Свята “рокавай” душы

Адбылася падзея, якую чакалі, бадай, многія, калі не ўсе заўзяраты беларускай рок-музыкі. У “Баравой — ёсць такая авіяцыйная база ДТСААФ пад Мінскам — 23 мая ладзіўся першы нацыянальны фестываль рок-музыкі “BelaMusic–2009. І гэты “першы блін, спечаны непадробным лідэрам, напэўна, самага беларускага фолк-рок-гурта “Палац Алегам Хаменкам, не стаўся камяком.



Адбылася падзея, якую чакалі, бадай, многія, калі не ўсе заўзяраты беларускай рок-музыкі. У “Баравой — ёсць такая авіяцыйная база ДТСААФ пад Мінскам — 23 мая ладзіўся першы нацыянальны фестываль рок-музыкі “BelaMusic–2009. І гэты “першы блін, спечаны непадробным лідэрам, напэўна, самага беларускага фолк-рок-гурта “Палац Алегам Хаменкам, не стаўся камяком.

Гэта было сапраўды свята беларускай музыкі пад адкрытым небам — цяпер, дзякуй Богу, на тэрыторыі Беларусі. Ад сярэдзіны 90-х гадоў, калі ў Мінску пры канцы лета ладзіла рок-фэсты газета “Беларуская маладзёжная (што стала, на вялікі жаль, гісторыяй), такіх падзеяў, прынамсі ў сталіцы ці побач з ёй, не адбывалася.

Арганізавана ўсё было насамрэч па-еўрапейску (мне даводзілася бачыць падобныя імпрэзы ў Даніі, Германіі, Польшчы, Літве). “BelaMusic–2009 — сапраўды фестываль еўрапейскага ўзроўню, і дзякуй за гэта яго арганізатарам, у першую чаргу лідэру “Палаца і мастацкаму кіраўніку фэсту Алегу Хаменку і адказнаму за тэхнічнае забеспячэнне Уладзіміру Шаблінскаму.

Нягледзячы на праанансаванае ўсімі дзяржаўнымі і недзяржаўнымі СМІ “штармавое папярэджанне, а таксама на тое, што ў дзень правядзення фестывалю над галоўным праспектам Мінска былі зняты ўсё рэкламныя расцяжкі, у Баравую прыехалі каля дзвюх тысяч аматараў беларускай музыкі, якія не пашкадавалі, што наведалі “BelaMusic. Сваімі выступамі парадавалі “Крама, “Нейра Дзюбель, “Без білета, “Палац, “Дзеці Дзяцей, “J:Mors, “Гарадскія, а таксама легендарныя ветэраны беларускай рок-сцэны Аляксандр Растопчын, Аляксей Казлоўскі і Кірыл Шывандо.

Двойчы нябёсы раскрываліся залеваю, але і гэта не напалохала тых, хто прыехаў на фестываль: практычна ніхто не пакінуў пляцоўку перад сцэнай. А як узнагароду з неба можна лічыць для Алега Хаменкі (“Палац пачаў свой выступ, акурат тады, калі ішоў моцны дождж) дзве неверагодныя па прыгажосці і яркасці вясёлкі, якія паўсталі побач са сцэнай пасля заканчэння залевы.

Асаблівы рэспект хацеў бы выказаць супрацоўнікам міліцыі Мінскага раёна, якія вельмі прыязна і паважліва ставіліся да гасцей фестывалю, да моладзі, і не перашкаджалі народу весяліцца (гэта прыемнае адрозненне ад сталічных спецназаўцаў, якія пачуваюцца гаспадарамі жыцця паўсюдна — ці то на акцыях апазіцыі, ці то на канцэртах заезджых “зорак).

Карацей, свята атрымалася, і першы блін стаўся смачнай стравай. Далі Бог, не апошні раз. У добры шлях, “BelaMusic!










 

Каментаваць