Стваральнікі анімацыйнага сусвету

28 кастрычніка 1892 года парыжскую публіку зачаравалі жывыя малюнкі Эміля Рэйно, і сёння гэта дата — Сусветны дзень анімацыі. Аднак мала хто ўзгадвае, што праз два дзесяцігоддзі мастак-вынаходнік свой праекцыйны апарат і плёнку выкінуў у Сену. А што з беларускай анімацыяй?

(На выяве: Несцерка)



28 кастрычніка 1892 года парыжскую публіку зачаравалі жывыя малюнкі Эміля Рэйно, і сёння гэта дата — Сусветны дзень анімацыі. Аднак мала хто ўзгадвае, што праз два дзесяцігоддзі мастак-вынаходнік свой праекцыйны апарат і плёнку выкінуў у Сену. А што з беларускай анімацыяй?

(На выяве: Несцерка)


Ад кастрычніка да аўтарскай анімацыі

Адлік свайго існавання беларуская анімацыя распачала з другой паловы 1920-х гадоў, калі на экраны выйшаў мультфільм «Кастрычнік і буржуазны свет». Стваральнікі мультыплікацыйнага першынца выканалі яго ў выяўленчых традыцыях плакатаў і палітычных карыкатур. Стужка была прысвечана дзесяцігоддзю паслярэвалюцыйнага развіцця савецкай дзяржавы. Адпавядаў патрабаванням прапаганды нескладаны сюжэт эксперыментальнага фільма: манументальныя постаці селяніна і рабочага, счапіўшыся за рукі, раструшчваюць шматгаловую змяю, што пагражае небяспецы маладой дзяржавы.

У наступныя пяцьдзесят гадоў анімацыйных фільмаў на беларускай кінастудыі не рабілі, і толькі ў 1973-м на «Беларусьфільме» ўтвараецца мультыплікацыйная студыя. У гэты час з’яўляецца разуменне таго, што асноўнай мэтай анімацыі ёсць не прапаганда савецкіх дасягненняў, а выхаванне дзяцей і юнакоў. Вось толькі поспехаў у жанры масавага дзіцячага кіно айчынныя аніматары не дасягнулі.

Выратавала элітарная мультыплікацыя: з другой паловы 1980-х на кінастудыі з’яўляліся творы з адметным аўтарскім почыркам — «Капрычыа» І. Волчака, «Лафертаўская макаўніца» А. Пяткевіч. Фільмы менавіта такога кшталту прынясуць сусветную фестывальную вядомасць студыі анімацыйных фільмаў «Беларусьфільма». Вось толькі беларускі глядач увесь гэты час заставаўся з носам: такой анімацыі закрыты шлях у тэлеэфір, не кажучы ўжо пра кінатэатры.

Настаўнік аніматараў

Сённяшні калектыў аніматараў уважліва ставіцца да вытворчасці аўтарскага і масавага дзіцячага мультыплікацыйнага кіно, імкнецца да спалучэння абодвух характарыстык. Прыхільнікам апошняга падыходу з’яўляецца творчы натхняльнік і настаўнік большасці рэжысёраў і мастакоў студыі Ігар Волчак. Ён быў кампазітарам першага беларускага пасляваеннага анімацыйнага фільма «Хлопчык і птушка», і справа настолькі яго захапіла, што ён прысвяціў ёй жыццё.

З юнацкай апантанасцю мэтр беларускай анімацыі курыруе адразу тры праекта: шматсерыйныя фільмы «Несцерка» і «Аповесць мінулых гадоў» і стужку пра кампазітара Сяргея Пракоф’ева з беларуска-расійскага мультыплікацыйнага цыклу «Казкі старога піяніна».

Пра апошні праект казаць яшчэ рана: ён знаходзіцца ў вытворчасці, а вось серыі першых двух ужо паспелі здабыць і фестывальнае, і глядацкае прызнанне. Фільм «Несцерка» — гэта спроба з персанажа беларускага фальклору, які актыўна выкарыстоўваецца ў літаратуры і тэатры, стварыць нацыянальнага анімацыйнага героя, накшталт Чабурашкі ці Мікі Маўса. Кемлівы Несцерка, які пры дапамозе верных сяброў Ката і Сабакі з гумарам вырашае праблемы, што ўзнікаюць перад ім, будзе даспадобы шырокай дзіцячай аўдыторыі.

Праект «Аповесць мінулых гадоў» яшчэ больш значны, таму ў ім задзейнічаны ўвесь студыйны склад аніматараў. У фільме ў цікавай і дасціпнай форме распавядаецца гісторыя паходжання гербаў беларускіх гарадоў. Ілюстратарамі кожнага сюжэта з’яўляюцца розныя аўтары, таму анімацыя атрымалася стылістычна рознабаковай, што падкрэслівае разнароднасць таленту беларускіх майстроў. Невыпадкова менавіта гэты фільм быў прызнаны лепшым айчынным творам анімацыі на Брэсцкім фестывалі фільмаў–2010 і шчодра адзначаны на міжнародных фэстах.

«Аповесць мінулых гадоў»


Абодва шматсерыйныя праекта беларускамоўныя, і іх плануецца прадоўжыць да поўнаметражнага фармату, што адкрые фільмам большыя мажлівасці ў ратацыі на тэлеканалах і ў кінатэатрах.

Волчак прыгожа падкрэслівае, што, хоць тутэйшых каранёў і не мае, аднак пра стан нацыянальнай культуры непакоіцца: «Я быў прывіты да Беларускага дрэва ў 1953 годзе, з тых часоў даў новыя парасткі і нават плады. Любая ж крона, лістота, каб не ссохнуць, павінна памятаць пра свае карані, сваё паходжанне».

Парасткі мультыплікацыі

Сярод прыхільнікаў роднай мовы і фальклору на студыі вылучаецца Міхаіл Тумеля. Яго апошнія фільмы стылізаваны пад тэхніку беларускай выцінанкі, агучаны кампазіцыямі этна-трыа «Троіца» і аднаўляюць фальклорны свет беларускіх прымавак. Дасціпныя беларускія выказванні кшталту «Чорт чорта пазнаў ды на піва пазваў», ці «Бог не цяля — бачыць круцяля», дзякуючы фантазіі М. Тумелі знайшлі сваё адлюстраванне ў сюжэтах анімацыйнага фільма з працягам «Беларускія прымаўкі».

Дынамічная анімацыя «Выцінанка-выразанка» прысвячаецца Вячаславу Дубінку, адраджэнцу на беларускай зямлі майстэрства мастацкага выразання з паперы. Вось толькі ўспрымаецца мультыплікацыя як некралог — знаны майстра не так даўно адышоў у лепшы свет.

Шматсерыйны праект аніматара Аляксандра Ленкіна «Прыгоды рэактыўнага парася» будзе даспадобы дашкалятам і малодшым школьнікам, а лірычная драма «Птаха» прывабіць старэйшае пакаленне. Простая гісторыя пра старэнькага вяскоўца, які толькі напрыканцы жыцця зразумеў, што такое любоў, кранае ледзьве не да слёз.

З прызнаных майстроў на студыі анімацыйнага кіно працуюць Ірына Кадзюкова, Алена і Уладзімір Пяткевічы, расце падмацаванне з маладога пакалення — Наталля Хаткевіч і Марына Карпава. З верай у будучае глядзіць і І. Волчак: «Анімацыя не павінна разглядацца як справа камерцыйная, яна вышэй за таварна-грашовыя адносіны, вышэй касавага кіно, бо працуе на будучыню — на новыя пакаленні, і таму павінна несці за сабой дабрыню і гуманізм».
 

Каментаваць