллі і пахавальныя абрады не было раней у навуковай літаратуры ні на Беларусі, ні, наогул, ва ўсім былым Савецкім Саюзе. Усё ж гэта — неад’емная частка народнай культуры і звычаяў.

Унікальная фундаментальная праца Міхася Раманюка “Беларускія народныя крыжы была выдадзена Дзянісам Раманюком пасля смерці бацькі. Змяшчае яна 303 фотаздымкі і 83 графічныя малюнкі. За сваю творчую шматгранную працу Міхась Раманюк быў узнагароджаны шматлікімі дыпломамі, ён быў лаўрэатам Прэміі 1996 года ў галіне мастацтва. Многія даследчыкі, навукоўцы адзначаюць, што па шырыні і маштабнасці даследаванняў у галіне этнаграфіі Міхась Раманюк і сёння не мае сабе роўных.

Справу бацькі паспяхова працягвае вядомы ўжо на Беларусі і за яе межамі яго сын Дзяніс Раманюк. Разам з беларускім фотамайстрам, супрацоўнікам “Звязды Анатолем Кляшчуком і беларускім вучоным-арнітолагам, эколагам, кінарэжысёрам Ігарам Бышнёвым ён неаднаразова наведваў з рызыкай для здароў’я забруджаныя радыяцыяй землі Беларусі, у тым ліку і тыя, якія апынуліся за калючым дротам. Дзякуючы творчай працы і намаганню гэтых выдатных даследчыкаў быў сабраны вялізны фотаматэрыял, які ўвайшоў у мастацка-публіцыстычны альбом “Чарнобыль.

Альбом выдаў Дзяніс Раманюк, ён жа і аўтар канцэпцыі, укладальнік і мастак гэтага ўнікальнага выдання. У яго ўвайшлі і шматлікія фотаздымкі Міхася Раманюка. Фотаальбом “Чарнобыль на 256 старонках змяшчае 259 каляровых высокамастацкіх фотаздымкаў, размешчаных у раздзелах “Прырода, “Народ, “Гісторыя, “Чалавек. У гэтым цудоўным выданні можна знайсці звесткі і аб тым, як хавалі ад насельніцтва Беларусі праўду аб небяспецы катастрофы вышэйшыя партыйныя і ўрадавыя чыноўнікі. Задача фотаальбома, з якой яго аўтары справіліся цудоўна, не толькі пазнаёміць чытача з Чарнобыльскай драмай, але і ўвекавечыць чалавечую катастрофу на фоне народнай культуры мінулага і ўнікальнай прыроды. Дарэчы, фотаальбом “Чарнобыль атрымаў Гран-пры на конкурсе Мастацкая кніга краін СНД.

Праца, пачатая Міхасём Раманюком, паспяхова працягваецца. Дзяніс Раманюк рыхтуе да выдання “Беларускія маляваныя куфры, “Беларускія маляваныя дываны і іншыя бацькавы творы. Але на ўсё патрэбны і час, і сродкі, чаго не заўсёды хапае. Міхась Раманюк па шырыні і маштабнасці не меў сабе роўных, выконваючы тое, што мог бы ўзяць на сябе вялікі калектыў, ці нават навукова-даследчы інстытут. Быў ён і выдатным сем’янінам, любіў свайго сына і верную спадарожніцу жыцця Наталлю Міхайлаўну, якая таксама была творчай асобай і ва ўсіх справах дапамагала свайму мужу. На жаль, у снежні мінулага года яе не стала.

Штогод, на Радаўніцу, усе родныя Міхася Раманюка наведваюць у вёсцы Старынка магілу свайго выдатнага сваяка. Гэта быў цудоўны чалавек, палымяны патрыёт нашай Бацькаўшчыны. Вечная яму памяць!
 

Каментаваць