«Стары Ольса» запрашае на піва!

Хто з музычных фанатаў не марыў пра тое, каб кульнуць куфаль піва з улюбёнымі музыкамі і паразмаўляць з імі «пра жыццё»? Гурт сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» вырашыў прадставіць сваім прыхільнікам такую магчымасць.




6 красавіка ў бары Beer&Wine (Мінск, Кульман, 9) а 19-й гадзіне адбудзецца «Ольса-beer-паці». Музыкі запрашаюць фанаў на сустрэчу ў нефармальных зносінах каб падзяліцца і адзначыць свае поспехі разам з усімі Нагодаў шмат: і выхад альбома, і паспяховая Kickstarter кампанія, і запіс альбома сярэднявечных рок-кавераў, і тур у ЗША.

 

«Мы прагнем блізкага стасавання і кантактных зносінаў. Мы хочам сустрэцца з тымі, каму падабаецца нашая музыка, распавесці жарты, за куфлем добрага піва адказаць на пытанні ўсіх цікаўных, паціснуць лапы і пацалаваць ручкі, пасмяяцца і паабдымацца!) Мы шчыра ўдзячныя аматарам нашай творчасці і хочам пабыць у вашай найпрыемнейшай кампаніі. Мы нечага вартыя толькі з вашай падтрымкай! Будзем вельмі радыя спаткацца. Без праграмы і афіцыёза. І каб журналісты не адчувалі адказнасці за свае рэпартажы, а пабылі жывымі і таварыскімі людзьмі», — зазначае «Стары Ольса»

 

«Мінуючы ўсе гады сцэнічнага жыцця, мы саспелі да новай версіі сустрэч — незаклапочаная вечарына ў прыемным пабе з сумеснымі здымкамі, аўтографамі і размовамі пра што заўгодна», — гаворыцца ў прэс-рэлізе гурта. 

 

Новы альбом «Кола рыцэрска», выхад якога адзначаць на «Ольса-beer-паці» — трэці канцэртны альбом у дыскаграфіі гурта «Стары Ольса». Запіс быў зроблены гукааператарам Анатолем Шаўцовым (студыя DP-records) ў лістападзе 2015 года падчас канцэрта ў Гомелі і быў прысвечаны гераічнаму эпасу Вялікага Княства Літоўскага.

 

Калісьці ў 2004 годзе «Стары Ольса» выдаў свой першы канцэртнік пад назвай «Шлях». На думку многіх, ён і дагэтуль вабіць сваёй простасцю і нязмушанай свежасцю. У 2005 годзе на піку папулярнасці сярэднявечных дыскатэк выйшаў другі жывы альбом «Сярэднявечная дыскатэка». З тых часоў шмат змянілася: дадаліся інструменты, з'явіліся новыя музыкі, павялічыўся рэпертуар.

 

Чаму канцэртны? Вельмі часта прыхільнікі і музычныя крытыкі выказваюць меркаванне, што музыку гурта патрэбна слухаць ужывую. У чым сакрэт? Адпаведная эпохам вопратка, выгляд і жывое гучанне інструментаў, сапраўдныя шчырыя эмоцыі і непаўторны настрой! А таксама, у адрозненне ад студыйных, канцэртны альбом дае магчымасць пачуць «вітаміны» жывога гучання, характэрныя толькі для сцэнічнага выканання. Гэтыя асаблівыя рысы гурта і прывабліваюць слухачоў.



 

А тым, хто па нейкіх прычынах не здолее патрапіць на піва з музыкамі, варта прыйсці 15 красавіка на канцэрт гурта, дзе будуць выкананыя ўсе кампазіцыі з новага альбома і любімыя творы. «Разняволеная атмасфера весялосці і сяброўскае кола перанясуць вас у эпоху рыцарства. А таксама будзе магчымасць набыць свежанькі, з пахам друкарні дыск», — абяцаюць монстры беларускай сярэднявечнай музыкі.

 

Канцэрт адбудзецца 15 красавіка ў Моладзевым тэатры эстрады (вул. Маскоўская, 18а). Пачатак у 19.00.

Каментаваць