Святы Мікалай у праваслаўных вернікаў

Мікола і Варвара ноч урвалі… Так, змясціўшыся з-за хібаў юльянскага календара бліжэй да дня зімовага сонцавароту, свята Міколы Зімовага адлюстравалася ў народным фальклоры. Праваслаўныя хрысціяне Беларусі адзначаюць яго 19 снежня, у той час іх адзінаверцы заходняга абраду шануюць памяць епіскапа з Міраў Лікійскіх 6 снежня.



Труна св. Мікалая ў Бары


З Жыццяў святых, пераказаных у Х стагоддзі па загадзе імператара візантыйскім пісьменнікам Сімяонам Метафрастам, што ўтрымліваюць жыццяпіс Міколы, найбольш папулярная гісторыя пра бядотнага бацьку, які збіраўся выправіць трох дачок з дому змагацца з галечай старажытным вулічным рамяством. Святы Мікалай дапамог няшчасным, падкінуўшы тры мяшэчка з золатам, чым выратаваў іх ад ганьбы і забяспечыў годны пасаг. Адсюль па Еўропе пашырылася завядзёнка рабіць на дзень св. Мікалая падарункі дзецям — класці пад падушку альбо ў пакінутыя пры ложку вялікія панчохі.

У часы Рэфармацыі і змагання з культам святых на Захадзе час раблення падарункаў перасунуўся на Каляды, але ў Галандыі, адкуль пайшло імя Санта Клаўса (Sinte Klaas), як і даўней, малыя атрымоўваюць сюрпрызы ў абодва святы. У сваёй жа сучаснай форме культ спадкаемцы св. Мікалая — Санта Клаўса трансфармаваўся і аброс новай святочнай міфалогіяй у знакамітым галандскім паселішчы ў Амерыцы — Нью-Ёрку.

Паводле звестак старажытных аўтараў, св. Мікалай нарадзіўся ў Малой Азіі ў Лікіі ў горадзе Патарах каля 270 года познім дзіцём у заможнай сям’і, якая доўга не мела дзяцей, і атрымаў імя, якое значыць «пераможца народа» — Мікалай. Немаўлём ён выявіў надзвычайныя рысы — стаяў на ўласных ножках у хрысцільнай купелі, у посныя сераду і пятніцу адмаўляўся ад матчыных грудзей. Сталеючы, па парадзе дзядзькі звярнуўся да вывучэння Святога Пісання і зрабіўся святаром, выяўляючы дабрачыннасці міласэрнасці і спагады разам з надзвычайнай сціпласцю. А пазней зрабіўся епіскапам у горадзе Міры.

На яго рахунку мноства цудаў: апраўданне несправядліва асуджаных трох грамадзян Міры, калі ён у апошні момант выхапіў меч з рук ката, некалькі эпізодаў збаўлення ад скону караблёў у буру, выратаванні палонных і нават гратэскны выпадак ажыўлення трох шкаляроў, разрэзаных злым гаспадаром пастаялага двара і засоленых у кадцы ў час голаду. Нястомны епіскап праславіўся змаганнем з паганствам, зруйнаваўшы храм Дыяны, калі хрысціян падтрымаў імператар Канстанцін, і з ерэтыкамі: на Першым царкоўным саборы ў Нікеі ў 325 годзе ім пабіты блюзнер Арый. На правільны шлях св. Мікалай настаўляў нават у сне, з’явіўшыся купцу з Палерма, загадаў весці карабель з правіянтам у Міры, каб спыніць голад.

Агульнае шанаванне зрабіла св. Мікалая, цуды якога надзвычайным чынам працягваліся і пасля смерці, «усіх заступнікам, усіх скорбных суцяшальнікам, усіх у бедах прыбежышчам»: да яго звярталіся сяляне і падарожнікі, маракі і маладыя дзяўчаты, шкаляры і купцы.

У Беларусь культ св. Міколы прыйшоў разам з верай з хрысціянскага Усходу, дзе велічны храм у яго гонар у VI стагоддзі ўзвёў у Канстанцінопалі імператар Юстыніян, а ў наступныя стагоддзі дзень епіскапа з Міраў знайшоў месца ўжо ва ўсіх святцах грэцкай традыцыі.

Але ў пашане да святога не адставаў і Захад: у 1087 годзе, ратуючы мошчы Мікалая ад няверных, іх перавезлі з Міраў у паўднёваітальянскі горад Бары маракі. Дзень прыбыцця святыні 9 мая ўсталяваны як дзень «веснавога Міколы», у саборы яго імя пахаваная знакамітая каралева Польшчы і княгіня ВКЛ італьянка Бона Сфорца, тут усталяваныя алтары для вернікаў заходняга і ўсходняга абрадаў, апошні з праваслаўным абразом, падараваным у XIV стагоддзі сербскім князем Урашам.

Агульнасць шанавання вернікамі абодвух абрадаў прыводзіць да таго, што ў сталіцы ВКЛ Вільні ў XIV стагоддзі амаль адначасова ўзводзяцца прысвечаныя Міколу касцёл і царква, апошняя абнаўляецца пасля 1514 года Канстанцінам Астрожскім у гонар гістарычнай перамогі войскаў ВКЛ пад Воршай.

Само імя Мікалая папулярнае не толькі ў простанародным і дробнашляхецкім асяродку, сваіх першынцаў называюць Міколамі некаранаваныя каралі Літвы Радзівілы. Нават царкоўная вунія 1596 года заключаецца ў Мікольскім саборы ў Брэсце.

Як сведчанне пашаны да святога, у некалькіх спісах XVI–XVII стагоддзяў існуе Сказанне пра цуды св. Мікалая ў Літоўскай зямлі. Іх здзяйсняў, даруючы вернікам аздараўленне ад розных хвароб, абраз святога, перанесены ў Лукомль на Віцебшчыне ў 1397 год у часы Вітаўта манахамі з Жыдзічынскага манастыра пад Луцкам, якія ратаваліся ў глыбіні беларускіх земляў ад татарскіх набегаў з поўдня. Але ў Беларусі вобраз мірлікійскага епіскапа пашырыўся раней: каменныя разьбяныя абразкі XII–XV стагоддзяў індывідуальнага ўжытку археолагі знаходзяць у раскопках Наваградка, Мінска, Турава. Папулярнасць святога настолькі вялікая, што яго адлюстраванні можна сустрэць не толькі ў іканапісе, але і ў поўнамаштабнай скульптуры, не тыповым для праваслаўнай традыцыі відзе мастацтва.

Сярод лепшых ікон св. Мікалая — твор 1751 года з Маладзечна, падпісаны манаграмістам М.В., які захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Велічны епіскап у кананічным абліччы — пурпуровым сакасе, белым падрызніку, аздобленым крыжамі амафоры і мітры, з кнігаю ў левай руцэ і складзенай у бласлаўленні правай стаіць на беразе рэчкі. За ім — краявід з храмамі, камяніцамі, пагоркамі, аблокамі.

Св. Мікалай, абраз майстра М.В. 1751 г. з Нацыянальнага мастацкага музея

Скіраваны да вернікаў жэст дабрыні і спагады, як заклік увайсці ў новы астранамічны і літургічны год з любоўю і святлом у сэрцы. І не забыцца пра падарункі малым, што, як і раней, у даўнія часы, дапаможа зрабіць не безаблічны Дзед Мароз, а добры святы Мікалай.

Каментаваць