Святая Сафія Слуцкая — у дакументах і ў царкоўным жыцці

Да ХХ Мінскай міжнароднай выставы-кірмашу адбылася прэзентацыя трох брашур Тамары Левішка, што выйшлі ў выдавецтве “Энцыклапедыкс”. Кніжкі прысвечаны гісторыі св.Сафіі Слуцкай (1585–1612), вядомай беларускай праваслаўнай святой, апошняй прадстаўніцы княскага роду Алелькавічаў-Слуцкіх.



Тэматычна выданні падзелены на біяграфічны нарыс ( “Святая праведная София княгиня Слуцкая”), кампедыюм звестак пра продкаў і нашчадкаў княгіні (“О доблестях, о подвигах, о славе…”) — Гедымінавічах, Алелькавічах, полацкіх і мсціслаўскіх князях, а таксама Кішках, Хадкевічах, Радзівілах, Тэнчынскіх, Астрожскіх і іншых, і, нарэшце, даведнік пра першы храм св.Сафіі Слуцкай, збудаваны ў Мінску ў Курасоўшчыне.

Тамара Левішка — сакратар прыходу апошняга храма, хаця і не парфесійны гісторык, за чатыры гады працы сабрала ўсе магчымыя літаратурныя і архіўныя звесткі, а таксама іканаграфічны матэрыял, датычны гісторыі святой і паўстання яе культу.

На старонках выданняў друкуюцца тэстаменты маці Сафіі Барбары Кішкі і самой Сафіі, перапіска і гаспадарчыя дакументы Сафіі і  яе жонка Януша Радзівіла з Біржанскай лініі, драматычныя дакументы пра супрацьстаянне апекуноў маладой Сафіі (Гераніма Хадкевіча) і яе ў той час яшчэ будучых свёкра і мужа, Кшыштафа і Януша Радзівілаў, што ледзьве не прывяло да дамовай вайны і сутычкі двух магнацкіх войскаў у 2 і 6 тысяч чалавек, узмоцненых гарматамі, у Вільні ў лютым 1600 года. Усё на глебе маёмасных і асабістых спрэчак…

Але апякунства Хадкевічаў, як высветліла аўтарка — насуперак меркаванням у папярэдніх даследаваннях, не было ад пачатку “карыслівым”. Высветлілася, што пасля смерці бацькі Сафіі Юрыя (1586), яго жонка і маці княжны Барбара Кішка выйшла ў 1588 г. замуж другі раз, за гомельскага старосту Андрэя Сапегу, якому і адпісала па тэстаменце 1597 года ўсю маёмасць. Статут ВКЛ 1588 года ў выпадку наступнага шлюбу аўдавелай маці прадугледжваў апёку над яе дзецьмі сваякамі-мужчынамі (спачатку гэта былі дзядзькі па бацьку, а па смерці дзядзькоў — па матчынай лініі).

Сафія Алелька зрабілася найбагацейшай нявестай Вялікага Княства Літоўскага толькі пасля смерці дзядзькоў — Аляксандра (1591) і Яна-Сімяона (1592), атрымаўшы тытул апошняй княгіні Слуцкай і Копыльскай. А выхаваная ў праваслаўнай традыцыі, сталася буйнейшай апякункай праваслаўнай веры ў княстве ў часы паўстання і пашырэння Брэсцкай уніі. Менавіта яе змаганне не супраць, а за — за захаванне праваслаўнага жыцця на родавай Случчыне, за мір паміж магутнымі магнацкімі кланамі — сваёй канчатковай згодай на шлюб яна прадухіліла крывавае сутыкненне Хадкевічаў і Радзівілаў і іх прыхільнікаў — зрабіліся падставай яе шанавання ў царкоўнай традыцыі. Веру яна захавала і ў шлюбе, выходзячы замуж за пратэстанта Януша Радзівіла, але па праваслаўным абрадзе і ў праваслаўным храме ў Брэсце.

Невыпадкова выхавацель яе мужа, пратэстанцкі паэт-лацініст Саламон Рысінскі (адзін з першых дзеячаў, які самавызначаўся “беларусам”), заснавальнік пратэстанцкай школы ў Слуцку, прысвяціў ёй пранікнёныя радкі:

Зорачка! Ты захавалася ў сузор'і Слуцкім адзіная, Між літоўскімі славай
самая яркая, першая дачка! Хіба ты менш рыцар, чым горды муж твой вялікі?

У шматканфесійнай Беларусі подзвіг св. Сафіі быў у захаванні міжрэлігійнага міру. І хаця брашуры напісаныя ў гонар святой — апякункі праваслаўнай веры, яе міратворчая пазіцыя прасочваецца ва ўсіх дакументах.

Рэцэнзент выданняў, прафесар з Беластоку Антоні Мірановіч, прысутны на прэзентацыі, падкрэсліў прыналежнасць св. Сафіі да плеяды асветнікаў і духоўных светачаў беларускай зямлі — следам за Ефрасінняй Полацкай і Кірылам Тураўскім, тых, хто пашырэннем ведаў і ўзорам любові да роднай зямлі мацавалі беларускую дзяржаву.

Прэзентацыя, спявае хор прыходу св. Сафіі Слуцкай і хор “Класіка”

Выступ Антонія Мірановіча

Каментаваць