“Старое сяло”: захаваць песенную разнастайнасць Палесся

У новай сталічнай краме “Кніжная Шафа”, якая месціцца на праспекце Дзяржынскага, адбылася творчая сустрэча з фальклорным дуэтам “Старое сяло” ў складзе Юліі Літвінавай і Васіля Грыня. Акрамя сустрэчы з прыхільнікамі нацыянальнага фальклору, “Старое сяло” прэзентавала слухачам свой дэбютны дыск лірычных спеваў “Дарожанька”, створаны паводле этнаграфічных экспедыцый па беларускаму Палессю.



Як падкрэсліў перад пачаткам канцэрта Васіль Грынь, на стварэнне гэтых апрацовак іх падштурхнула архаічная песенная творчасць гэтага края, цудоўныя выканаўцы народных палескіх мелодый. У прыватнасці, фальклорны дуэт з вёскі Беразь Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці Кацярыны Сцяпанаўцы Блоцкай і Амальяна Ціханавіча Страха (які, нажаль, ужо памёр) і шэраг іншых народных выканаўцаў, прозвішчы якіх пазначаны на дыску “Дарожанька”.

Вялікая скаладанасць запісу гэтых народных спеваў у тым, каб дакладна захаваць і перадаць на запісу фанетыныя, дыялектычныя асаблівасці паўднёва-беларускіх гаворак. Бо ў тых мясцінах бывае што суседнія вёскі маюць свае адметныя моўныя асабліваці альбо нават асобныя гаворкі. Дадатковую складанасць у расшыфроўцы песенных скарбаў Палесся стварае той факт, што многія з выканаўцаў, якія памятаюць даўнейшыя спевы — людзі сталага веку. А гэта значыць, што трэба асабліва ўважліва і старанна ставіцца да таго скарбу, які даверылі нам гэтыя людзі, да іх выканання.

Назву альбому дуэта “Старое сяло” “Дарожанька” даў радок з палескай паставой песні “Ты, дарожанька”, сэнс якой ў тым што ўсё жыццё чалаваек шукае сваю духоўную сцяжыну. Дарэчы гэты твор вядомы айчынным слухачам па апрацоўцы і шыкоўнаму відэа-кліпу этна-трыо “Троіца”. Запісаны ж на Палессі варыянт гэтага спева адрозніваецца больш глыбокім раскрыццём тэмы духоўнасці, мэты чалавеччага жыцця.

На канцэрце ў “Кніжнай Шафе” з нагоды прэзентацыі дуэта “Старое сяло” і выхада дыска “Дарожанька” прагучала шмат разнастайных спеваў, не толькі лірычных, але і сацыяльна-бытавых, бяседных, чумацкіх, салдацкіх, рэкруцкіх, песень на вячоркі… Усе яны былі выкананы дуэтам з удзелам Юліі Літвінавай і Васіля Грыня найбольш набліжана да аўтэнтычнай манеры выканання. У гэтым маглі пераканацца слухачы таму, што адначасова з расповедамі музыкантаў, гучалі песні альбома ў аўтэнтычным выкананні народнымі спевакамі: дуэтамі і сольнымі выканаўцамі. З арыгінальных песенных знаходак музыкантаў дуэта адзначу спеў “Гамэрыка” — горкі (і дагэтуль актуальны!) расповед палешчука, які паехаў на заробкі ў Злучаныя Штаты ды стаў ахвярай тамтэйшых прайдзісветаў.

На дэбютным альбоме “Дарожанька” дуэта “Старое сяло” гучаць не толькі вакальныя творы, але і інструментальныя мелодыі і маршы, якія выканаў на акардыёне Аляксей Крукоўскі. Дарэчы, дыск мае не толькі цікавае музычнае начынне, але шыкоўнае афармленне, якое таленавіта і стыльна зрабіла, пераклала на аглійскую мову Святлана Клёпікава. Да гонару музыкантаў зазначу, што дыск выдадзены прамысловым накладам, што робіць яго рэальным (не маргінальным, як камп’ютарныя «нарэзкі») унёскам у нацыянальную фанаграфію.

Трэба адзначыць, што падчас этнаграфічных экспедыцый музыканты збіраюць не толькі музычны фальклор Палесся, але і народныя прымаўкі, казкі, загадкі. Усё, што з’яўляеца інтэлектульным скарбам народа. Дык вось, адной з цікавых старонак гэтай музычнай сустрэчы стаў конкурс па адгадванню старажытных палескіх загадак, адказы на якіх патрабавалі не толькі здагадлівасці, але і веданне вясковага побыту. Тым не менш, гараджане паказалі, што фальклорная спадчына імі не забываецца. У падарунак за правільныя адказы музыканты прэзентавалі слухачам некалькі асобнікаў свайго дэбютнага альбома.

Хацелася б адзначыць, што ўладальнікі і працаўнікі новай крамы “Кніжная Шафа” распачалі сваю дзейнасць са стварэння на сваёй плошчы больш шырокай панарамы сучаснага беларускамоўнага кнігавыдання. На паліцах можна ўбачыць такія актуальныя выданні, як “Брест 1941”, але і беларускамоўнае перавыданне твора Нобелеўскай лаўрэаткі С.Алексіевіч “Цынкавыя хлопчыкі” і іншыя актуальныя кнігі. Акром гэтага, “Кніжная Шафа” правядзенннем творчай сустрэчы з дуэтам “Старое сяло” і прэзентацыі іх першага дэбютнага дыска “Дарожанька” зрабілі заяўку на тое, каб “Кніжная Шафа” з цягам часу пераўтварылася ў сапраўдны культурны і інфармацыйны цэнтр, дзе б рэгулярна ладзіліся сустрэчы з творчымі людзмі, пісьменнікамі, паэтамі, музычнымі гуртамі і асобнымі выканаўцамі. І першы вопыт такіх творчых сустрэч, у дадзеным выпадку з фолк-дуэтам “Старое сяло” ў складзе Юліі Літвінавай і Васіля Грыня, спадзяюся, дадасць энтузіязму працаўнікам крамы рабіць больш актыўныя захады для прапаганды нацыянальнай культуры.

Абмеркаванне:

  • Зкошмаль
  • 2016-02-28 04:17:23
Памятаю Васіля Грыня яшчэ з удзелу ў папулярным мэдыeвальным альбоме "Легенды Вялікага Княства" (другі выпуск), з запісаў ансамбля "Рада". Вельмі глыбокае пранікненьне
ў фальклёр. Пашукаю гэтую "Дарожаньку" ў традыцыйных музыкшопах.

Каментаваць