Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Свойскі «Чужы»: гадаванне Левіяфанаў

На экраны выходзіць самая чаканая вусцішна-фантастычная стужка 2017 году. Фільм «Чужы: Запавет», зрэжысаваны Рыдлі Скотам раскрывае таямніцы найнебяспечных істотаў, узгадаваных людcкою фантазіяй.


У 1979 годзе касмічны карабель «Настрома» сеў на невядомым планетоідзе і прад’явіў шакаванай кінапубліцы Чужога — мярзотную інсекта-рэптылію, што гадуецца ў чалавечых вантробах, праломвае грудзі і здольная забіць усіх і кожнага. Марскія пехацінцы вялі беспаспяховую барацьбу з гэтымі пачварамі ў наступным фільме. Чужыя траплялі ў далёкую турэмную калонію, ваявалі з расай касмічных Драпежнікаў і пакрысе пазгублялі свой кашмарны шарм.

Рыдлі Скот вырашыў вярнуць ім жыццё. У фільме «Праметэй», дзеянні якога папярэднічаюць атакам Чужых, была паказаная раса Інжынераў, якія эксперыментавалі з біялагічнай зброяй, што выклікае страшныя цялесныя метамарфозы.

«Чужы: Запавет» — працяг «інжынернай» лініі і набліжэнне да класічнага «Чужога». У фільме касмічны карабель каланістаў заваблены сігналам «праметэйскай» вучонай, якая адправілася шукаць Інжынераў. Каланісты сядаюць на іх планеце — ды й знаходзяць там хітрага андроіда Дэвіда з папярэдняй стужкі і процьму пачварыння.

Рыдлі Скот заўжды надаваў вялікую ўвагу візуальнаму боку сваіх карцінаў. Фільм «Запавет» — змрочная касмічная опера ў сініх, шэрых і чорных танах, пекла ў раі, дзе невядомая планета — гэта адначасова ідылія і кашмар. Пачварынне вяртаецца да «чужога» канону, разявае зяпу, крычыць, душыцца механічным каўшом (фанаты ацэняць), поўзае па сцяне, атакуе. Крабападобныя тварахваты сталі жывей і нахабней, а дарослы Чужы — мацней і паскудней. З’явілася і адмысловая экранная пакасць — бялёса-трупны неаморф, падобны як на класічнага Чужога, так і на чалавека.

Але калі карцінка і гук паглынаюць і заварожваюць, то гэтага нельга сказаць пра драматургію і характары персанажаў. Адным эфектным і жорсткім жэстам Рыдлі Скот завяршае гісторыю Інжынераў і пакідае людзей сам-насам. Іх учынкі — гэта шэраг глупстваў, істэрыкі, няўцямнасцяў, а часам штампаў з фільмаў катэгорыі «В». На тле карабельнай каманды вылучаецца бартавы андроід Уолтэр, сыграны Мікаэлем Фасбэндэрам. Паколькі Уолтэр сустракае свайго двайніка Дэвіда, то Фасбэндэр удала грае абедзве ролі.

club443.ru

Пасля свайго экраннага дэбюту 30 гадоў таму Чужыя ўспрымаліся як эталон нечалавечай варожасці. Гэта быў вобраз абсалютна іншага, драпежнага і незразумелага. Адправіўшы экспедыцыю на планету, назва якой паводле прызнання Рыдлі Скота — гэта рай, рэжысёр вяртае фільм да традыцыйнай людской тэматыкі. Чалавек і Творца, машына і Творца, бунт стварэння супраць свайго творцы, грэхападзенне – гэтымі тэмамі займалася не толькі фантастыка.

Чужы бліжэй, чым здавалася нам — ён прыслухоўваецца і падкрадаецца, ён нараджаецца, ён слухае голас свайго стваральніка, гадуецца і пестуецца. У фільме чужыя і робаты імітуюць людзей, а людзі — Бога, кідаючы яму выклік (у першых шэрагах – заснавальнік касмічнае карпарацыі).

У біблейскай гісторыі Бог ствараў свет, ацэньваў яго, як добры — і даваў чалавеку саўдзел у тварэнні, паставіўшы яго над жывёламі дый даручыўшы яму называнне жывёлаў. У райскім пекле чужога запавету падступныя Інжынеры прыдумалі зло, а людзі і робаты — ахвотна яго ўвасобілі, размножылі, узгадавалі, назвалі.

Ёсць яшчэ адна біблейская аналогія. Ключавая рыса Чужых — двайныя сківіцы. Але менавіта падвойныя сківіцы здзіўляюць у апісанні Левіяфана. «Хто можа адхінуць верх вопраткі ягонай, хто падыдзе да двайных сківіцаў ягоных?» — запытвае Бог прарока Ёва, які бунтуе супраць стваральніка. Падкрэсліваецца, што толькі Бог здольны ўтаймаваць пачвару Левіяфана.

kinowar.com

У фільме Рыдлі Скота Левіяфанаў гадуюць. Філосаф Томас Гобс знайшоў адпаведнік Левіяфану: гэта дзяржава. А з улікам сучаснасці — яшчэ спецслужбы, паліцыя, карпарацыі. Мы гадуем іх у сабе, як пачвараў — і яны разрываюць нашыя целы. Яны ловяць нас, замотваюць у коканы, падпарадкоўваюць.

У цэнтральнае сцэне фільму андроіды, скардзячыся на людскі лёс, граюць на жалейцы. Жалейка, што зачароўвае сілы хаосу і сама ёсць хаосам — гэта тыповы беларускі інструмент. Калі браць на гэтай жалейцы фальшывыя нялюдскія ноты, то атрымаецца запакаваная ў міліцэйскую форму стабільная Беларусь з Адміністрацыяй, свінаідэолагамі і гімнам мясакамбіната.

Але ў фільме Рыдлі Скота жалейка грае оперу Вагнера.

Запрашаем у дэкарацыі райскага пекла!



Каментаваць