Святкаванне 100-годдзя Міхася Петрыкевіча

У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі адзначылі 100-гадовы юбілей заслужанага настаўніка Беларусі, краязнаўца, стваральніка і першага дырэктара Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Міхася Петрыкевіча.



 2 жніўня ўшанаваць вядомага на Дзятлаўшчыне чалавека прыехалі пісьменнікі, краязнаўцы, мастакі з Мінска, Гродна, Слоніма. На юбілей сын Міхася Петрыкевіча Валерый Міхайлавіч сабраў усіх дзяцей, унукаў і праўнукаў з усіх куткоў Беларусі і Літвы.

Родныя людзі Міхася Петрыкевіча каля музея ў Валеўцы Навагрудскага раёна

Міхась Петрыкевіч (1913–1999) нарадзіўся на Навагрудчыне. Пасля пачатковай школы і двухгадовай школы паступіў у Навагрудскую беларускую гімназію. У 1940–1941 гадах вучыўся на літаратурным факультэце Беластоцкага педінстытута. З пачаткам вайны вярнуўся дамоў. Потым яго забралі на фронт. А пасля вайны давучваўся ў Мінскім педінстытуце.

Усё жыццё Міхась Петрыкевіч працаваў настаўнікам роднай мовы і літаратуры ў Карэліцкай сярэдняй школе, у Валеўскай сярэдняй школе на Навагрудчыне. У Валеўскай школе ён стварыў народны краязнаўчы музей. А калі пераехаў у Дзятлава, арганізаваў у 1967 годзе Дзятлаўскі раённы краязнаўчы музей, які існуе да сённяшніх дзён. З 1967 года Міхась Петрыкевіч друкаваў у рэспубліканскіх газетах і часопісах артыкулы на розныя краязнаўчыя тэмы. Вельмі шчыра сябраваў з беларускімі пісьменнікамі, асабліва з Уладзімірам Калеснікам, Уладзімірам Караткевічам, Янкам Брылём,  Фёдарам Янкоўскім, Янкам Скрыганам і многімі іншымі літаратарамі.

Аўтографы Янкі Брыля

Падчас ушанавання Міхася Петрыкевіча супрацоўнікі Дзятлаўскага райвыканкама пасмяротна занеслі яго імя ў ганаровую Кнігу Славы Дзятлаўскага раёна. Дакумент пра гэта і спецыяльны кубак былі ўручаны сыну Валерыю Петрыкевічу. Дарэчы, гэта другі раз імя Міхася Петрыкевіча заносіцца ў раённую кнігу Славы. Першы раз яго занеслі, але потым, як палітычна ненадзейнага чалавека, выкраслілі. І вось новае вяртанне шаноўнага педагога і краязнаўца ў Кнігу вялікіх людзей Дзятлаўшчыны. 

Фёдар Красюк, Валерый Петрыкевіч, Уладзімір Хільмановіч
 

У дзень ушанавання Міхася Петрыкевіча ў музеі былі арганізаваны выстава, прысвечаная жыццю Міхася Фёдаравіча Петрыкевіча, гучалі песні, успаміны, была наладжана паездка ў Валеўскую сярэднюю школу Навагрудскага раёна, дзе шмат гадоў ён працаваў. А мастак з Мінска Мікалай Несцярэўскі падараваў два партрэты Міхася Петрыкевіча для музея Дзятлава.

Фота аўтара

Каментаваць