Шчодры вечар на Спеўным сходзе (фота, відэа)

На апошнім Спеўным сходзе 2017 года выступіў гурт «Вытокі». Палескія выканаўцы паказалі, як шчадруюць у іх роднай вёсцы Дзятлавічы пад Лунінцом.

Да Шчодрага вечара яшчэ далекавата, але яго ўжо адзначаюць: на Спеўны сход 19 снежня завітаў палескі гурт “Вытокі”. Яны прывезлі з сабой шмат прыгожага самаробнага тэкстылю ды ператварылі прастору “Хто такі Джон Голт?” у палескую святліцу з фотазонамі.

Шчадраванне ў Дзятлавічах 13 студзеня 2014 года

 

Шчадруючы дома, гурт мае нашмат большую каманду, а ў Мінск прыехалі Алена і Мікола Яскевіч, Яўгенія і Галіна Храпановіч. Давялося прасіць дапамогу залы: пераапранулі дзвюх наведвальніц Спеўнага сходу ў цыганак, адну ў казу, а яшчэ адной даверылі насіць зорку. Цыганкі прасілі пазалаціць ручку, каза бадалася, памірала і аджывала — усё па плане. Хто не адарыў цыганак і не пачаставаў казу, можа падтрымаць Спеўны сход на Талацэ.

 

Прагучалі шчадроўкі гаспадару і гаспадыні, пажаданні дабрабыту на наступны год. Яшчэ гурт выконваў рэкруцкую і пазаабрадавыя песні. Даследчыца Ірына Мазюк распавяла гісторыю свайго знаёмства з гуртом. Прыехаўшы неяк у Лунінецкі раён, яна спадзявалася, што мясцовае начальства дапаможа транспартам, але нічога не выйшла. Затое Алена Яскевіч пасля раённай нарады работнікаў культуры, куды трапіла Ірына, сама запрасіла яе ў Дзятлавічы.

Вёска аказалася проста песеннай скарбніцай. Шчадроўкі з Дзятлавічаў і я вучыла на Ірыніных спеўных занятках. А потым “замацоўвала практычна”, далучыўшыся разам з іншымі вучаніцамі да абыходу вёскі ў вечар напярэдадні Старога новага года ў 2014-м. Тады ж нам пашанцавала паспяваць разам са старэйшымі жыхаркамі Дзятлавічаў.


Перад выступам “Вытокаў” наведвальнікі Спеўнага сходу развучылі з Сержуком Доўгушавым іншыя калядкі і паглядзелі фрагменты з фільма Вольгі Дземкі “Песні старой Еўропы”.


Сёння, 20 снежня, гурты “Вытокі” і VURAJ выступяць разам на канцэрце ў клубе “Бруге”. Палешукі будуць спяваць акапэльна, музыкі з VURAJ мінімальна падтрымаюць іх гучаннем інструментаў. 


Наступны Спеўны сход пройдзе ў студзені, на ім будзе зладжана жаніцьба Цярэшкі — гульнявое вяселле, што на Каляды ў Паўночнай Беларусі зводзіла пары моладзі.


Фота і відэа Алены Ляшкевіч

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Адмысловец
  • 2017-12-21 00:53:24
Раней шмат моладзі на сходах збіралася, а цяпер пасядзелкі пенсіянераў
  • же у56 лет как Людмила Анатольевна
  • 2017-12-22 14:34:47
Очевидно, когда эти пенсионеры были молодыми, они и проводили время на "вячорках." Затем появились новые привычки проводить вечера...Это обусловлено только развитием "домашней звуковой техники". Вот только, почему так пренебрежительно о людях, приходящих на вячорки? Или у нас появились "вечномолодые"? Что-то только Кащей Бессмертный на ум приходит...

Каментаваць