"Споведзь" Ларысы Геніюш па-польску

У Беластоку на польскай мове выйшла з друку кніга Ларысы Геніюш «Споведзь» пад назвай «Ptaki bez gniazd» («Птушкі без гнёздаў»).



На польскую мову кнігу пераклаў Чэслаў Сенюх. Выданне выйшла, дзякуючы фінансавай дапамозе Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.

У камплект да кнігі ўваходзіць і дыск на беларускай мове, дзе запісана «Споведзь», якую чытае Народная артыстка Рэспублікі Беларусь Зінаіда Бандарэнка.

Асобнай кніжкай «Споведзь» Ларысы Геніюш на роднай мове свет пабачыла ў 1993 годзе. Захаваў тэкст, падрыхтаваў да друку, напісаў прадмову і каментар да першага выдання ўспамінай нашай вялікай паэткі вядомы беларускі даследчык Міхась Чарняўскі.
   
Дакументальная аповесць «Споведзь» Ларысы Геніюш — гэта кніга яе ўспамінаў. Пачынаючы ад Жлобаўцаў, дзе нарадзілася паэтка, і завяршаючы раздзелам «Абезь». Цэнтральнае места ва ўспамінах паэткі займаюць сталінскія лагеры, жыццё там на нарах, мароз, і цяжкая праца.

У польскім выданні кнігі слова пра Ларысу Геніюш напісала вядомая польская даследчыца беларускай літаратуры Алена Глагоўская. Публікуюцца ў кнізе таксама фотаздымкі і дакументы, звязаныя з жыццём, творчасцю і дзейнасцю Ларысы Геніюш, яе мужа Янкі Геніюша, родных ім і блізкіх людзей. Некаторыя фотаздымкі надрукаваны ўпершыню.

   Ларыса Геніюш і маленькі Юрка

   Ларыса Геніюш на сваім падворку
 


Са збораў Адольфа Клімовіча, Крайні справа Янка Геніюш, 1920-я гады


Янка Геніюш (стаіць крайні справа) у Празе, 1924 г.

Каментаваць