Сустрэць сваю другую палову сярод кніг: у гомельскай бібліятэцы адзначылі Дзень закаханых

Тэматычную праграму падрыхтавала для сваіх наведнікаў Гомельская абласная бібліятэка на Дзень святога Валянціна.



Публічныя мерапрыемствы, якія бібліятэка праводзіла ў сябе на працягу мінулага года не здарма карысталіся цікаўнасцю ў гомельцаў  — бібліятэкары заўжды рыхтавалі насычаную і арыгінальную праграму. Не стаў выключэннем і Дзень закаханых, да якога рыхтавалі асабліва цёплыя і рамантычныя цікавосткі.

Так у Музеі рэдкай кнігі наведнікаў сустракалі Рамэа і Джульета, а ў арт-кафэ бібліятэцы, стылізаванай пад вулічную кавярню горада закаханых, можна было выпіць кубачак кавы ды паглядзець фільм “Парыж, я люблю цябе”. Студыя танцаў “Карункі крокаў” зладзіла невялікі баль і навучыла гомельцаў асноўным рухам класічных танцаў.

Зрэшты Дзень святога Валянціна без магчымасці пазнаёміцца быў бы няпоўным, таму арганізатары не забыліся на папулярную апошнім часам методыку хуткіх знаёмстваў — спід-дэйтынг. Маладыя хлопцы і дзяўчаты за невялікі час маглі высветліць ці цікаўныя яны адно адному і паспрабаваць знайсці сваю другую палову.

Яшчэ адным неардынарным спосабам для знаёмства была кніжная выстава “Я чытаю і мару”, на якой прадстаўнікі абодвух палоў пакідалі сваю любімую кнігу са сваімі кантактнымі дадзенымі. Сапраўды — нішто так не збліжае як агульныя ўпадабанні, асабліва літаратурныя.

У сваю чаргу супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі адмысловую кнігу, прысвечаную сямейным парам, што пазнаёміліся ў ёй яе сценах. Акрамя фатаздымкаў пар у ёй змешчаныя рамантычныя гісторыі іх знаёмства. Адной з іх падзялілася Марына Рафеева, дырэктар гомельскай абласной бібліятэкі.

- Варта зазначыць, што ўся гісторыя адбылася са мной на мой трэці працоўны дзень. Мой муж вельмі любіць чытаць кнігі, а ў 90-я патрапіць у бібліятэку было не так проста. Таму будучы студэнтам апошняга курса машынабудаўнічага каледжа ён як звычайны чытач прыходзіў у такі час, калі было меньш людзей. Па ягоных словах ён заўважыў мяне адразу, але падыйсці адразу не вырашыўся.

Увечары я вырашыла пасля працы прайсціся пешшу па горадзе. Ён ехаў у тралейбусе і заўважыў мяне. Гэтым разам ён вырашыў “або зараз, або ніколі” і выйшаў на наступным прыпынку, каб падыйсці да мяне. З таго часу мы ўжо 21 год разам і выгадавалі сына.

Неардынарны партрэт можна было атрымаць у “Літаратурнай майстэрні”, дзе тры прафесійныя паэты пісалі кожнаму ахвотнаму ягоны крыптапартрэт. Дзеля гэтага заўжды хапала некалькіх пытанняў на ўдакладненне і апісанне сябе ў вершах можна было забіраць з сабой. Зрэшты аматары звычайных партрэтаў маглі пазаваць мастаку, які лёгкімі рухамі накідваў абрысы гасцей творчага вечара.

Аддзел літаратуры на замежных мовах часова ператварыўся у музычны салон, у якім гомельскія барды і літаратары выканалі свае творы, прысвечаныя каханню. У сваю чаргу тэатральная студыя “Спірант” прадставіла ўвазе гледачоў фрагменты вядомых літаратурных гісторый пра каханне ды ўласныя нарыхтоўкі, сярод якіх быў паказ таго, як выглядала каханне ў нашых продкаў у дагістарычныя часы.

На заканчэнне святочнай праграмы ў актавай залі прайшло шоў “Каханне з першага погляду ў бібліятэцы”. Шэсць хлапцоў і дзяўчат імкнуліся зачараваць адно аднога з дапамогай творчасці і неардынарнасці ўласнай асобы.

Каментаваць