Свет развітаўся з Габрыэлем Гарсія Маркесам

Развітанне са знакамітым калумбійскім пісьменнікам, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі Габрыэлем Гарсіяй Маркесам адбылося 21 красавіка ў Палацы прыгожых мастацтваў у Мехіка.



Цырымонію ўзначалілі мексіканскі прэзідэнт Энрыке Пенья Ньета і яго калумбійскі калега Хуан Мануэль Сантас. У мерапрыемстве прынялі ўдзел родныя і блізкія пісьменніка, а таксама выдатныя дзеячы культуры, палітыкі і сябры літаратара, — паведамляе “Еўраньюс”.
 

"Мы сабраліся, каб аддаць даніну таму, хто з халоднага Стакгольма ў снежні 1982 года ўсхваляваў ўвесь свет, загаварыў пра адзіноту ў Лацінскай Амерыцы", — сказаў Сантас, успомніўшы дату атрымання Маркесам Нобелеўскай прэміі, — перадаюць мясцовыя СМІ.

Да пастамента, на якім паставілі скрыню з прахам Маркеса, падносілі жоўтыя ружы — любімыя кветкі майстра.
 

На плошчы перад Палацам прыгожых мастацтваў у паветра былі запушчаны тысячы жоўтых папяровых матылькоў — напамін аб істотах, якія ішлі за героем шэдэўра магічнага рэалізму "Сто гадоў адзіноты".
 

Мемарыяльная цырымонія прайшла і на радзіме пісьменніка ў калумбійскім горадзе Аракатака, улады якога папрасілі даставіць туды прах пісьменніка.
 

Габо Маркес навучыўся чытаць у пяць гадоў у школе Мантэсоры, дзе яго настаўніцай была выдатная Роза Алена Фергюсан, яго першае каханне. Затым ён працягнуў вучобу ў інтэрнаце езуіцкага ліцэя гарадка Сіпакіра, дзякуючы дзяржаўнай стыпендыі.

Як лічыць яго біёграф Джэральд Марцін: "Гарсія Маркес безумоўна геній. Але без гэтага дыплома, без гэтай стыпендыі раман "Сто гадоў адзіноты" так і застаўся б толькі бляскам у вачах невядомага Мелкіадэса. Хіба не так?"

Атрымаўшы журналісцкую адукацыю і не скончыўшы юрыдычную, на якой настойвалі бацькі, будучы пісьменнік працаваў у газетах калумністам і рэпарцёрам. Ён шмат падарожнічае па Еўропе. У 1957 годзе ён пабываў у Маскве на міжнародным фестывалі моладзі і студэнтаў. Затым у Мексіцы, пасля 18 месяцаў бесперапыннай пісьменніцкай працы Гарсія Маркес надрукаваў свой шэдэўр — раман "Сто гадоў адзіноты", які чылійскі паэт Пабла Неруда назваў лепшым раманам, напісаным на іспанскай мове, пасля "Дон Кіхота".
 

Акрамя гэтага рамана найбольш вядомыя такія творы Маркеса як "Восень патрыярха", "Гісторыя адной смерці, пра якую ведалі загадзя", а таксама " Палкоўніку ніхто не піша".

Габрыэль Гарсія Маркес, легендарны калумбійскі пісьменнік, журналіст, палітычны дзеяч, памёр у Мехіка ўвечары 17 красавіка ва ўзросце 87 гадоў з-за нырачнай недастатковасці і рэспіраторнай хваробы.

"Адзінае, пра што я буду шкадаваць паміраючы, што гэта не ад кахання", — напісаў Габрыэль Гарсія Маркес у рамане "Каханне падчас халеры".

Каментаваць