Свята старажытнай музыкі

27–29 красавіка ў Мінску адбыўся ХІ міжнародны фестываль сярэднявечнай і фальклорнай музыкі “Дударскі фэст–2012. Сапраўднае свята для шматлікіх прыхільнікаў старажытнай музыкі, бо на фестывалі, як заўжды, быў прадстаўлены авангард айчыннай медыевальнай сцэны, навінкі ад лідараў дударскага руху Беларусі.

(На здымку: Тодар Кашкурэвіч)



27–29 красавіка ў Мінску адбыўся ХІ міжнародны фестываль сярэднявечнай і фальклорнай музыкі “Дударскі фэст–2012. Сапраўднае свята для шматлікіх прыхільнікаў старажытнай музыкі, бо на фестывалі, як заўжды, быў прадстаўлены авангард айчыннай медыевальнай сцэны, навінкі ад лідараў дударскага руху Беларусі.

(На здымку: Тодар Кашкурэвіч)


Адна з пастаянных задач “Дударскага фэсту — пошук такой канцэртнай формы, якая б была цікавая слухачам і захапляла выканаўцаў. Бо ад іх узаемаадносін якраз і залежыць поспех альбо няўдача імпрэзы. Таму на мінулагодніх “Дударскіх фэстах былі прадстаўлены рознабаковыя аспекты існавання беларускай дударскай традыцыі ў кантэксце еўрапейскай: беларускія слухачы даведаліся, як гучаць розныя тыпы інструментаў, пазнаёміліся з выканаўцамі з Польшчы, Японіі, Эстоніі, Латвіі, Расіі.

Своеасаблівую сенсацыю (і дыскусію) зрабіла жаночая традыцыя грання на дудзе, што пачынае нараджацца ў краіне. Прыемна, што беларускія дзяўчыны стварылі на сцэне цудоўны музычны вобраз з выразным славянскім жаночым шармам (гляньце на здымкі дзяўчат з дудамі ў альманаху “DUDAR!). Гэты сінтэз робіць наш дударскі рух больш разнастайным і прывабным.

Нельга не ўспомніць і нараджэнне такога стылістычнага спалучэння, як выкарыстанне дуды ў беларускіх рок-гуртах. Арганізатары цудоўна разумеюць важнасць развіцця дударскай традыцыі ў межах сучасных стылістычных напрамкаў.

Вось і “Дударскі фэст–2012 займеў сваю разынку. Арганізатары абвясцілі, што яго лейтматывам стане выкарыстанне дуды разам з электроннай музыкай, а таксама ў ды-джэйскіх сэтах.

Праўда, першы дзень “Дударскага фэсту быў аддадзены беларускай традыцыі ў чыстым выглядзе: у холе Палаца ветэранаў граў малады дударскі гурт “Тутэйшыя, а на сцэне валадарылі тыя, хто сёння вызначае стан айчыннай дударскай школы. Першымі на сцэну выйшлі ўдзельнікі івянецкага дзіцячага гурта “РАРОГ, якім кіруе былая ўдзельніца гурта “Стары Ольса, а цяпер педагог Кацярына Радзівілава. Інструментальны склад гурта “РАРОГ — два шалмеі, дуда і бубен. Нягледзячы на невялікі склад, гурту пад сілу выконваць даволі складаныя інструментальныя п’есы — як сярэднявечныя, так і фальклорныя. Слухачы цёпла прымалі такія вядомыя дударскія мелодыі, як “Верабей, “А мой дзядзька дуднік быў, што надало юным музыкантам імпэту і добрага творчага настрою да наступнага “Дударскага фэсту.

Дударскі дуэт Дзяніс Сухі (які граў на мацянцы — трохбурдоннай, безрагаўнёвай дудзе сваёй вытворчасці) і Стась Чавус парадавалі слухачоў яркім выканаўчым майстэрствам: гучанне іх інструментаў адрознівалася чыстатой тэмбраў, глыбінёй дудовага гуку і выразнай танцавальнасцю. Здаецца, музыкі толькі што сышлі з подыума сельскай карчмы. Іх рэпертуар складаўся з музыкі ХІХ–ХХ стагоддзяў — найгрышаў вядомых беларускіх дудароў мінулага: беларускай “Полькі, “Мяцеліцы, малавядомай версіі “Лявоніхі. З часам да дуэта Сухі—Чавус дадаўся бубнач Яўген Барышнікаў, а Стась узяў у рукі скрыпку. Так утварыўся традыцыйны гурт “траістых музыкаў, толькі ў яго складзе дамінавала дуда Дзяніса, што было характэрна для сельскіх капэл яшчэ да з’яўлення на беларускіх землях гармоніка.

“CORNUCOPIA

“ESSA



Гурт абрадавага фальклору “ESSA вітаў слухачоў змененым складам. Цяпер у ім граюць дудар Тодар Кашкурэвіч, вакальныя партыі выконвае Вольга Кашкурэвіч, на скрыпцы грае і спявае Кацярына Радзівілава. Як зазначыў Т. Кашкурэвіч, галоўная мэта музыкантаў — перадаць слухачам адчуванне эмоцыі, якую геніяльна ўклалі нашы продкі ў спеўны фальклор. “Фальклор не можа быць гісторый, ён жыве ў нашай рэчаіснасці, — падсумаваў Тодар.

Сапраўды, у выканні “ESSA прагучалі песні каляндарнага цыклу: “Юр’я-Цмок, рэлігійны спеў “Замова да Пяруна, вядомы танец “Таўкачы ў мінорнай танальнасці. Поспеху гурта “ESSA спрыяла высокае выканаўчае майстэрства і аўтарскае прачытанне даўніх ўзораў народнай творчасці, след якіх губляецца ў стагоддзях. Асабліва хацелася б звярнуць увагу на вакальныя магчымасці Вольгі Кашкурэвіч, якая зачаравала слухачоў экспрэсіўнасцю спеваў і заглыбленасцю ў фальклорную тэму.

Першы дзень “Дударскага фэсту завяршыў гурт “Стары Ольса, музыканты якога выканалі творы эпохі Рэнесансу і ранняга барока. Асаблівай шляхетнасцю вызначаліся адносіны ольсаўцаў да “Полацкага сшытка. Зразумела, справа рэканструкцыі гэтага музычнага помніка — вельмі тонкая і патрабуе шмат ведаў па сярэднявечнай тэматыцы. Гэтыя веды музыканты маюць, таму факт застаецца фактам: апрацоўкі “Полацкага сшытка ад “Старога Ольсы — узорныя для айчыннай медыевальнай сцэны. У гэтым наведвальнікі “Дударскага фэсту ўпэўніліся, калі гучалі такія п’есы з “Полацкага сшытка, як “Танец у балканскім стылі, “Пастыр, “Немец, “Ягелонскі танец ды іншыя.

Зміцер Сасноўскі

“TRYZNA



Акрамя гэтых мелодый, музыканты выканалі і некалькі твораў, якія раней былі мала вядомы слухачам. Такім сюрпрызам стала кампазіцыя “Маці-каралева з адной з еўрапейскіх музычных партытур мінулага. “Маці-каралева — твор рэлігійны, баладнай структуры, які мае больш за дваццаць вершаваных слупкоў. Удзельнікі “Старога Ольсы пераклалі тэкст на беларускую мову і гарманізавалі яго для гурта старажытнай музыкі. Увогуле, новая кампазіцыя ў выкананні “Старога Ольсы прагучала манументальна і сугучна з беларускай музычнай традыцыяй. Такія ўражанні ад беларускай і еўрапейскай музыкі мінулага сталі галоўнымі чыннікамі першага дня “Дударскага фэсту.

Другі дзень “Дударскага фэсту быў прысвечаны традыцыйнай “Дударскай канферэнцыі, якая прайшла на свежым паветры ў музейным комплексе “Дудуткі. Не ўсе слухачы змаглі туды патрапіць, таму арганізатары фестывалю прадублявалі музычную праграму ўжо ў сталічным клубе “RE:PUBLIC. У рамках гэтай часткі праграмы выступілі ўжо знаёмыя па першаму фестывальнаму дню выканаўцы: гурт “Тутэйшыя, “траістыя музыкі Д. Сухі, С. Чавус, Я. Барышнікаў. І завяршыў першую частку апошняга дня фестывалю гурт “Стары Ольса. Іх сэты паўтарылі праграмы першага дня, як і слухацкую рэакцыю на іх выступы. Таму засяродзімся на тым, што новага чакала слухачоў па завяршэнні фэсту.

Першай такой “навінкай стаў выступ гурта дударскай музыкі “CORNUCOPIA з салістамі на галісійскай гайце Зміцерам Шыманскім і Ягорам Кацючэнкам. Гурт арыентуецца збольшага на еўрапейскую музычную традыцыю і адпаведны рэпертуар, а гучанне “CORNUCOPIA наблізілася да чыстага дударскага, без нейкіх музычных дамешкаў. Хоць гурт па сваёй спецыфіцы застаецца інструментальным, у рэпертуары ёсць вакальныя творы, у тым ліку і беларускага паходжання. Адзін з іх — “Рэкруцкая — выклікаў асабліва шчырыя апладысменты слухачоў і арганічна завяршыў праграму “CORNUCOPIA.

“PAWA

“Тутэйшыя



Міжнародная частка фэсту была прысвечана музыцы Польшчы, Усходняй і Паўночнай Еўропы, якую прапанаваў слухачам гурт сярэднявечнай музыкі са Шчэціна “TRYZNA пад кіраўніцтвам М. Матыня (Michal Matynia). У складзе гурта шмат старажытных інструментаў: галісійская гайта, цыстра, шведская nyckelharpa і інш. Беларускія слухачы высока ацанілі выканаўчае майстэрства і арыгінальнасць аранжыровак гасцей і воклічамі “брава! выказвалі спадзеў на новыя музычныя сустрэчы.

Своеасаблівую сенсацыю стварыла суполка дудароў, якія своечасова вярнуліся з “Дударскай канферэнцыі ў Дудутках. Абяцаны арганізатарамі імправізацыйны сэт з удзелам ды-джэя Паўла Бальцэвіча падтрымалі сваім дударскім імпэтам Дзяніс Шматко (“Тутэйшыя), Зміцер Сасноўскі, Сяргей Тапчэўскі (“Стары Ольса) і Дарэк Джаман (“TRYZNA). Іх імправізацыі адрозніваліся спантаннасцю, і ў той жа час гарманічнай зладжанасцю з сучаснымі электроннымі рытмамі ды-джэйскіх прылад. Малады люд выкарыстаў магчымасць ад душы патанчыць і навучыцца старажытным па ў танцавальных гуртоў “Яварына, “Ды Грыза, “Фламея, “Гістрыён.

Праект “PAWA, заснавальнікамі якога з’яўляюцца Юрась Панкевіч і Мікіта Седзянкоў, прапанаваў слухачам сваё разуменне сінтэзу сучаснасці і старажытнасці. Іх дыска-фолк заснаваны на выкарыстанні дыскатэчных рытмаў, тэмбраў сінтэзатараў, драйву струнных інструментаў і фолькавага гучання беларускай дуды. Па сутнасці, “PAWA — пост-фолк-мадэрнавы гурт, які пашырае веды моладзі пра айчынны фальклор з дапамогай папулярных рытмаў і рок-аранжыровак. Таму менавіта музыкі гурта “PAWA падрыхтавалі слухачоў да супер-моцных уражанняў, якія выклікалі ў іх лідары айчыннай фолк-рок-сцэны — гурты “Кашлаты Вох і “LITVINTROLL.

Ва ўступным слове да слухачоў і ўдзельнікаў “Дударскага фэсту–2012 яго заснавальнік Тодар Кашкурэвіч адзначыў, што адроджаная дударская школа Беларусі — самая аўтарытэтная ва Усходняй Еўропе. І сёлетні “Дударскі фэст даў новыя падставы для такога сцвярджэння. Хаця і не гарантаваў спакою яго арганізатарам у новым дударскім сезоне.

 

Каментаваць