Святая Ефрасіння і яе скарбы

5 чэрвеня споўнілася 100 гадоў з дня, калі праз некалькі стагоддзяў з Кіева-Пячорскага манастыра на радзіму ў Полацк з вялікімі ўрачыстасцямі вярнуліся мошчы самай слаўнай беларускай святой Ефрасінні Полацкай. Як тады, тысячы вернікаў узялі ўдзел у Полацку ва ўрачыстых набажэнствах у Крыжаўзвіжанскім саборы Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. Фотавыстава «Незабыўныя дні» ў мастацкай галерэі вярнула палачан у 1910 год. Прайшлі прысвечаныя Ефрасінні навуковыя чытанні і кінафестываль духоўных фільмаў.



5 чэрвеня споўнілася 100 гадоў з дня, калі праз некалькі стагоддзяў з Кіева-Пячорскага манастыра на радзіму ў Полацк з вялікімі ўрачыстасцямі вярнуліся мошчы самай слаўнай беларускай святой Ефрасінні Полацкай. Як тады, тысячы вернікаў узялі ўдзел у Полацку ва ўрачыстых набажэнствах у Крыжаўзвіжанскім саборы Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. Фотавыстава «Незабыўныя дні» ў мастацкай галерэі вярнула палачан у 1910 год. Прайшлі прысвечаныя Ефрасінні навуковыя чытанні і кінафестываль духоўных фільмаў.

Як вяртанне мошчаў святой на радзіму, так і іншыя абставіны яе жыцця, поўныя ўзнёслага сэнсу. Яе «Жыціе», напісанае напрыканцы ХІІ стагоддзя невядомым манахам, выдатнейшы помнік старабеларускай літаратуры, дайшло да нашчадкаў у сотні спісаў шасці розных рэдакцый. Храм св. Спаса быў узведзены, як апавядае «Жыціе», за 30 тыдняў дойлідам Іаанам з Боскаю дапамогаю — цагляныя пліты, якіх неставала ў апошні момант, каб скончыць будоўлю, голас з неба падказаў адшукаць забытымі ў печы. Вандруе па Расіі абраз «Божай Маці Адзігітрыі-Пуцевадзіцельніцы», полацкі спіс візантыйскага абраза, атрыманага Ефрасінняй з Канстанцінопаля. Крыж св. Ефрасінні, шэдэўр злотніка Лазара Богшы, знак-абярэг Беларусі, што таямніча знік у ліпені 1941 года з Магілёўскага музея, чакае свайго вяртання на радзіму.

Вяртанне святой

Сама Ефрасіння вярталася ў Полацк доўга. Дачка полацкага князя Святаслава-Георгія (сына Усяслава Чарадзея) і Сафіі, народжанай кіеўскім князем Уладзімірам Манамахам, яна прыйшла ў свет са славянскім імем Прадслава. Каб па дасягненні 12 гадоў расчараваць бацькоў, адмовіўшыся прымаць звычайны лёс князёўны ў выглядзе роўнай па пасагу шлюбнай партыі. «Што ж паспелі роды нашыя, якія былі да нас? Жаніліся і выходзілі замуж, і княжылі, але не вечна жылі… слава іхняя, быццам прах, горай за павуцінне…», — мовіла Прадслава, абіраючы манаскі шлях.

Пострыг яе адбыўся таемна ад бацькоў у дзень св. Ефрасінні Александрыйскай, паводле меркавання даследчыка Аляксея Мельнікава — 25 верасня 1116 года. І пачаўся шлях духоўны, за які «памятаюць на зямлі», — перапісванне кніг, заснаванне манастыроў і храмаў, аздабленне іх творамі высокага духоўнага мастацтва. Служба Полацку і яго люду. Калі св. Ефрасіння, ужо ігумення Спаскага манастыра, пакідала Полацк у 1167 годзе, каб памаліцца пры Труне Гасподняй у Іерусаліме, палачане праводзілі яе з плачам: «Куды заходзіш, святло вачэй нашых?» Як бы прадчуваючы доўгае расстанне. Паспеўшы ўбачыць Святую Зямлю і памаліцца, Ефрасіння спачыла ў Іерусаліме і з пашанай была пахавана там у Феадосіевым манастыры.



Шлях дамоў пачаўся ў 1187 годзе. З Іерусаліма, абложанага султанам Саладзінам, за выкуп манахі з Русі здолелі вывезці нятленна захаваныя мошчы святой. Паданне сцвярджае, што кіраваліся яны ў Полацк, але з-за адвечнага суперніцтва Полацка з Кіевам данеслі скарб толькі да апошняга. Дзе ў Пячорскім манастыры ў падземным храме Звеставання Багародзіцы ў срэбнай труне з адкінутым для назірання і пакланення вечкам св. Ефрасіння затрымалася больш чым на сем стагоддзяў.

На радзіму святая, шанаваная і праваслаўнымі, і грэка-католікамі, і католікамі, вярнулася пасля настойлівых просьбаў вернікаў ужо ў царскія часы. Магчыма, менавіта павага да яе не толькі сярод праваслаўных спыняла цароў, пачынаючы ад Аляксандра ІІ, даць дазвол беларусам на атрыманне святыні. Наважыўся толькі Мікалай ІІ. У 1910 годзе Полацк перажыў сапраўднае свята.

Таямніца крыжа

Але з Ефрасінняй звязаныя іншыя сімвалы хрысціянства ў Беларусі. Перш за ўсё — Крыж Лазара Богшы. Шасціканцовы крыж-каўчэг з кіпарыса, абкладзены 21 залатой пласцінай з каштоўнымі камянямі, з нізкай перлаў па краі, 20 эмалямі з выявамі святых і пяццю гнёздамі для мошчаў — святых Стэфана, Дзмітрыя, Панцеляймона, кавалачка святога крыжа з крывёй Хрыста і каменьчыкам ад труны Багародзіцы… Выявы на эмалях — Хрыста, Багародзіцы, Іаана Прадцечы, айцоў царквы, евангелістаў, архангелаў і апекуноў бацькоў і самой Ефрасінні — свсв. Сафіі, Георгія, Ефрасінні Александрыйскай.

Выключнай якасці ювелірны шэдэўр, які мог паспрачацца з лепшымі творамі ювеліраў Царграда, быў закліканы асцерагаць Спаскі манастыр і горад. Пра гэта казаў надпіс, выбіты на пласцінках: «У лета 6669 (1161) кладзе Ефрасіння святы крыж у сваім манастыры, у царкве святога Спаса… І хай не выносяць яго з манастыра ніколі, і не прадаюць, не аддаюць…» І далей — праклён пад страхам страшнай кары парушальнікам, а таксама імя майстра, які выканаў працу, — Лазар Богша.

Загавор дзейнічаў не заўсёды: ужо ў канцы ХІІ стагоддзя яго вывезлі смаленскія князі, а са Смаленску ў 1514 годзе ў Маскву яго забраў Васіль ІІІ. Як ні дзіва, спалохаўшыся праклёну, крыж вярнуў у Полацк Іван Жахлівы… Пра нешчаслівы лёс святыні ў ХХ стагоддзі многа пісалі. Перажыўшы шмат якія ліхалецці, святыня была канфіскавана бальшавікамі ў 1921 годзе. У 1928-м, дзякуючы тагачаснаму дырэктару Беларускага дзяржаўнага музея і былому прэм’еру Беларускай Народнай Рэспублікі Вацлаву Ластоўскаму, з полацкага фінаддзела яна трапіла ў Мінск, каб праз год быць вывезенай у Магілёўскі музей.

Фрэска са Спасаўскай царквы

Спасаўскі манастыр


Магілёў меўся стаць сталіцай БССР, і разам з установамі туды перамяшчаліся многія каштоўнасці. Крыж захоўваўся ў адмысловым пакоі-сейфе дарэвалюцыйнага зямельнага банка, на той час абкама і гаркама партыі, за браніраванымі дзвярыма. І загадкава знік напачатку вайны, як растаў у паветры, разам з іншымі выдатнымі музейнымі экспанатамі, такімі, як залатыя упрыгожанні з раскопак Пампей.

Паваенная савецкая версія знікнення — нямецкі след — выглядала не надта пераканаўчай, улічваючы, што немцы трапілі ў Магілёў толькі напрыканцы ліпеня 1941 года. Як і пошукі ў амерыканскіх калекцыях Морганаў і Ракфелераў, куды беларускіх даследчыкаў накіроўвалі эксперты піцерскага Эрмітажа. Затое публікацыі пра пошукі крыжа 1990-х гадоў далі спадзяванні на тое, што ён знойдзецца ў Маскве.

Адгукнуўся Пётр Паддубскі, кіроўца, які 13 ліпеня 1941 года на грузавой машыне вывозіў з магілёўскага музея ў Маскву запакаваныя каштоўнасці, перададзеныя затым ва Упраўленне Чырвонай Арміі на Ленінскіх гарах. І чуў пры пагрузцы сказаныя кімсьці словы: «Які прыгожы крыж!» А разам з Паддубскім у машыне ехаў сам першы сакратар ЦК КП(б)Б Панцеляймон Панамарэнка. Між тым, гісторык Віталь Скалабан у 2003 годзе ў Нацыянальным архіве РБ знайшоў «Сценаграму пасяджэння бюро ЦК КП(б) Беларусі ад 26.08.1943 года». І ў ёй — словы таго ж Панамарэнкі пра твор Богшы, з якіх вынікае, што крыж нікуды не знік.

Зрэшты, крыж зарэгістраваны як прадмет пошуку і ў Інтэрполе, і застаецца спадзявацца, што ён вернецца ў Полацк — каштоўнасці такой якасці не губляюцца бясследна.

Разам з абразом

Гісторыя іконы Полацкай Адзігітрыі не менш складаная. «Жыціе св. Ефрасінні» апавядае пра тое, як ігумення заснавала ў Полацку мужчынскі манастыр з храмам Багародзіцы, які яна пастанавіла аздобіць храмавым Багародзічным абразом з самога Царграда. Адпраўлены ў Канстанцінопаль «з дарамі каштоўнымі» да сваяка Ефрасінні імператара Мануіла і патрыярха Лукі полацкі пасол выканаў сваю місію паспяхова. Хаця і атрымаў для Полацка не Эфесскую, а Іерусалімскую Адзігітрыю-пуцевадзіцельніцу, і, безумоўна, не пратограф быццам пэндзля евангеліста Лукі (г. зн. старажытны абраз), а спіс. Дзеля гэтага патрыярх з епіскапамі блаславілі новы абраз у св. Сафіі ў Царградзе.

Аднак Полацкая Адзігітрыя, якая ў 1930 годзе трапіла ў Рускі музей у Піцеры праз Тарапец у Цвярской вобласці, датуецца навукоўцамі пачаткам XIV стагоддзя. Значыць, захавалася выкананая ўжо ў Полацку копія візантыйскага арыгіналу? Так ці іначай, папулярная версія пра перанясенне абраза з Полацка ў Тарапец у 1239 годзе, калі там адбываўся шлюб Аляксандра Неўскага з полацкай князёўнай Параскевай з Рагвалодавічаў, наўрад ці даставерная.

Уладзімір Арлоў у сваёй кнізе пра св. Ефрасінню звяртае ўвагу на верш асветніка і паэта Семяона Полацкага «Априль 27. Взенто образ насвентшэй Богородзицы з Полоцка до Москвы», дзе вядзецца пра прынесены ёй «От Цари града або из Иефесе» абраз Багародзіцы. Які зараз, як піша паэт, з Полацка вывезены і трэба яго ў горад вярнуць, паколькі ён «Полотски граду бе утвержение, // Столп, стена, помошч ы огражение».

Калі справа ідзе пра Полацкую-Тарапецкую Адзігітрыю, першыя гістарычныя звесткі пра знаходжанне якой у Тарапцы і датуюцца XVII стагоддзем, то шмат што ў вандроўках абраза становіцца зразумелым. І павышаецца верагоднасць перамалявання абраза менавіта полацкімі майстрамі ў пачатку XIV стагоддзя, калі візантыйскі арыгінал, верагодна, быў страчаны або папсаваны.

Яшчэ загадка: абраз з Рускага музея двухбаковы, але выява св. Мікалая на адваротным баку амаль страчана. І, на жаль, чакаць вяртання яго ў Полацк не даводзіцца, не толькі таму, што перадача якіх там ні было вывезеных з Беларусі ў Расію мастацкіх твораў амаль не адбываецца нават у дакладна дакументаваных выпадках.

Музеі Расіі зараз адчуваюць ціск прэтэнзій з іншага боку. 24 лістапада патрыярх маскоўскі Кірыл звярнуўся да міністра культуры РФ Аляксандра Аўдзеева з просьбай перадаць Тарапецкую Божую Маці… у храм элітнага катэджнага пасёлка Істрынскага раёна Маскоўскай вобласці «Княжае возера»! І ўжо на наступны дзень дырэктар дэпартамента культурнай спадчыны і выяўленчага мастацтва Мінкульта РФ Рамазан Калоеў распарадзіўся: выдаць!

Адным словам, насуперак пратэстам супрацоўнікаў і рэстаўратараў, дырэктар музея Уладзімір Гусеў не стрымаў націску, і 3 снежня 2009 года абраз ужо быў у новазбудаваным храме Аляксандра Неўскага. Чаму? Папросту будаўнік пасёлка, дзе катэдж каштуе ад 820 тысяч да 6 мільёнаў, — праваслаўны бізнесовец, гаспадар фонду «Іванава справа» Сяргей Шмакаў. І ён жа — апякун Багародзіцкага сабора ў Тарапцы, дзе калісьці знаходзілася Адзігітрыя, унёсак якога дапамог перакрыць дах і купалы.

Але галоўнае — не гэта, а унікальны для РПЦ прыход, які складаецца скрозь з мільянераў. Невыпадкова, праз два дні пасля прыбыцця абраза Полацкай-Тарапецкай у «Княжае Возера» царкву асвяціў сам патрыярх Кірыл.

* * *

Між тым, вяртанне мошчаў св. Ефрасінні ў 1910 годзе ў Спасаўскі храм было таксама не канчатковым. У гады бальшавіцкага панавання рака-захавальніца святой была ўскрытая бязбожнікамі дзеля экспертызы, адпраўлена на атэістычную выставу ў Маскву, потым у Віцебск. І толькі пры немцах, у часы акупацыі, вярнулася на сваё пачэснае месца. Будзем спадзявацца, што калі-небудзь св. Ефрасіння дачакаецца вяртання ў свой горад святога Крыжа. А магчыма, адведае радзіму і Полацкая Адзігітрыя.
 

Каментаваць