Свята польскай культуры ў цэнтры Мінска

Святам польскай культуры распачаўся фестываль нацыянальных культур у Мінску.
Маладзёжны ансамбль танца Дома польскага з Ліды "Крэсовэ забавы"

Маладзёжны ансамбль танца Дома польскага з Ліды "Крэсовэ забавы"


6 жніўня на тэрыторыі Верхняга горада ў раёне плошчы Свабоды ўпершыню адбылося Свята польскай культуры. У сталіцу прыехалі дзясяткі ансамбляў і рамеснікаў, на працягу ўсяго дня з 13 гадзін гучалі польскія песні і можна было бачыць польскія танцы. Ахвочыя маглі прыняць удзел у майстар-класах, працаваў кірмаш майстроў народных рамёстваў. А гурманы маглі пакаштаваць стравы польскай кухні – журэк, флякі, бігос, галубцы, кашанка, галёнка, каўбаска кракаўская, варшаўская, вроцлаўская і многія іншыя.



У канцэртнай праграме фэсту прынялі ўдзел калектывы мастацкай самадзейнасці з Беларусі: ансамбль польскай песні "Польскае рэха Астраўца", танцавальны калектыў "Крэсовэ забавы", узорны ансамбль польскай песні і танца "Ютшэнка", ансамбль польскай песні "Івенчанка", аматарскае аб'яднанне прадстаўнікоў нацыянальных культур "Шматгалоссе" і шэраг іншых выканаўцаў.




Свае вырабы прадставілі майстры народных промыслаў з Гродзенскай, Мінскай абласцей і сталіцы. Была прадстаўлена экспазіцыя Беларускага дзяржаўнага музею архітэктуры і побыту. Ігар Бабіцкі прывёз экспазіцыю "Беларусы ў складзе Войска польскага", а Іосіф Суднік выставіў калекцыю грашовых знакаў і манет часоў Польшчы 1918–1939 гг.


На тэрыторыі Беларусі пражывае каля 300 тыс. палякаў. Каля 2% мінчукоў адносяць сябе да палякаў. У рэспубліцы налічваецца больш 140 нацыянальнасцяў, 25 з іх стварылі нацыянальныя аб'яднанні. Палякі былі ў ліку першых. Як сказаў падчас свята старшыня рэспубліканскай арганізацыі "Саюз палякаў на Беларусі" (СПБ) Мячаслаў Лысы:

– У нас з беларусамі вельмі шмат агульнага. Культура ў тым ліку падобная. Напрыклад, мова, песні, рамёствы, адзежа. Сёння мы гэта паказваем тут.

Свята працягнулася да 23 гадзін. Арганізатарамі свята выступілі Мінгарвыканкам, грамадскае аб'яднанне "Саюз палякаў на Беларусі".


Да канца жніўня падобныя святы з канцэртамі, выставамі і дэгустацыяй нацыянальнай кухні правядуць дыяспары Карэі, Украіны, Грузіі.

Каментаваць