СВЯТА ПЯТРА І ПАЎЛАЎ

Надышоў час пазвальняць усіх беларускіх літаратараў за профнепрыдатнасць. Самыя гучныя кнігі пачатку зімы выдалі палітыкі: Павел Севярынец напісаў кнігу пра любоў, Пётр Садоўскі паставіў «балет Мойшы», а спадар пасол Ізраілю Зээў Бен-Ар’е скончыў сваю місію ў Беларусі прыемным сюрпрызам для аматараў літаратуры.

ЖЫВАЯ МОВА ФРУКТАЎ

Чалавек, які скраў Сьцяну Плачу: 15 ізраільскіх апавяданьняў у перакладах Паўла Касцюкевіча. — Мн.: Логвінаў, 2009.

Надышоў час пазвальняць усіх беларускіх літаратараў за профнепрыдатнасць. Самыя гучныя кнігі пачатку зімы выдалі палітыкі: Павел Севярынец напісаў кнігу пра любоў, Пётр Садоўскі паставіў «балет Мойшы», а спадар пасол Ізраілю Зээў Бен-Ар’е скончыў сваю місію ў Беларусі прыемным сюрпрызам для аматараў літаратуры.

ЖЫВАЯ МОВА ФРУКТАЎ

Чалавек, які скраў Сьцяну Плачу: 15 ізраільскіх апавяданьняў у перакладах Паўла Касцюкевіча. — Мн.: Логвінаў, 2009.

Малады беларускі літаратар і журналіст Павал Касцюкевіч — двойчы герой ізраільска-беларускай дружбы. У 2006 годзе пасольства дзяржавы Ізраіль прэзентавала першую кнігу яго перакладаў з іўрыту — «Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць Богам», зборнік апавяданняў выбітнага ізраільскага пісьменніка Этгара Керэта. І вось праз два гады — новы падарунак чытачу. 11 снежня ў ізраільскім культурным цэнтры адбылася прэзентацыя зборніка апавяданняў «Чалавек, які скраў Сцяну Плачу».

«Гэта кніга зробленая з вялікай любоўю!» — цешацца яе першыя чытачы. Гэта бачна па тым, як яна ўкладзена. Нестандартныя ўступы прадстаўляюць нам аўтараў дзвюх генерацый — «маладзейшай» і «старэйшай», зборнік мае ажно дзве прадмовы — ад перакладчыка і ад фундатара, Зээва Бен-Ар’е. Спадар пасол, згадваючы пра тое, як габрэі фактычна з нуля адрадзілі іўрыт, з гонарам зазначае, што цяпер гэта гутарковая мова з усімі магчымымі стылямі: ёй карыстаюцца і заўзятары на стадыёне, і падлеткі на дыскатэцы, і прафесары падчас лекцый. Уся гэта разнастайнасць патрабуе жывога і адпаведнага перакладу на беларускую мову. «Праўдзівы дыялог ізраільскай і беларускай культураў можа весціся адно на нацыянальных мовах — іўрыце і беларускай», — зазначае дыпламат.

 «Каб перакладаць, мне не трэба было корпацца ў слоўніках, карысней было выйсці на вуліцу, паслухаць жывую размову прадавачкі фруктаў з пакупніком,» — прызнаўся падчас прэзентацыі Павал Касцюкевіч. Рабіў ён гэта, стоячы перад публікай на адной назе: у іўрыце ёсць выраз «гаварыць на адной назе», гэта значыць, сцісла і па сутнасці. У сваёй прадмове ён у некалькіх старонках спрабуе пераказаць нам гісторыю сучаснай літаратуры Ізраілю. Касцюкевіч мае сваю візію кароткага апавядання — яго любімага жанру. «Сучасныя ізраільскія пісьменнікі, — тлумачыў ён, — спрабуюць завабіць чытача кідкімі інтрыгоўнымі назвамі, нестандартным пачаткам — усё, як у журналістыцы. І разам з тым іх апавяданні — не аднадзёнкі, у іх ёсць надзвычайная глыбіня».

У прэзентацыі было адно слабое звяно. Чытаць перакладную прозу быў запрошаны прафесійны актор, маладая зорка беларускай сцэны, які да жаху кепска даў сабе рады з творчым заданнем. Нават калі б да нас не даходзілі чуткі пра скандалы, якія скаланаюць Купалаўскі тэатр, ужо па адным гэтым чытанні можна было даўмецца, што на беларускіх падмостках усё кепска. Бо пасля «прафесіянала» на сцэну выйшаў «аматар» — герой вечара Павал Касцюкевіч — і бліскуча прачытаў тэкст ужо са зборніка сваіх апавяданняў «Душпастырскія спатканні для дачнікаў» з серыі «Кнігарня «Наша ніва». Гэтая кніга па праве лічыцца ці не найяскравейшым дэбютам у сучаснай беларускай прозе. Як і пераклады Паўла, яна паўстала на жыццядайным міксе беларускіх і габрэйскіх культуры і штодзённасці.

На паліцы ў рэдакцыі НЧ цяпер ёсць кніга з аўтографам: «Яшчэ адзін пераклад ізраільскай літаратуры на беларускую мову. Ужо не дзівота, а добрая традыцыя. Развітальны падарунак Зээва Бен-Ар’е на пасадзе пасла Ізраілю ў Беларусі». «Дзякуй усім, з кім я пазнаёміўся цягам гэтых год працы. Нават калі гэта знаёмства адбылося завочна — праз кнігі, творчыя сустрэчы, спектаклі… Гэта вельмі важна для мяне», — такімі словамі спадар пасол развітаўся з беларускай творчай інтэлігенцыяй.

У ПОШУКАХ ШЫБАЛЕТУ

Пётр Садоўскі. Мой шыбалет. Аўтабіяграфічныя арабэскі. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе). — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2008.

12 снежня Радыё «Свабода» — адзінае, відаць, радыё, чый эфір раз-пораз канвертуецца ў мастацкія выданні — прадставіла 15-ю кнігу ў сваёй калекцыі, аўтабіяграфічны «Мой шыбалет» Пётры Садоўскага. Зірнуўшы на вокладку, чытач, схільны да каламбураў, убачыць на ёй той самы «Мойшы балет», які спачатку пабачылі мы. Сэнс назвы і сапраўды звязаны з гарбрэйскім кантэкстам, але значна менш папсовым чынам. Слова шыбалет (shibboleth) паходзіць з Бібліі, з Кнігі Суддзяў: «І перахапілі Галаадыцяне пераправу цераз Іардан у Яфрэмавых, і калі хто з ацалелых Яфрэмавых казаў: «дазвольце мне пераправіцца», дык жыхары Галаадскія казалі яму: ці не Яфрэмаў ты? Той казаў: не. Яны казалі яму: «скажы: «шыбалет», а ён казаў: «сыбалет», і не мог інакш вымавіць. Тады яны, узяўшы яго, заколвалі каля пераправы цераз Іардан. І загінула тым часам з Яфрэмавых сорак дзве тысячы». Слова «шыбалет» (у перакладзе — «плынь» або «колас») увайшло ў мовы свету ў значэнні «моўны пароль», характэрная асаблівасць, па якой можна зразумець, да якой этнічнай групы належыць носьбіт мовы. Лінгвіст і дыпламат Пётра Садоўскі ў інтэрв’ю Радыё «Свабода» тлумачыць: «Я шукаю беларускі шыбалет, што ёсць мы сярод усяго чалавецтва».

Гэта першая кніга Садоўскага. Кніга-бальзам на раны старэйшаму пакаленню і навука маладзейшаму. Бо, пагадзіцеся, рэдка ў адной асобе сыходзіцца чалавек, які жыве насычаным жыццём, і чалавек, здольны ўсё гэта захапляльна апісаць. «Мой шыбалет» — мемуары, памножаныя на эсэістыку.

І яшчэ адзін ключ прыадчыняе сакрэт цікавасці інтэлігентнага чытача да гэтай кнігі. Пётра Садоўскі — увасабленне таго самага філосафа на троне, аб якім марыць адукаваны грамадзянін і які, па многіх сацыякультурных прычынах, немагчымы ў нашай краіне. Пачатак 1990-х — той час, калі Беларусі прыпала некалькі год улады інтэлектуалаў, пра што цяпер многія згадваюць з настальгіяй. Калі б… Калі б… Садоўскі — прадстаўнік тых элітаў, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання. Сучаснай дэмакратычнай моладдзю той час успрымаецца як перыяд герояў з кнігі «Міфы і легенды старажытнай Грэцыі». Неаднойчы чутая показка пра Садоўскага: першы пасол незалежнай Беларусі ў Нямеччыне, ён выйграў конкурс сярод дыпламатаў, назваўшы максімальную колькасць нямецкіх прыказак і прымавак. Дальбог, гэты чалавек здзейсніў бы яшчэ 11 подзвігаў, калі б... Калі б…

І разам з тым кніга «Мой шыбалет» — інтымна-шчымлівая. Гэта «споведзь» аўтара, яго «распрананне перад чытачом». Нядзіва, што падчас прэзентацыі кнігі сядзіба БНФ была перапоўненая.

ДЗВЕСЦЕ ЛЮБОВЯЎ СЕВЯРЫНЦА

Павал Севярынец. Люблю Беларусь: 200 феноменаў нацыянальнай ідэі. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008 (Кнігарня «Наша Ніва»).

Калі ў вас яшчэ няма дзетак, іх варта завесці хаця б для таго, каб было каму чытаць перад сном новую, шостую (!) кнігу Паўла Севярынца. Цяжка вызначыць жанр гэтай 600-старонкавай масіўнай працы, пакуль не скажаш сабе: падручнік. У далёкім дзяцінстве ў мяне была выдадзеная на кепскай паперы брашура «100 пытанняў і адказаў па Гісторыі Беларусі». Яна несла не так шмат інфармацыі, але затое моцна, у адзін прысест, перапраўляла свядомасць. Так я і даведалася, хто вашы, а хто — нашы. Прыкладна для гэткіх жа мэтаў можа служыць грунтоўная праца свежага светача кансерватыўнай беларускай думкі, прэзентаваная 12 снежня на сядзібе Беларускага ПЭН-цэнтру.

«Люблю Беларусь» — вельмі прыгожая кніга, і справа не толькі ў дызайне. Ствараючы фенаменалогію Беларускай Ідэі, Севярынец часта грашыць як супраць гістарычнай праўды, так і супраць звычайнай логікі. Але ў гэтых пагрэшнасцях і палягае прыгажосць. Бо гісторыя чалавецтва — гэта не тое, што было насамрэч, а тое, як гэта канцэптуалізавалі пазнейшыя эпохі. Першае месца ў маім сэрцы — Паўлава спроба канцэптуалізацыі пергідролі: «Сённяшнія беларусачкі фарбуюцца пасвятлей, дзеля таго, каб вярнуцца да першапачатковага — белага-белага вобразу».

Калі ж адкінуць усе ідэалагічныя штучкі, «аўтарская энцыклапедыя» Паўла Севярынца чытаецца нагбом, як байранічная паэма. Дарэчы, у кнізе фігуруе нават самы сапраўдны верш аўтарства Паўла Севярынца! Кніга сатканая з пастулатаў, лозунгаў, а то і наўпрост — рэкламных слоганаў беларускай ідэі, некаторыя з якіх паводле сваёй паэтычнасці нагадваюць мадэрністычны жанр монавершу-грэгерыі: «Беларускі рушнік — маленькі бел-чорвона-белы сцяг»; «Камароўскі кірмаш — чэрава Мінску». Зараз паспрабую сфармуляваць у гэтым стылі… Вось! Павал Севярынец — беларускі Леанід Парфёнаў.

Севярынец празмерна сакралізуе Беларусь. Чаго толькі вартыя пасажы «Галоўная беларуская асоба — Ісус Хрыстос» ці «Храм — эпіцэнтр беларускай нацыянальнай ідэі», «Беларусь — гэта духовая рэальнасць» і многія-многія іншыя. Тым самым ён становіцца на хісткі масток месіянства, пад знакам якога адраджалася ў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя польская дзяржаўнасць. Хісткі, бо атаясамленне роднай краіны з целам укрыжаванага Ісуса як спроба абуджэння нацыянальнай свядомасці — прыём састарэлы на цэлае стагоддзе. Зрэшты, мы не маем нічога супраць — калі Паўлу так прыемней. Усё, што ён робіць і піша, апраўдвае адна важная рэч: ён і сапраўды любіць Беларусь. І ці не ўпершыню ў беларускай літаратуры ў яго працы яна ўцелаўляецца не ў вобраз жанчыны-маці, а ў вобраз дзяўчыны-нявесты, па ўзнёсласці і недасяжнасці блізкай да Петраркавай Лауры і Дантавай Беатрычэ. І крыху сумна робіцца ад таго, што, насуперак слыннаму паролю Кастуся Каліноўскага, але проста як у італьянцаў з іх музамі, у Беларусі з Севярынцам не ўзаемна.

На паліцы ў рэдакцыі «НЧ» цяпер ёсць кніга «Люблю Беларусь» з аўтографам аўтара, да якога прыпісана: «Яна 3:16». Нам удалося дэшыфраваць пасланне: «Бог так палюбіў свет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, кааб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, а меў жыццё вечнае».

Каментаваць