“Таўкачыкі на Каляды”: на мяжы сакральнага і карнавальнага

Ад самага пачатку правядзення музычнага folk-modern фэсту “Таўкачыкі (з 2000 года), яго арганізатар, ідэйны натхняльнік, вядомы этнограф і рок-музыкант Юры Выдронак імкнуўся падкрэсліць не толькі старажытныя карані народнай беларускай культуры, але і яе непарыўную сувязь з еўрапейскім фальклорам.



Ад самага пачатку правядзення музычнага folk-modern фэсту “Таўкачыкі (з 2000 года), яго арганізатар, ідэйны натхняльнік, вядомы этнограф і рок-музыкант Юры Выдронак імкнуўся падкрэсліць не толькі старажытныя карані народнай беларускай культуры, але і яе непарыўную сувязь з еўрапейскім фальклорам.

Вось і цяперашні VII folk-modern фэст “Таўкачыкі на Каляды, які адбыўся ў канцэртнай зале Беларускага савета прафсаюзаў, быў прысвечаны Калядам — самаму старажытнаму і ўніверсальнаму святу, у якім зліліся элементы хрысціянскай і паганскай сімволікі. Элементы гэтых веравызнанняў складаюць тыя семантычныя знакі, якія вызначаюць загадкавы свет беларускай міфалогіі. Напрыклад, гэтым разам на “Таўкачыках на Каляды жыхарамі вёскі Раздзялавічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці была прадстаўлена рэдкая разнавіднасць каляднага абраду, у якім выкарыстоўваецца “калядная зорка з гарбуза. Безумоўна, гэта нейкая сімвалічная паралель з днём Усіх Святых, ці Хэлоўінам. Беларускім этнографам яшчэ трэба будзе асэнсаваць убачанае на гэтых “Таўкачыках і, магчыма, дзякуючы іх даследаванням, мы разгорнем яшчэ адну цікавую старонку нашай мінуўшчыны. Прынамсі, у гэтым бачыцца стратэгічная мэта фэсту “Таўкачыкі і пошукаў яго нязменнага арганізатара Юрыя Выдронка.

Як і мінулыя разы, фэст распачаў гурт UR’IA, які задаў канцэртнай праграме калядны настрой. Гэтаму спрыяла выкананне гуртом песень святочнай тэматыкі — “Шчодры вечар, “Залатая горка, а таксама іншых знакамітых калядных мелодый, добра вядомых слухачам у выкананні гурта “UR’IA. Да таго ж, музыканты выканалі гімн фэсту — старажытную танцавальную мелодыю “Таўкачыкі, якая стала за гады правядзення імпрэзы вельмі блізкай яе наведвальнікам.

Сваю калядную праграму з гульнявымі элементамі прапанавалі слухачам удзельнікі дзіцячага гурта “Калыханка пад кіраўніцтвам Л. Рыжковай. Гэты калектыў — не дэбютант на фестывальнай сцэне; яго ўдзельнікі, школьнікі розных узростаў, пачуваць сябе на сцэне разняволена. Іх настрой перадаваўся слухачам, якія з задавальненнем адзначалі для сябе тое, што ўдзел у такіх фальклорных гуртах — лепшы педагагічны сродак па ўмацаванню нацыянальнай свядомасці нашых дзетак.

Здзівіў зменамі ў гучанні гурт “Дзівасіл: ад былога акустычна-рамантычнага напрамку ў іх музыцы засталося не так шмат. Цяпер “Дзівасіл арыентуецца на фолк-рок, з яго празрыстым гітарным гучаннем, псіхадэлічнымі клавішнымі сола і ўзвышаным, моцным вакалам салісткі Іны Перасецкай. Гурт перастаў выкарыстоўваць дуду, што прывяло да аслаблення акустычнага складніка традыцыйнага гуку “Дзівасіла.

Затое гурт “Ветах арыентаваўся, і гэта знаходзіла водгук у душах слухачоў, на традыцыйныя беларускія народныя інструменты, з іх цёплымі і мяккімі акустычнымі тэмбрамі. У калядных кампазіцыях “Ветаха выкарыстоўвалася беларуская дуда, жалейкі, гуслі, варган… Святочны тон праграме “Ветаха задавалі чароўныя салісткі, якія змаглі завалодаць увагай аўдыторыі. Калі ж загучала мелодыя танца “Верабей, то слухачы актыўна падтрымалі гурт апладысментамі і воклічамі “брава!.

Шматгадовы ўдзельнік фэсту гурт “Нагуаль яшчэ больш наблізіўся ў сваёй творчасці да беларускасці: цяпер у рэпертуары багемных сталічных музыкантаў з’явіліся выдатныя беларускамоўныя кампазіцыі, якія выводзяць як музыкантаў “Нагуаля, так і іх прыхільнікаў на новы ўзровень разумення нацыянальнага ў творчасці. Маю на ўвазе кампазіцыю, што так узрушыла слухачоў, — “Месячык удалы. Калі аналізаваць і параўнаць гэту і іншыя кампазіцыі гурта, што гучалі на фэсце — “Індзіч ці “Дзяўчына, якая шукае сабе сябра, — то трэба адзначыць розныя падыходы да кампазіцыі і аранжыроўкі прагучаўшых спеваў.

Арганізатар “Таўкачыкаў на Каляды Ю. Выдронак не выпадкова запрасіў на фестывальны канцэрт вядомага беларуска-курдскага музыканта Масуда Талебані, які выйшаў на сцэну разам са сваім гуртом “AVINDAR. Усходнія фальклорныя мелодыі і спевы былі арыгінальным дадаткам да беларускага каляднага ладу фестывалю. Масуд Талебані дэманстраваў зайздросную выканаўчую ўніверсальнасць, калі пранікнёна спяваў лірычныя творы на персідскай і курдскай мовах, граў на традыцыйных курдскіх струнных і ўдарных інструментах. Мо таму беларусы так уважліва ўслухоўваліся ў голас пасланца курдскага народа, знаёміліся з яго яркай песеннай спадчынай.

Мотальская зборня

Юры Выдронак

Гурт AVINDAR

Гурт UR'IA

Калядныя прысмакі ў залу!



Галоўнымі ж дзеючымі асобамі фэсту сталі выканаўцы беларускага традыцыйнага фальклору з розных раёнаў Беларусі. Іх тэатралізаваныя пастаноўкі з песнямі, скокамі, з каляднай Казой і святочнымі пачастункамі сталі пацверджаннем таго факта, што мы з’яўляемся спадкаемцамі ўнікальнай фальклорнай спадчыны, гісторыя якой налічвае тысячы гадоў. Увагу залы прыцягнула яркае, калярова-вясёлкавае каляднае шоў “Мотальскай зборні з аднайменнай палескай вёскі. Гэтым калектывам апякуецца сапраўдны энтузіяст адраджэння беларускага фальклору Эльвіра Каткавец.

Спадарыня Эльвіра змагла сабраць у адзіную творчую суполку мотальскіх аматараў фальклору розных узростаў: дзяцей, падлеткаў, юнакоў і дзяўчат, людзей сярэдняга і сталага ўзросту, дапамагала раскрыць іх талент і рэалізаваць гэты скарб у шыкоўнай канцэртнай праграме. Каляровай адзнакай выступлення “Мотальскай зборні сталі нацыянальныя мотальскія строі, у якія былі апранутыя палескія жанчыны і дзяўчыны. А яшчэ гледачы змаглі пабачыць традыцыйныя мотальскія кажушкі, вырабам якіх славілася гэтая беларуская вёска. Таленавітыя людзі — таленавітыя ва ўсім: і ў рамястве, і ў спевах!

Сенсацыяй фэсту “Таўкачыкі на Каляды–2012 стала праграма фальклорнага гурта з вёскі Раздзялавічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Іх калядная зорка з апрацаванага гарбуза і свечкі, якая сімвалізавала, па словах Ю. Выдронка, святло далёкай каляднай зоркі, стала цэнтрам фестывальнай дзеі “Таўкачыкаў. І думка амаль усіх гледачоў была агульнай: беларускія каляды — гэта ж і ёсць “прарадзіма еўрапейска-амерыканскага свята Хэлоўін! Настолькі арганічна і лагічна яна выцякала са старажытнага перформансу і праграмы пявунняў з вёскі Раздзялавічы.

Арганізатары фестывалю “Таўкачыкі на Каляды заўсёды ставілі на пошукі і адкрыццё невядомых старонак нацыянальнай фальклорнай спадчыны. Але акрамя ўнікальнага этнаграфічнага і музычнага матэрыялу, яны заўсёды знаходзілі таленавітых беларускіх людзей, сяброў фестывалю «Таўкачыкі», якія захавалі і так яскрава прапагандуюць нашу песенную спадчыну.

Каментаваць