Таццяна Беланогая: «Барды таксама могуць сабраць стадыён»

Кампанія «Рок-салідарнасць» працягвае цыкл творчых вечароў з удзелам беларускіх музыкаў. Апошнім разам госцяй на такой сустрэчы ў бары «Йо-ма-йо» стала адна з самых вядомых беларускіх бард-рок спявачак Таццяна Беланогая. Каля двух гадзін Таццяна распавядала пра сябе, сваю творчасць, спявала і адказвала на пытанні публікі.



«З прозвішчамі ў нашай сям’і заўжды былі прыколы»


Бывае, пасля канцэртаў падыходзяць і пытаюцца: «Беланогая — гэта ваша сапраўднае прозвішча, ці гэта вы прыдумалі?». Думаюць, што гэта нейкая мянушка ці псеўданім. Напэўна, псеўданім бы я не такі брала. Я б да такога нават не дадумалася! Белыя, яшчэ і ногі.


Маё прозвішча паходзіць з-пад Старадуба. Зараз гэта Расія, 70 кіламетраў ад Гомеля. У Бранскай вобласці ёсць вёсачка, яна называецца Прокапаўка. Такая тыповая руская вёска — ніводнага ліхтара, калдобіны! Адтуль мае продкі па татавай лініі. У школьныя гады мне чамусьці заўсёды было страшна чуць сваё прозвішча, таму што гэта яно незвычайнае такое, як мне падавалася.


Наогул, у маім родзе цікавая гульня з прозвішчамі. Мая бабуля з-пад Жыткавічаў, гэта Палессе. І ў яе прозвішча было Чорнагалова. Вось мая бабуля, Чорнагалова, яе зяць — Беланогі. Але ж самы прыкол у тым, што ў яе ёсць яшчэ адзін зяць! Яго прозвішча Белакапытаў. Праўда, гэта прозвішча паходзіць ад слова «капытнік» — гэта расліна, тут не маюцца на ўвазе капыты ў коней ці іншых жывёл. Вось такая гульня, але на Палессі вельмі шмат прозвішчаў, што паказваюць на нейкія знешнія рысы.


«Мая сястрычка Марыя — мой асабісты псіхолаг, стыліст і сяброўка»


Для маіх песень яна напісала ўсяго два тэксты, адзін з іх прадстаўлены на плытцы «Дзвюхкроп’е» — песня «П’еса». Больш яна нічога не напісала. Сама яна па адукацыі псіхолаг, і я думаю, што яна будзе ў гэтай плыні развівацца. Марыя, як і я, вельмі творчы чалавек. Яна мой дарадца, мой першы крытык — у яе такі крыж. Гены — цікавая рэч: мы з ёй вельмі падобныя, але ўсё роўна ёсць нешта не такое, як у мяне! Яна быццам бы з іншай планеты чалавек, але ўсё роўна сястра. І таго, чаго не хапае мне, у яе ёсць.


«Гэта цуд — калі нейкі чалавек можа запісаць песню»


Хачу вас парадаваць: цяпер ідзе запіс новага альбома, які называецца «Святло і цені». Яго прадусуе «БМАgroup» і ў ім будзе 14 песень. А за свае ўласныя грошы я запісваю альбом на словы Яўгеніі Янішчыц, пра які я даўно казала.


Гэта цуд — калі нейкі чалавек можа сказаць слова, запісаць плытку. Гэта пранікне ў нашу душу, у самую яе глыбіню, і там народзіцца пачуццё любові, сімпатыі. У мяне вельмі адказныя адносіны да музыкі, таму што музы́ка — гэта настаўнік. Моладзь верыць таму, што распавядае музы́ка.


«Я проста хацела паказаць свае вершы і песні людзям»


Мая сяброўка праспявала мне песню, і я зразумела, што гэта самая крутая рэч, якую я калісьці бачыла. Гэта песня зрабіла ва мне рэвалюцыю, і я так захапілася вобразам, што пачала сама граць. Я ўпэўнена, што паэты і мастакі — рэальныя архітэктары пераменаў. Людзі творчыя звязаныя з небам, і яны адчуваюць глыбей усё тое, што адбываецца з чалавекам, са свядомасцю.


Мне вельмі спадабалася тое, што музыка можа зрабіць рэвалюцыю ў душы чалавека. Пісаліся песні, пісаліся вершы, і я проста хацела паказаць іх людзям. Я ніколі не думала, што гэта выльецца ў нейкія дыскі, канцэрты, прапановы выступаць на фестывалях. Усё само па сабе развівалася. Пасля школы я паступіла на географа ў педагагічны, і там сустрэла музыкаў з гурта “Rahis. Гэтыя хлопцы пазнаёмілі мяне з колам людзей, якія сталі лёсавызначальнымі ў маім жыцці.


«Мая творчая мова — беларуская»


Руская і беларуская мова — гэта два космасы, якія не перасякаюцца ў маёй галаве. Для мяне спяваць песні на рускай мове настолькі складана, што я нават не ведаю, з чым гэта можна параўнаць. У мяне двух творчых моў ужо не можа быць.


Калісьці я была не той, кім цяпер з’яўляюся. Мой тата слухаў рускі рок, і я вырасла на «Наутилус Помпилиус», «Кино» і Башлачове. Вядома, у мяне з дзяцінства не было ўсведамлення, што я беларуска. Але мая бабуля мела вялікую бібліятэку, і ў ёй была вялікая частка беларускай літаратуры. Менавіта дзякуючы тым кнігам у мяне пачала з’яўляцца нацыянальная самасвядомасць.


Але першыя песні мае былі на рускай мове. У 16 год у цябе гарачае сэрца, ты лічыш, што усе дрэнныя, так жыць нельга, куды мы коцімся і гэтак далей.  Мае першыя песні былі такога кшталту: у 16 год у мяне быў такі самы настрой.

Потым я пазнаёмілася з новымі людзьмі: гэта былі беларускамоўныя хлопцы і дзяўчаты з Маладзечна. І я пачала размаўляць на беларускай мове. Спачатку я маўчала: гэта была мая беларуская мова. Я патроху вывучыла мову, пачала ўсведамляць сябе беларускай, і ў мяне пачалі з’яўляцца песні на беларускай мове. Усё адбывалася паступова: былі сустрэчы, нейкія размовы, людзі, якія на мяне паўплывалі. Кожны дзень па маленькай рэвалюцыі.


Мне калісьці казалі: «Таня, не пішы песні на рускай мове, табе потым галаву адкруцяць!». А я пісала, бо хацела быць натуральнай. Тое, што было тады, — гэта мой набытак, мая гісторыя. Я гэтым ганаруся. Важна, што я прыйшла да таго, што беларуская мова — гэта скарб, гэта сумленне, гэта вартасць і гэта маё. Гэта самае галоўнае.


«Барды таксама могуць сабраць стадыён»


Не важны жанр, мне падаецца, што барды могуць таксама стадыён сабраць. Праўда, калі выступаюць некаторыя людзі, напрыклад, я і мае калегі, то ў тых людзей, якія арганізавалі вечарыну, могуць узнікнуць праблемы. Мы гэтага не хочам, таму нам лепей зрабіць кватэрнік.


Мне вельмі падабаецца, калі людзі прыходзяць на кватэрнікі. На ім энергія настолькі пераплятаецца, што адчуваеш кожнага чалавека. Я не ведаю, ці даў мне Бог столькі сіл, каб выступаць у вялікіх залах. Гэта вельмі вялікая адказнасць — і духоўная, і фізічная. Няхай у мяне будзе пяць, дзесяць, пятнаццаць слухачоў, але гэта будуць людзі, якія будуць адчуваць, што яны людзі, што яны беларусы. Гэта класна, калі ў цябе 10 тысяч фанатаў, але калі яны пустыя, калі гэта проста фанцік — мне гэта не трэба.

Каментаваць