Шэсць публічных прамоў, каб зразумець сябе і свой час

Лекцыі цыкла «Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні» адбудуцца з 20 па 24 верасня ў Корпус 8 (Машэрава,9)


Зразумець сябе і свой час, разабрацца з выклікамі і спакусамі будучыні прапануюць Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь”: у межах Тыдня беларускага мыслення яны ладзяць шэсць публічных лекцый, дзе глабальныя праблемы сучаснасці разглядаюцца на прыкладзе самых розных сфераў жыцця і дзейнасці чалавека  — ад музыкі да інтэлектуальных сістэмаў. Сярод лектараў — доктар тэхнічных навук, прафесар Уладзімір Галянкоў, філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч, філосаф і паэт Ігар Бабкоў, эколаг, каардынатар “Зялёнай сеткі” Яраслаў Бекіш, архітэктар Зміцер Задорын, мызыкі Аляксей Варсоба і Ірэна Катвіцкая.

Мысленне — гэта тое, што знаходзіць сябе на мяжы непамыснага. Яно вызначае нэрв нашага часу. Сёння гэты нэрв звязаны з шэрагам праблем, якія адкрываюцца ў абставінах, калі шматлікія ўпарадкаваныя раней рэчы перабудоўваюцца: стасункі паміж культурамі, сацыяльнымі структурамі, зносіны чалавека з асяроддзем і штучным інтэлектам, этычным і гуманітарным вымярэннем нашага ладу жыцця. Вырашэнне гэтых праблемаў патрабуе глабальнага мыслення, але не абстрактнага. У межах Тыдня беларускага мыслення Лятучы ўніверсітэт прадстаўляе шэраг публічных лекцый з агульнага цыкла “Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні”, якія даюць спробу адказаў на глабальныя пытанні, зыходзячы з беларускага кантэкста.

20 верасня, Мінск, 19.00-21.00  Корпус 8, пр-т Машэрава, 9

Уладзімір Галянкоў, публічная лекцыя "Інтэлектуальныя сістэмы: праблемы і перспектывы". Лектар разважае пра штучны інтэлект і месца чалавека ў свеце, дзе пануюць новыя тэхналогіі (анонс)

 

21 верасня, Мінск, 19.30-21.30 Корпус 8, пр-т Машэрава, 9

Уладзімір Мацкевіч, публічная лекцыя "Людзі, машыны, жывёлы: сяброўства і спакуса". Лектар разважае пра антрапалагічныя перспектывы часу і шукае адказы на пытанне: як нам захаваць чалавечае ў сабе? (анонс)

 

22 верасня, Мінск, 19.30-21.00 Корпус 8, пр-т Машэрава, 9

Яраслаў Бекіш, публічная лекцыя "Не-уяўляючы Беларусь: тры “зялёныя” ўтопіі" Разважаем пра стасункі чалавека з навакольным асяроддзем, этыку будучыні і “зялёныя” утопіі, як змяняюцца ўяўленні пра чалавека? (анонс)

 

23 верасня, Мінск, 17.30-18.30 Корпус 8, пр-т Машэрава, 9

Дзмітрый Задорын, публічная лекцыя “Цэнтральная плошча як парок сэрца ў целе Мінска” Праз асэнсаванне гісторыі цэнтральнай плошчы Мінска, невырашальных праблемаў, звязаных з яе перабудовай, лектар разважае пра магчымасці яе “выздараўлення”(анонс)

 

23 верасня, Мінск, 20.00-21.00 Корпус 8, пр-т Машэрава, 9

Ірэна Катвіцкая і Аляксей Варсоба, дуэт "АГАТА", лекцыя з элементамі майстар-класу "Беларусь праз музычную семантыку і сінтаксіс". Разважанне пра мысленне ў музыцы і інструментарый музычнага выказвання:  музычны сінтаксіс і сэнсаўтваральныя адзінкі (анонс)

24 верасня, Мінск, 17.00-19.00 Корпус 8, пр-т Машэрава, 9

Ігар Бабкоў, публічная лекцыя "Уладзімір Абушэнка: рэканструкцыя ідэі". Разважанне пра Уладзіміра Абушэнку і ягоны час: рэканструкцыя кантэкста, жыццёвых і сацыльных дэкарацый, праектаў і схемаў думкі, мейсцаў і іх адсутнасці (анонс)

Удзел ва ўсіх лекцыях бясплатны, уваход вольны!

Найбольш актуальная інфармацыя пра мерапрыемствы Лятучага на Тыдні – на нашым сайце www.fly-uni.org

 

Каментаваць