Талмудыст Мааршак

У некаторых нашых суграмадзян і па сённяшні дзень існуе перакананне, што да кастрычніцкага перавароту 1917 года на Беларусі нічога не было: ні сваёй культуры, ні пісьменства, што мы жылі ў цемры, і ў лапцюжную Беларусь прынеслі цывілізацыю расійскія бальшавікі.

(На выяве: Арон Шмуэль Кайдановер за працай, у Койданаве)



У некаторых нашых суграмадзян і па сённяшні дзень існуе перакананне, што да кастрычніцкага перавароту 1917 года на Беларусі нічога не было: ні сваёй культуры, ні пісьменства, што мы жылі ў цемры, і ў лапцюжную Беларусь прынеслі цывілізацыю расійскія бальшавікі.

(На выяве: Арон Шмуэль Кайдановер за працай, у Койданаве)


Мне ўспамінаецца эпізод 20-гадовай даўніны. У час кампаніі па выбарах у Вярхоўны Савет Беларусі 12-га склікання ў двары аднаго з буйных мікрараёнаў Мінска перад выбаршчыкамі са сваёй праграмай выступаў вядомы беларускі вучоны, грамадскі дзеяч, кандыдат у дэпутаты. З дынаміка гучалі цудоўныя беларускія песні, у падтрымку кандыдата выступіў і гонар беларускага народа пісьменнік Васіль Быкаў. Людзей сабралася шмат. І раптам я пачуў за сваёй спінай на рускай мове чыюсьці прамову. Вось, маўляў, сабраліся нацыяналісты са сваімі дзікімі песнямі, мала ім рускіх песень, павылазілі нядаўна з пячор і балот і рвуцца да ўлады. Гэта мы, рускія, прынеслі сюды культуру. Я азірнуўся. Аўтарам гэтых слоў быў чалавек сталага ўзросту. Як мне падказалі мясцовыя жыхары, выхадзец з Расіі, былы высокі ваенны чын.

За мінулыя 20 гадоў людзей з такім пячорным мысленнем, на шчасце, паменшала. Свет дазнаўся, што шмат выдатных людзей нашай краіны ці іхнія нашчадкі ўзбагацілі культуру як Расіі, так і іншых краін свету. Пра аднаго з такіх выдатных нашых суайчыннікаў сярэднявечча і пойдзе размова.

У пачатку ХVІІ стагоддзя Койданава (зараз Дзяржынск) было буйным па тым часе мястэчкам. У ім налічвалася больш за 200 дамоў, каля 1500 жыхароў. Існавалі ў мястэчку хрысціянскія царквы, сінагогі, рынак, некалькі корчмаў, замак, праводзіліся буйныя кірмашы. Менавіта тут у 1624 годзе ў сям’і высокаадукаванага койданаўскага рабіна Ізраіля Кайдановера нарадзіўся Арон Шмуэль, які пры жыцці вызначыўся як выдатны талмудыст, пісьменнік, адзін са значных рабінаў свайго часу. Арон — імя, якое яму было нададзенае пры нараджэнні, а пасля цяжкай хваробы яму было дадзенае другое імя — Шмуэль, што азначае «Бог пачуў».

Вокладка адной з кніг Арона Шмуэля


Дзіцячыя гады Арона Шмуэля прайшлі ў Койданаве. Калі ж прыйшоў час навучання, бацька адправіў свайго сына ў Берасце, дзе Арон Шмуэль у мясцовым ешыбоце атрымаў талмудысцкую і рабінскую адукацыю. Пасля заканчэння вучобы ён нейкі час быў рабінам у Люблінскім ваяводстве, адкуль, ратуючыся ад пагромаў казацкага паўстання пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага, перабраўся ў старажытную беларускую сталіцу — Вільню. У гэтым горадзе Арон Шмуэль Кайдановер быў адным з яўрэйскіх суддзяў. У Вільні ў 1650-м годзе ў яго нарадзіўся сын Ціві Гірш, які стаў вядомым маралістам і кабалістам, настаўнікам яўрэйскай этыкі.

У 1654 годзе пачалася крывавая вайна рускай дзяржавы з Рэччу Паспалітай. Рускія салдаты і ўкраінскія казакі бязлітасна забівалі мірных жыхароў, палілі беларускія гарады і вёскі. У Вільні імі быў абрабаваны дом Арона Шмуэля і спалена бібліятэка з каштоўнымі рукапісамі. Ля Любліна ў 1656 годзе сын Арона быў цяжка паранены казакамі, а дзве ягоныя дачкі былі забітыя ў яго на вачах. Разам з сынам Арон Шмуэль Кайдановер мусіў вярнуцца ў Койданава. Але вайна і тут дагнала яго. Мястэчка Койданава было ўшчэнт разрабаванае і спаленае рускімі захопнікамі, і Арон Шмуэль Кайдановер пераехаў у Чэхію, а затым — у Германію, дзе займаў пасаду рабіна і выкладаў талмуд. Некаторы час ён жыў і працаваў у горадзе Брыск (яўрэйская назва Берасця), а таксама ў Кракаве.

Памёр выдатны талмудыст у 1676 годзе ў Хмельніку (Украіна) як сапраўдны праведнік, вымаўляючы малітву падчас паседжання рабінаў. Ягоны сын, Цыві Гірш, вярнуўся ў Вільню і зрабіўся адным з кіраўнікоў гарадской яўрэйскай грамады. Затым ён адправіўся ў Франкфурт-на-Майне, дзе жыла сям’я ягонага цесця. Тут ён выдаў цэлы шэраг бацькавых кніг са сваімі прадмовамі і нататкамі. Трэба адзначыць, што Арон Шмуэль Кайдановер напісаў шмат значных твораў, якія і па сённяшні дзень перавыдаюцца і вывучаюцца ў ешыботах. Найбольш значнымі яго творамі з’яўляюцца «Дабраславёнае ахвярапрынашэнне» («Birchat ha – Zebach») з прадмовай і аўтабіяграфіяй, «Блаславенне Шмуэля» («Birchat Schemuel») — казанні на тэмы з Торы, «Вера Шмуэля» («Emunat Schemuel») па пытаннях шлюбнага права і іншыя.

Акрамя свайго імя і прозвішча Арон Шмуэль Кайдановер меў таксама мянушку Мааршак, што з’яўляецца абрэвіятурай на іўрыце «Настаўнік наш і рабін Шмуэль Кайдановер» («Morenu Rabbi Shmuel Kaidanover»). Некаторыя даследчыкі лічаць, што ён меў таксама родавую мянушку «Клюгер», што азначае «Разумны». Сёння шмат носьбітаў прозвішча Маршак пражываюць у розных гарадах Беларусі і па-за яе межамі. Адным са знакамітых носьбітаў гэтага прозвішча і прамым нашчадкам Арона Шмуэля Кайдановера з’яўляецца вядомы расійскі пісьменнік, драматург, перакладчык, дзіцячы паэт Самуіл Якаўлевіч Маршак, вершамі якога захапляўся з маленства кожны з нас.

З энцыклапедычных крыніц вядома, што нарадзіўся Самуіл Маршак у Варонежы, у сям’і заводскага тэхніка-майстра Якава Міронавіча Маршака. У яго сям’і па бацькоўскай лініі, пачынаючы ад далёкага койданаўскага продка Ізраіля Кайдановера, усе былі рабінамі, за выключэннем бацькі і дзеда. Маці была даволі адукаванай і паходзіла ад рабіна Віцебска Бэра Абрамавіча Гітэльсона. Калі будучаму пісьменніку споўнілася 6 гадоў, яна з ім і іншымі дзяцьмі перабралася жыць да сваіх бацькоў, у Віцебск, дзе і прайшлі дзіцячыя гады Самуіла Маршака. Дзед знаёміў Маршака з традыцыямі продкаў, са Свяшчэнным Пісаннем. Вучыў дзед малога Маршака і рускай мове, бо лічыў, што яўрэйскую мову ён асвоіць і на вуліцы.

Па ўспамінах Самуіла Маршака, у Віцебску ў тыя часы нават коні размаўлялі на ідыш. Як бачна, карані радаводу выдатнага пісьменніка, паэта па матчынай і бацькавай лініях знаходзяцца на Беларусі. Гэта наша блаславёная беларуская зямля дала Расіі выдатнага пісьменніка, паэта, драматурга, перакладчыка Самуіла Якаўлевіча Маршака.
 

Лявон Целеш

Каментаваць