Стары слоўнік мовы не сапсуе: каманда часопіса “ARCHE” перавыдала беларускую навуковую тэрміналогію

На мінулым тыдні друкам выйшлі выданні, якім проста наканавана стаць заўважнымі, нягледзячы на “мёртвы сезон чытацкай актыўнасці. Больш за тое — ім наканавана стаць культавымі. Колькасць адэптаў культу прадвызначыць наклад збору пад агульнай назвай “Беларуская навуковая тэрміналогія, чатырохтомны тэматычны дадатак да часопіса “ARCHE .



На мінулым тыдні друкам выйшлі выданні, якім проста наканавана стаць заўважнымі, нягледзячы на “мёртвы сезон чытацкай актыўнасці. Больш за тое — ім наканавана стаць культавымі. Колькасць адэптаў культу прадвызначыць наклад збору пад агульнай назвай “Беларуская навуковая тэрміналогія, чатырохтомны тэматычны дадатак да часопіса “ARCHE .

Валер Булгакаў славіцца майстэрствам выдаваць таўшчэзныя манаграфіі ды шматстаронкавыя раманы пад вокладкай штомесячнага часопіса, кожны нумар якога даўно ўжо ўспрымаецца як асобны навукова-мастацкі праект, але гэты “сціплы дадатак пабіў усе рэкорды фаліянтнасці. Ці жарты — пад вокладкамі чатырох пульхных кніг былі сабраныя факсімільныя адбіткі 28 тэрміналагічных слоўнікаў, выдадзеных у БССР з 1922 па 1934 гады, падчас працы легендарнага Іінбелкульту.

Культ Інбелкульту

Менавіта тады, у перыяд беларусізацыі, мела месца магутная хваля адраджэння беларускай мовы ва ўсіх сферах. Як зазначае ў прадмове ўкладальнік праекта, гісторык мовы Сяргей Запрудскі, “у пачатку 1930-х гадоў для беларускай кнігавыдавецкай практыкі ўжо не існавала “недаступных напрамкаў і тэм, якія не маглі б быць рэалізаваныя пры дапамозе беларускай мовы. Вядома ж, адбываўся і адзін з самых важных працэсаў развіцця мовы — утварэнне новых словаў ды тэрмінаў.

Падрыхтоўкай слоўнікаў — танненькіх брашурак, якія рассыпаюцца ў руках тых, хто замовіць іх у Нацыянальнай бібліятэцы, — займалася спецыяльная тэрміналагічная камісія, створаная ў 1921 годзе. У яе гуманітарную секцыю ў розныя гады ўваходзілі Язэп Лёсік, Янка Купала, Змітрок Бядуля. Прыродазнаўчую прадстаўлялі, між іншых, фізік Леў Дашкевіч ды географ Мікола Азбукін, а самымі навукова падрыхтаванымі з таварыства, па словах Запрудскага, былі сябры матэматычнай секцыі Лявон Більдзюкевіч і Аляксандр Круталевіч. З 1922 па 1928 год выхад усёй серыі слоўнікаў курыраваў “неадменны Інстытуту Беларускае Культуры Вацлаў Ластоўскі — зацемка пра гэта любоўна вынесеная выдаўцамі на форзац першых тамоў выдання.

Таненькія брашуркі — салідная справа. Выпрацаваная тэрміналогія дазволіла пашырыць беларускамоўную адукацыю: толькі за 1926 год было выдадзена 35 пазіцый падручнікаў на беларускай мове. І ўсё было б добра, але ж… З 1934 года тэрміналагічных выданняў у СССР не з’яўлялася аж да 1962-га. І, як сведчыць наша сённяшняя моўная рэальнасць, гэта былі ўжо зусім іншыя тэрміны…

Расстраляныя тэрміны

“Бачыш — выпускі 21 і 23 ёсць, а 22-га няма, — паказвае вярстальнік Віталь Рыжкоў нумарацыю трэцяга тому. Яго задачай было апрацаваць у “фоташопе кожную адсканаваную старонку, каб яна стала чытэльнай. “І гэта не памылка. 22 том сапраўды не выйшаў, ішлі ўжо трыццатыя гады…

“Паводле законаў таго часу, творчы наробак аўтара арыштоўвалі разам з аўтарам, — тлумачыць гісторык Алесь Пашкевіч, — таму і мелі месца такія “прагалы. Яго роля ў выданні слоўніка, як ён кажа, была “чыста тэхнічнай: ён замаўляў капіраванне слоўнікаў у Нацыянальнай бібліятэцы і забіраў адтуль электронныя файлы. Так што слова “факсіміле ўжываць не зусім карэктна: выданне “стэрэатыпнае і па сваім паходжанні нагадвае хутчэй канспект выдатніка вучобы, перазняты ўсёй групай перад сесіяй. Бібліятэкары не дазволілі расшыць рарытэтныя брашуркі па аркушыках, таму на некаторых старонках літары загінаюцца ўверх, скачуць. Але тэкст чытэльны. Кранальна глядзіцца пасярод аркуша памерам А5 натуральны выгляд слоўніка вайсковай тэрміналогіі, змешчаны ў томе 4, — па зразумелых паходна-палявых прычынах, яго у 1920-я гады выдавалі ў кішэнным фармаце...

Моўная геалогія

Нават паверхневае гартанне скарбу лексікаграфіі сведчыць: мары збываюцца. Цяпер усе гэтыя напаўміфічныя “канцавоссі ды “судзіны — як на далоні, пад рукой, пад адной вокладкай, і можна лёгка выцягваць іх з паліцы падчас працы. Грамадазнаўства і педагогіка, мінералогія і тэхніка, само сабой — медыцына, літаратура, алгебра… Слоўнікі найчасцей перакладныя — з рускай мовы, зразумела, але часам дадаецца і трэцяя, дапаможная, мова: у анатамічным слоўніку гэта, зразумела, лаціна, у “хэмічным чамусьці ідыш, у “геолёгічным — нямецкая. Ёсць нават беларуска-літоўскі слоўнік спецыяльных тэрмінаў — была патрэба і ў такіх. Усё па вышэйшым разрадзе і адпавядае моўным нарматывам. Тагачасным.

“Гэтыя слоўнікі не маюць практычнага значэння ў нашы дні, толькі гістарычнае, — мяркуе гісторык Алесь Пашкевіч. — Беларусаў гадавалі на іншай мове. Цэлыя пакаленні прывучаныя гаварыць іначай. І менавіта таму, дадам ад сябе, слоўнікі гэтыя для кагосьці могуць выглядаць наіўна, як бабульчыны казкі. Але адной рэчы не зменіш: гэта класічныя слоўнікі. Зразумела, яны не маюць кадыфікацыйнай моцы, але ніхто не забараняе браць іх да ўвагі сучасным носьбітам мовы. Менавіта з гэтых выданняў у 1980-я і 1990-я нашы пісьменнікі выцягвалі рэдкія словы, якія ліха ўкручвалі ў штодзённую гаворку: так паўсталі “асадка, “атрамант ды шмат чаго іншага. (Паэтка Вера Бурлак нават прыдумала адмысловую назву для такіх словаў — “геалагізмы — новыя словы, выкапаныя ў старых кнігах).

Перакладчыца мастацкай літаратуры Кацярына Маціеўская — адна з першых пакупніц слоўніка. “Я лічу, што ён мае вялікае практычнае значэнне, — кажа яна. — Зразумела, не ўсё, але ж ладную частку знойдзенай тут лексікі я буду ўжываць у сваіх перакладах, калі гэта спатрэбіцца. Гэта можа спатрэбіцца для стварэння пэўнага стылю або для пошуку яскравага сіноніма, або для таго ж “геалагічнага вяртання ў сучасную мову нейкага ўдалага новатвору 1920-х гадоў. Адрасаты перавыдання, мяркуе Кацярына, — лінгвісты, літаратурныя работнікі, даследчыкі мовы, а таксама самае шырокае кола чытачоў, якія жадаюць карыстацца беларускай мовай у сваёй прафесіі.

Замовіць яго можна ў распаўсюднікаў часопіса “ARCHE (www.arche.by).

Каментаваць