Стрэл у культуру. Выстава «Пагоня–20»

Знакамітая фраза «Калі я чую слова «культура»… я здымаю з засцерагальніка свой браўнінг!» у 1933 годзе прагучала ў п’есе «Шлагетэр», напісанай будучым прэзідэнтам Палаты пісьменнікаў Рэйха (з 1935) Гансам Йостам. Пазней яе прыпісвалі многім правадырам нацыянал-сацыялістычнай Германіі: Гімлеру, Гебельсу, Гейдрыху, Розенбергу.

(На здымку: крамольная інсталяцыя «Беларуская піраміда»)



Знакамітая фраза «Калі я чую слова «культура»… я здымаю з засцерагальніка свой браўнінг!» у 1933 годзе прагучала ў п’есе «Шлагетэр», напісанай будучым прэзідэнтам Палаты пісьменнікаў Рэйха (з 1935) Гансам Йостам. Пазней яе прыпісвалі многім правадырам нацыянал-сацыялістычнай Германіі: Гімлеру, Гебельсу, Гейдрыху, Розенбергу.

(На здымку: крамольная інсталяцыя «Беларуская піраміда»)


Тое, што адбываецца зараз у беларускай культурнай прасторы, не выклікае асаблівага здзіўлення. Днямі забаранілі канцэрты Зміцера Вайцюшкевіча, «Ляпіса Трубяцкога», «Neuro Dubel» і праграмы «Крамбамбуля» з Лявонам Вольскім. Зараз чарга чыстак дайшла да жывапісу са скульптурай.

Скандалу, што распачаўся з адкрыццём 11 сакавіка ў Палацы мастацтва юбілейнай выставы суполкі «Пагоня», папярэднічалі цікавыя падзеі. 22 лютага кіраўніцтва Саюза мастакоў атрымала ад старшыні Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцькі кароткі ліст, у якім саюзу безапеляцыйна прапаноўвалася бязвыплатна перадаць у камунальную ўласнасць асноўную выставачную залу — Палац мастацтваў па Казлова, 3. Як бы для рамонту. Між тым, па словах старшыні Саюза мастакоў Уладзіміра Савіча, толькі ў 2008–2009 гадах саюз уклаў у рамонт будынку 930 мільёнаў рублёў, у лютым атрымаў заключэнне МНС пра яго задавальняючы стан, а дакументы на арэнду зямлі ўзгодненыя аж да 2014 года. Адначасова старшыня і іншыя адказныя асобы з выканкама цягам апошніх 3 гадоў, ігнаруючы рэгулярныя запрашэнні, выставы ў палацы не наведвалі. І мець уяўленне пра яго стан папросту не здольныя.

Мастак Уладзімір Тоўсцік выказаў здагадку, што зацікаўленасць выканкама палацам звязаная са скандальнай гісторыяй па продажу Аману ўчастку ў цэнтры горада з размешчаным на ім выставачным комплексам па Янкі Купалы, 27. Пэўныя колы шукаюць аналагічнае памяшканне для камерцыйных выстаў у сталіцы, як кажуць, «на халяву». Цвёрды адказ Уладзіміра Савіча на дзіўнае пасланне гучаў так: уласнасцю Саюза мастакоў можа распараджацца толькі рада арганізацыі.

11 сакавіка зрабілася зразумелым, што гісторыя атрымлівае працяг. У гэты дзень у палацы творчая суполка «Пагоня» адчыніла юбілейную экспазіцыю да свайго 20-годдзя. Мастацкі шлях суполкі пачынаўся з нефармальных сходаў мастакоў — Марачкіна, Маркаўца, Басалыгаў, Купавы, Крукоўскага ў 1960-я гады ў майстэрні Яўгена Куліка, размешчанай «на паддашку» ў будынку на цэнтральным праспекце Мінска насупраць КГБ. Творы аднадумцаў вярталі ў культурную прастору Беларусі вобразы яе гістарычных герояў, паўзабытых за часы савецкай улады пачынальнікаў нацыянальнай літаратуры і адраджэння мяжы ХІХ і ХХ.

Многія невыпадковыя постаці з мінулага прыйшлі ў свядомасць сучаснікаў менавіта праз работы заснавальнікаў «Пагоні», паказаныя на выставах, змешчаныя ў падручніках гісторыі і літаратуры, у ілюстрацыях да кніг класікаў беларускага пісьменства. «Пагонеўцы» адчынялі для сябе і краіны творчасць заходнебеларускіх мастакоў міжваеннага перыяду, народнае мастацтва з яго яскравымі фальклорнымі кампанентамі. Канчаткова суполка аформілася ў 1990 годзе ў складзе Саюза мастакоў як аб’яднанне «дзеля абуджэння нацыянальнай самасвядомасці народу, ягонага духоўнага, культурнага і дзяржаўнага адраджэння». Менавіта сябры «Пагоні» Уладзімір Крукоўскі, Яўген Кулік і Леў Талбузін распрацавалі дзяржаўную сімволіку незалежнай Беларусі ў 1991 годзе.

 Аляксей Марачкін: аўтограф на памяць


Мінула 20 гадоў, і ў зале юбілейнай экспазіцыі ахоплівае ўражанне, што яе можна цалкам перанесці ў раздзел «Паваеннага мастацтва Беларусі» Нацыянальнага мастацкага музея, абнаўляючы апошні як мінімум на траціну. Падстава — высокі ўзровень зробленага. На адкрыцці ў палацы не было дзе ўпасці яблыку. У наступныя дні плынь наведвальнікаў не спынілася.

На выставе прадстаўлены працы большасці з 70 мастакоў, што ўваходзяць у суполку. Лепшыя за апошнія два дзесяцігоддзі. Чакалася свята — мастацтва, вясны, беларускай гісторыі: «Пагоня» традыцыйна прымяркоўвае свае паказы да дна Дабравешчання, 25 сакавіка, калі ў 1918 годзе адрадзілася наша дзяржаўнасць. Свята атрымалася са скандалам.

Ужо 17 гадоў разам з рэанімацыяй элементаў спарахнелай савецкай ідэалогіі ў беларускую рэчаіснасць вярнулася і яе спадарожніца — цэнзура культурнага жыцця. Напрыканцы 1990-х суполцы не заўсёды ўдавалася арганізаваць штогадовы вернісаж, а ў 1997 годзе па загадзе тагачаснага міністра культуры Сасноўскага з выставы здымаліся і арыштоўваліся «крамольныя» работы. Але чым ёсць цэнзура ў эпоху сучасных камунікацый? Нонсэнсам! Абноўленае кіраўніцтва Саюза мастакоў у апошнія гады спрыяла «Пагоні», ацэньваючы яе надзвычайны творчы патэнцыял. Таму скандал гэтага года выглядае як сцэна з тэатра абсурду.

Пад негалосным, сарамліва-баязлівым ціскам уладнай наменклатуры з экспазіцыі зніклі 6 прац — тры плакаты Крукоўскага, карціна Мікіты і два творы Марачкіна. Пяць з іх — з-за прысутнасці нацыянальнай сімволікі, карціна Марачкіна «Здані («Пераможцы»)», якую «НЧ» ужо анансаваў, — з-за выяўленага мастаком погляду на падзеі 19 снежня 2010 года ў Мінску. Па словах яе аўтара, кіраўніка «Пагоні» Алеся Марачкіна, — кіраўніцтву Саюза мастакоў выкруцілі рукі, паставіўшы пытанне: альбо работы здымаюцца, альбо ўзнікаюць праблемы з палацам. Незаконна? Але як дзейнічае ў нас сёння закон, не ведае толькі недасведчаны чалавек. Кіраўнік саюза Уладзімір Савіч каментаваць сітуацыю карэспандэнту «НЧ» катэгарычна адмовіўся.

Скандал, які выглядае дадатковай рэкламай выставы, не скончыўся 11 сакавіка. Праз 4 дні з экспазіцыі па загадзе Мінкульта знікла інсталяцыя Генадзя Драздова і Алеся Марачкіна — папяровая «Беларуская піраміда», на якой кожны мог пакінуць свой запіс. Людзі пісалі пра сённяшняе жыццё. А што такое «ШОС», зараз ведаюць самыя зацюканыя чыноўнікі.

Наўрад ці выставу, якую варта наведваць найперш дзеля яе мастацкай вартасці, зачыняць раней прызначанага тэрміну — 27 сакавіка. «Забароненыя» творы з’явяцца на спецыяльнай экспазіцыі ў сядзібе БНФ 23 сакавіка а 17-ай гадзіне. Як там ні было — пластычнае мастацтва — люстэрка жыцця, адбітак мінулага і погляд у будучыню. Аматарам пры слове «культура» цягнуцца да пісталетаў варта памятаць яшчэ адзін афарызм — эпіграф да кнігі Расула Гамзатава «Мой Дагестан»: «Калі ты стрэліш у мінулае з пісталета, будучыня стрэліць у цябе з гарматы». Нацыянал-сацыялістычныя аматары страляніны ў культуру ў гэтым ужо мелі магчымасць пераканацца.
 

Каментаваць