Сустрэча з краязнаўцамі Рагачова

У Рагачоўскім музеі народнай славы (Гомельская вобласць) аўтар навукова-папулярных кніг па гісторыі Беларусі, навуковы сакратар Інстытуту беларускай гісторыі і культуры (ІБГіК) прафесар Анатоль Тарас сустрэўся з мясцовымі краязнаўцамі і чытачамі ягоных выданняў.



Навукоўца паведаміў пра планы ІБГіК, запрасіў прысутных далучацца да дзейнасці ствараемага Таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага і адзначыў, што рыхтуецца трэці нумар навуковых запісаў таварыства, прысвечаны 150-годдзю нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863–1864 гадоў, выпуск якога запланаваны на канец года. Навукоўца  прапанаваў краязнаўцам дасылаць для публікацыі свае артыкулы, звязаныя з хадой паўстання ў рэгіёнах, паколькі гэтая праблематыка слаба даследавана і ўяўляе вялікую цікаўнасць для грамадства.

Затым Тарас пазнаёміў з дайджэстам публікацый па беларускай гісторыі «Дзяды», 12-ы нумар каторага ўжо здадзены ў друк, з выдавецкім праектам «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры», у якім рыхтуюцца кнігі пра народнага артыста Беларусі Рыгора Шырму, заснавальнікаў беларускага тэатру Ігната Буйніцкага і Уладзіслава Галубка, філосафа Ігната Канчэўскага, паэта Уладзіслава Сыракомлю, мовазнаўцу і гісторыка Вацлава Ластоўскага. Прафесар распавёў пра  кніжную серыю «Невядомая гісторыя», у якой ужо пабачылі свет 42 навукова-папулярных выданні па пытаннях палітычнага, ваеннага і культурнага мінулага краіны.

Як паведаміў навукоўца, на пачатак восені запланаваны выхад у свет ягонай працы «Кароткі курс гісторыі Беларусі» з старажытных часоў да 1991 года, у якім з нацыянальных пазіцый у даступнай форме будзе выкладзена мінулае беларусаў на іх этнічных землях. 

Тарас адзначыў, што ўся дзейнасць ІБГіК накіравана на тое, каб выхаваць у беларусаў нацыянальную свядомасць. «Толькі пры ўмове, калі грамадзяне будуць добра ведаць вялікую айчынную гісторыю і ганарыцца ёю, беларусы пачнуць па-сапраўднаму ўсведамляць сваё мінулае, разумець сённяшні дзень і ўяўляць будучую Беларусь, якую трэба пабудаваць. А такая дакладная мэта і дазволіць людзям з нацыянальнй ідэяй у галовах і сэрцах пераадолець любыя цяжкасці», — падкрэсліў навукоўца. Вось чаму, на ягоную думку, вельмі важнай для справы беларускага нацыянальнага адраджэння з’яўляецца праца краязнаўцаў і рэгіянальных музеяў. «Такія музеі павінны быць створаны ў кожным населеным пункце Беларусі, а іх дзейнасць трэба шырока папулярызаваць», — сказаў Тарас.     

Сярод галоўных задач ІБГіК яго дырэктар, магістр эканомікі Віктар Яўмененка назваў публікацыю манаграфій і зборнікаў артыкулаў даследчыкаў айчыннага мінулага, у тым ліку гісторыкаў і краязнаўцаў, друкаванне плакатаў і каляндароў, прэзентацыю новых выданняў, арганізацыю лекцый, канферэнцый, семінараў, сустрэч, а таксама генерацыю новых ідэй. Паводле ягоных слоў, інстытут вядзе працу па шэрагу напрамкаў, у тым ліку па падтрымцы інтэрнэт-сайту inbelhist.org з відэакурсам лекцый па айчыннай гісторыі і культуры.  

Тарас і Яўмененка пазнаёміліся з экспазіцыямі Рагачоўскага музея народнай славы і музея «Лёс салдата», у якім адлюстраваны вынікі працы лаўрэата прэміі Ленінскага камсамолу СССР атрада РВС гомельскай профтэхвучэльні № 56 па пошуку невядомых і без вестак зніклых удзельнікаў Другой сусветнай вайны. 

Каментаваць