Станькава: Адраджэнне ўзарванай царквы

У 7 кіламетрах ад Дзяржынска месціцца вёска Станькава, вядомая з канца ХV, калі князь Радзівіл пабудаваў тут уніяцкую Петра-Паўлаўскую царкву.



Сённяшні выгляд царквы, фота аўтара


З 1772 года Станькаўскі маёнтак стаў належаць Чапскім. У 1858 годзе графам Эмерыкам фон Гутэн-Чапскім на месцы, дзе стаяла ўніяцкая царква, была пабудавана Свята-Мікалаеўская царква. У тыя часы гэта быў адзін з найпрыгажэйшых храмаў на Міншчыне.

Граф Эмерык Чапскі займаў у царскай Расіі высокія пасады: быў губернатарам Вялікага Ноўгарада, віцэ-губернатарам Санкт-Пецярбурга, дырэктарам Ляснога дэпартаменту Расіі. Па веравызнанні — католік. Тым не менш, ахвяраваў грошы на пабудову праваслаўных цэркваў. Не толькі ў Станькава, а яшчэ і ў мястэчку Койданава (зараз Дзяржынск), у вёсках Дабрынёва і Возера.

Аўтарам праекта Станькаўскай царквы быў славуты па тым часе архітэктар Канстанцін Тэн, па чарцяжах якога ўзводзіўся Крамлёўскі палац і храм Хрыста Збавіцеля ў Маскве. Шэсць гадоў будавалася царква, і на свята Успення Багародзіцы (28 жніўня 1858 года) яе асвяціў архіепіскап Мінскай епархіі Міхаіл (Галубовіч).

Руіны царквы

***

Царква стаяла над возерам, поўным гарлачыкаў і лебядзіных пар. Першым святаром у храме быў протаіерэй Мікалай Трускоўскі, будучы архімандрыт, гісторык, пісьменнік, краязнавец. Затым з 1833-га аж да 1918 года святаром быў протаіерэй Фёдар Чарняўскі.

З прыходам да ўлады бальшавікоў святары і царква падпалі гвалту і разбурэнню. У 1920-я гады ў храме служыў айцец Мікалай Атавараў, расстраляны ў канцы 1920-х гадоў. Апошнім святаром быў іерэй Ілля Мэндзік, якога бальшавікі расстралялі ў 1936 годзе: царкву закрылі, а ўся сям’я святара была рэпрэсаваная.

Бальшавіцкія жорны бязлітасна перамалолі і жыццёвы лёс протаіерэя Фёдара Чарняўскага і яго сям’ю. Хату яго нацыяналізавалі, сям’ю выселілі ў хаціну вартаўніка. Праз год пасля пазбаўлення сану Фёдар Чарняўскі памёр. Яго дзве дачкі, Ганна і Ксенія, былі замужам за святарамі, якіх у 1930-х гадах арыштавалі і расстралялі. Дачка Валянціна выйшла замуж за Фёдара Сулкоўскага, які паходзіў з духоўнага саслоўя і якога таксама арыштавалі, саслалі ў Сібір і расстралялі.

Валянціна злегла і не ўставала 30 год, да самай сваёй смерці. Яна набыла шырокую вядомасць як прадказальніца і лекарка. За суцяшэннем і дапамогай да яе прыязджалі з усіх куткоў Беларусі, дый не толькі. 6 лютага 2006 года Валянціна Сулкоўская была кананізаваная царквой як святая Валянціна Мінская. Сёння яе магіла, што знаходзіцца каля вёскі Крысава, што на Дзяржыншчыне, стала месцам масавага паломніцтва.

***

Пасля закрыцця Свята-Мікалаеўскай царквы ў 1936 годзе ўсё каштоўнае, што было ў ёй, разрабавалі, большасць ікон спалілі, а званы пусцілі на пераплаўку. З царквы стварылі збожжасховішча, а ў часы вайны — сховішча боезапасаў, якія аднойчы і выбухнулі. Пасля вайны царкву зноў прыстасавалі пад збожжасховішча, але аднойчы ў выніку навальніцы зерне згарэла, і храм доўгі час пуставаў.

Вясной 1961-га прарвала драўляную плаціну, што перагароджвала раку Рапусу. Для ліквідацыі аварыі быў задзейнічаны Станькаўскі вайсковы гарнізон, камандаванне якога атрымала загад узарваць царкву, і гэтым матэрыялам адрамантаваць плаціну. Пасля двух моцных выбухаў сцены храма ацалелі. Толькі пасля трэцяга выбуху вайскоўцы з дапамогай танкаў і стальных тросаў расцягнулі сцены царквы.

Толькі ў 2006 годзе, пасля кананізацыі Валянціны Мінскай, было атрымана дабраслаўленне Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта на адраджэнне храма.

Храм у рыштаваннях, 2008 г., фота невядомага прыхаджаніна

У 2008 годзе мне давялося наведаць Станькава і пабачыць пачатак рэстаўрацыйных работ. У размовах з жыхарамі я даведаўся, што найбольшымі рупліўцамі па адраджэнні храма былі аўтар праекта рэстаўрацыі, архітэктар, гісторык і мастак Алег Масліеў, а таксама прыхаджанкі Тамара Казей і Святлана Кароткая.

Алег Ігаравіч Масліеў на даху царквы, фота аўтара  

Храм адраджалі на ахвяраванні прыхаджан. Частку сродкаў выдзелілі экзархат і мясцовыя ўлады. Ахвяравальнікам выдавалі пасведчанне на імянную цагліну, якая з напісаным на ёй прозвішчам укладалася ў сцены царквы. Ёсць сярод іх і мая з жонкай Людмілай цагліна.

***

Нядаўна я наведаў Свята-Мікалаеўскую царкву. Знадворку будынак царквы выглядае так, як ён быў адлюстраваны на фотаздымку пачатку XX стагоддзя. Уражвае і ўнутранае ўбранства храма. З аўтарам праекта адраджэння, Алегам Ігаравічам Масліевым, мы размаўлялі на самым даху царквы, дзе ён з рабочым ліквідаваў недаробкі. Адсюль, з вышыні, адкрываецца прыгожы далягляд на наваколле Станькава, на возера, на якім, як і больш за сто гадоў таму, плаваюць лебядзі. У яснае надвор’е нават Мінск бачны. У самім храме і вакол яго яшчэ шмат нязначных недаробак, якія плануецца выканаць да лета. Асвячэнне адрэстаўраванага храма плануецца правесці ў чэрвені.

Але на зімовага Міколу, 19 снежня 2013 года, у амаль адрэстаўраваным Свята-Міхайлаўскім храме адбылося першае набажэнства.

Станькава, яго царква, прыгожы старажытны парк ператвараюцца ў сімвалы адраджэння Беларусі. Хочацца верыць, што адродзяцца не толькі разбураныя помнікі, якіх на Беларусі вялікае мноства, але і душы людзей, якія былі знявечаныя ў часы шалёнага камуністычнага атэізму.

                                     

Фотаздымкі:

1. Храм у рыштаваннях, 2008 г., фота невядомага прыхаджаніна.

2. Руіны царквы

3. Сённяшні выгляд царквы, фота аўтара

4. Алег Ігаравіч Масліеў на даху царквы, фота аўтара                                                                    

Абмеркаванне:

  • Радзівіл
  • 2014-05-10 11:35:20
Адраджэньнем была б адбудова уніяцкай царквы

А так – возрождение великой роССии зь яе цыбулінамі

Каментаваць