Танцавальны выпускны на вольным паветры (фота, відэа)

Вандроўны тэатр «Гістрыён» адсвяткаваў сваё 12-годдзе і заканчэнне навучальнага года інтэрнацыянальнай танцавальнай вечарынай у дворыку Дома-музея І з’езда РСДРП.

У Мінску 30 мая можна было пабачыць шматлікіх падлеткаў са стужкамі «Выпускнік–2017», і нават у школьнай форме савецкага ўзору. Між тым, у гэты дзень заканчвалі навучанне не толькі школьнікі. Вандроўны тэатр «Гістрыён», як і анансаваў у Ноч музеяў, зладзіў выпускны сваёй танцавальнай школы ў дворыку Дома-музея І з’езда РСДРП.

Для танцораў гралі тыя ж дудары, што і на «Карчы», пра які «Новы Час» нядаўна пісаў: Антось Бельскі і Мікола Столяр. Да іх далучыўся бубнач Яўген Дзёмін. Дарэчы, назву «Корч» калісьці прыдумалі акурат танцоркі «Гістрыёну» Юля Рэйзіс і Наста Людына.

Навучэнцы паўтарылі сваю праграму за цэлы год. Да танцораў «Гістрыёна» мог далучыцца кожны ахвочы, дрэс-код быў дэмакратычным, танцы — як цяпер модна казаць, — сацыяльнымі. Атрымалася інтэрнацыянальная вечарына з беларускімі, латышскімі, брэтонскімі, ірландскімі, шатландскімі, эстонскімі мелодыямі і музыкай еўрапейскага Сярэднявечча. Мерапрыемства не было загадзя жорстка распланаванае: танцоры дамаўляліся з музыкамі, што тыя будуць граць, тут жа, на месцы. Замовы таксама прымаліся.

За год рэгулярных заняткаў танцамі хаця б раз на тыдзень нават людзі, што раней гэтым не цікавіліся, могуць навучыцца. Не заўсёды яны будуць памятаць усе танцы па назвах і дэталях паходжання, але прынамсі пад музыку змогуць узгадаць рухі і выканаць адпаведны твор. На самай справе, гэта зусім не так складана, як можа падацца на першы погляд. З развучваннем пэўнай колькасці танцаў прыходзіць і ўменне імправізаваць, калі дастаткова паглядзець на дасведчаную пару, каб «падхапіць» танцавальныя рухі. А потым неўзабаве з’яўляецца разуменне здольнасці не толькі вучыцца, а і навучаць іншых.



Акрамя выпускнога, вандроўны тэатр «Гістрыён» святкаваў уласны дзень народзінаў: ён утварыўся 12 гадоў таму. Усё прайшло па-хатняму, з сабраным у супольна салодкім сталом і вялікай колькасцю дзяцей.

Я сама прайшла калісьці танцавальную школу «Гістрыёна», якая ў 2005–2006-м навучальным годзе была яшчэ гуртком пры клубе «Рыцары ВКЛ», таму магу сказаць, што яна дае базу, каб утульна пачувацца на любой вечарыне: гістарычных танцаў, ірландскай, беларускай народнай… Галоўнае, вывучаючы такую разнастайную харэаграфію, перастаеш баяцца раней не вядомых танцаў і разумееш, што традыцыйныя танцы любога народа Еўропы будуюцца па адной і той жа схеме. Шмат людзей, знаёмых яшчэ па тых часах, працягваюць таньчыць, абраўшы кірунак па душы: адны засталіся ў рэчышчы Сярэднявечча і Рэнесансу, другія заняліся эпохай ампіру, нехта цяпер прынцыпова таньчыць толькі беларускае.



Вечарына «Гістрыёна» прайшла ў межах шэрагу летніх імпрэзаў «Дворык Доміка», якія ладзяцца ўжо не першы год. Дом-музей І з’езда РСДРП даўно дэманструе сантыменты да традыцыйнай культуры. У розны час тут рэпетаваў шэраг неафольк-гуртоў, адзін з якіх, «Нямора», летась выступіў на Ночы музеяў. Тут ладзіліся розныя народныя святы, шэраг выстаў на тэматыку традыцыйнай культуры. Таму запрашэнне «Гістрыёна» было, канечне, невыпадковым.

Улетку наведвальнікаў музея чакае яшчэ шмат цікавых імпрэзаў на вольным паветры.


Фота і відэа Алены Ляшкевіч

Каментаваць