Танцы ў лесе пад дуду (фота, відэа)

Працягваем агляд месцаў, дзе можна патанчыць без адмысловай падрыхтоўкі.


Недалёка ад станцыі метро “Барысаўскі тракт” штосераду збіраюцца музыкі, танцоры ды спевакі, каб разам весела бавіць час. Гэтыя сустрэчы маюць назву “Корч”, якая старэйшая за саму лакацыю: да 2010-га вечарыны адбываліся на палянцы за Нацыянальнай бібліятэкай, сярод якой і тырчэў нядоўга той самы корч, а праз 2 гады кудысьці падзеўся. Цяпер на месцы “старога Карча” жылы комплекс. Студэнцкае этнаграфічнае таварыства ў 2013-м нават звярталася ў Мінгарвыканкам, каб назваць вуліцу, што там цяпер праходзіць, Дударскай. Але пакуль безвынікова.

Уласна танцы на вольным паветры старэйшыя і за лакацыю, і за назву. Яны былі ініцыяваныя ў 2003-м дударамі, таму гэты інструмент традыцыйна застаецца на Карчы галоўным. Вечарыны праходзілі то ў Купалаўскім скверы, то на Нямізе, пакуль у 2006-м не аселі на станцыі метро “Усход”.

Заснавальнік Карча Юрась Панкевіч


Юрась Панкевіч, заснавальнік Карча, лідар гурта PAWA, распавядае:

— У 2003-м я зрабіў сваю першую дуду і мы з музыкамі тады яшчэ гурта TESTAMENT, які цяпер PAWA, пайшлі граць у Купалаўскі парк, насупраць цырка. Хадзілі штосераду як на працу, таму вечарыны і сталі традыцыяй. Тады гэта звалася “Танцы пад святымі дрэвамі”. Нехта прыдумаў, што грэцкія арэхі, якія там растуць, утвараюць браму ў іншы сусвет. Ідэя была менавіта ў тым, каб людзі таньчылі пад дуду. Праз файр-шоў нас міліцыя адтуль пагнала і мы пайшлі на Нямігу. На ўзгорку ля Свіслачы, каля вуліцы Зыбіцкай, некалькі разоў збіраліся. Адтуль нас зноў пагналі за файр. Потым ужо сталі збірацца на Усходзе, там я забараняў файр, хаця яго ўсё роўна рабілі. На месцы, дзе мы збіраліся, было паваленае дрэва, вакол — яблыневы сад. Дзяўчаты з тэатра “Гістрыён”, Юля Рэйзіс і Наста, прыдумалі назву “Корч”.

Юрась Панкевіч і Віталь Касавец, якія першымі сталі граць танцы па серадах

Цяпер я ўжо мала граю на вечарынах, летась пару разоў за сезон быў на Карчы. Жыву зараз у вёсцы, у Бянюнах, за 200 кіламетраў ад Мінска, таму складана ездзіць штосераду. Рады, што з'явілася новая генерацыя дудароў, трэба даваць дарогу маладым. А то яны пры мне, бывае, саромеюцца адрывацца. Думаюць, як пагляджу, што скажу. Ці наадварот: “Ды хто гэта такі?”

Гурт PAWA (раней TESTAMENT), які ладзіў першыя танцавальныя вечарыны на вольным паветры

Рэгулёвыя танцавальныя вечарыны на вольным паветры пад дудовую музыку — унікальная мінская з’ява. Такога няма ні ў адным іншым горадзе Беларусі і суседніх краін, а, можа, і свету. Яўген Барышнікаў, дудар, “ветэран” Карча, каментуе: “У суседніх краінах танцы на вольным паветры, мабыць, ёсць, але, мяркую, спарадычныя. У Кіеве на гары ля гістарычнага музэя збіраліся даўным-даўно барабаншчыкі ды іншыя хіпаны. Мабыць, віленскі танцавальны асяродак нешта такое спарадычна ладзіць. Але каб сістэмна, шмат гадоў, ды яшчэ каб дуды вялі рэй — такога я прынамсі не ведаю нідзе. Памятаю, літоўскія сябры былі здзіўленыя, калі ўбачылі, што пад дуды можна танчыць. У іх гэты інструмент быў (і пераважна застаецца) хутчэй для пафаса і прыгажосці.


Антось Бельскі, дудар, што часта грае на Карчы:

— Я хаджу на Корч з 2011 году — гэта першы сэзон, калі вечарыны перамясьціліся з пляцоўкі на Ўсходзе бліжэй да Барысаўскага тракту. З гэтых сустрэч пачалося маё знаёмства з беларускімі (і не толькі) танцамі, дудой, беларускамоўнымі людзьмі. За гэты час на Карчы змянілася пакаленне танцораў і музыкаў. Ранейшыя наведнікі сталеюць, заводзяць сем’і, у іх нараджаюцца дзеці, яны больш часу прысвячаюць працы і менш забавам — у выніку з’яўляюцца на сустрэчах рэдка, а потым зусім перастаюць хадзіць. Цешыць, што на Карчы з’яўляюцца новыя танцоры і музыкі. Нехта даведваецца пра сустрэчы праз інтэрнэт, але большая частка, мяркую, трапляе сюды праз сяброў ды знаёмых.

Першыя сезоны Корч быў новай з’явай, якая прыцягвала ўсё больш і больш моладзі. У 2012-2013-м колькасць наведнікаў паступова стала скарачацца. Гэта было звязана як са зьменай пакалення (ранейшыя танцоры пераставалі хадзіць, а новыя з’яўляліся ў меншай колькасьці), так і з перамяшчэннем сустрэч на новую пляцоўку. У гэты час узнікла патрэба каардынацыі вечарын — змяшчэнне і рэклама абвестак у сацсетках, запрашэнні музыкаў і прыцягненне новых танцораў. Юрась Панкевіч, адзін з пачынальнікаў Карчу, даверыў гэту справу мне, бо сам ужо не мог часта наведваць вечарыны праз канцэртную дзейнасць і жыццё далёка ад Менска. Так з 2013-га я пачаў каардынаваць сустрэчы на Карчы, а з 2014-га і граць на дудзе. Гэта дала плён: з 2014-га колькасць наведнікаў павялічваецца, прыходзяць як маладыя, так і дасведчаныя (радзей) музыкі.

Корч займае значнае месца ў дударскім руху. Гэта адкрытая пляцоўка для танцораў, музыкаў і ўсіх неабыякавых, якая дазваляе кожнаму пазнаёміцца з танцавальнай культурай Беларусі ды іншых краін, пачуць дуду, паспяваць, пагуляць у традыцыйныя гульні, пазнаёміцца з аднадумцамі, паразмаўляць па-беларуску ды проста добра й весела прабавіць час!”

Штосераду каля 19.00 на цяперашні Корч можна прыйсці паспяваць. Зараз у праграме — траецкія, купалкі, пазаабрадавыя песні, прыпеўкі. Выконваюцца ў беларускай традыцыйнай манеры. Звычайна завітвае некалькі мам з дзецьмі, таму самым малым удзельнікам ёсць з кім пагуляць.

Адна з мам і ў мінулым спявачка гурта “Ліліт” Дар'я Несцярэнка дзеліцца ўражаннямі:
 — Я люблю народныя спевы. Ужо летась заўважыла, што ў лесе нешта цікавае адбываецца, але інфармаціяй не валодала, і неяк няёмка было спытаць. Для мяне Корч — гэта не проста баўленне часу, але і самаадукацыя. Праз песні я шмат чаго дазнаюся пра погляды, павер’і і звычаі нашых продкаў. Пакуль шукаеш тэксты, прачытаеш шмат інфармацыі пра абрады, дзе, што, як адбывалася. Для мяне вельмі істотна, каб мой сын ведаў культуру сваёй краіны. Калі есць магчымасць з дзяцінства далучыць дзіця да народнай музыкі, варта скарыстаць яе на 100 адсоткаў. Дуда яго ўжо зачаравала, што мяне не радаваць не можа!


Каля 19.30 — 20.00 на Корч прыходзяць музыкі і пачынаюцца танцы, а часам і гульні пад музыку. Далучацца і граць можна на чым заўгодна, але правіць баль дуда, на яе трэба арыентавацца. Таньчаць на Карчы ў першую чаргу беларускія народныя і еўрапейскія сярэднявечныя танцы. Але часам можна пачуць эстонскія ды брэтонскія мелодыі, а таксама музыку іншых народаў Еўропы. Сярод танцораў — і зусім маладыя людзі, і карчоўскія “старажылы”.

Вось што кажа Яніна Мяцельская, танцорка:

— Я заклікаю ўзгадаць мінулае, хадзіла на Корч у 2006-2008 гадах. Сёлета для мяне гэта настальгія ды шлях рэлаксу, расслабіццца і часова забыцца на “дарослыя” праблемы. У мінулым, канечне, здаецца, і трава была зелянейшая, і піва смачнейшае, але ж я лічу, што Корч адраджаецца.

Валянціна Міронава, дударка і спявачка:

— Некалькі гадоў таму, калі жыла яшчэ ў Гомелі, была на Карчы ўсяго аднойчы. Пасля пераезду ў Мінск я даведалася, што Корч цяпер збіраецца недалёка ад майго дому, і ў гэтым сезоне вырашыла далучыцца. Я звычайна не таньчу, але вельмі люблю дудовую музыку, сама граю на дудзе. З такой мэтай і прыходжу: пайграць, паслухаць, як іншыя граюць, а таксама паспяваць народныя песні. Мне падабаецца гэтая атмасфера, гэтая, па сутнасці, стыхійная тусоўка неабыякавых людзей.

Вольга Янушкевіч, спявачка і танцорка, хадзіла на Корч недоўга ў 2006-м, сёлета фактычна далучылася наноў:

— Калісьці ля метро “Усход” рос яблыневы сад, у якім з 2006-га гуртаваліся рознамасныя нефармалы. Заўжды было вогнічша і шмат весялосці. Пасля я неяк перастала бываць на такіх тусоўках аж да 2017, калі наноў адкрыла для сябе Корч. Пазнаёмілася з яго заўсёднікамі на фольк-вечарыне ў адной кавярні. Яны і запрасілі мяне на Корч. Калі я наведала яго ўпершыню, мяне ўразіла месца правядзення. Неверагодна, што ў Мінску, у непасрэднай блізкасці да станцыі метро, знаходзіцца такі вялікі кавалак лесу. Менавіта не лесапаркавая зона, а проста сасновы лес, з пратаптанымі сцежкамі і адносна свежым паветрам.

Людзі, што збіраюцца на Карчы, самастойна знаходзяць і развучваюць песні і танцы, раздрукоўваюць тэксты. Такое згуртаванне прэтэндуе адначасова на працяг беларускай народнай музычнай і харэаграфічнай традыцыі і стварэнне новай, постфолькавай. Вялікае значэнне адыгрывае колькасць людзей. Спевы і танцы гуртом — непараўнальная па адчуваннях з самастойнай практыкай дзея. Нельга сказаць, што на Крачы дзейнічае ўстойлівы сфармаваны гурт выканаўцаў. Скалад як дудароў, так і спевакоў, і танцораў можа змяняцца, хоць і ёсць людзі, якія наведваюць сустрэчы гадамі. Гэтая свабода далучэння ўсіх зацікаўленых надае Карчу пэўную стыхійнасць.

Хочацца заўважыць, што на сустрэчах не прынята злоўжываць алкаголем. Не ставіцца мэтай прыйсці ў лес, каб напіцца або пасмажыць шашлыкі, як гэта робіцца шмат дзе. Галоўнае, для чаго збіраецца Корч, гэта танцы, музыка і песні. Асабіста мне прыемна знаходзіцца ў вялікай кампаніі цвярозых людзей, з якімі мяне аб’ядноўваюць цікаўнасці”.


Яўген Барышнікаў, дудар, “ветэран” Карча:

— Вечарыны на Карчы — істотны этап не толькі ў развіцьці дударскага руху, але і танцавальнага. Яны пачыналіся Юрасём Панкевічам хутчэй як працяг медывальных фестываляў з адпаведным рэпертуарам, вельмі эклектычным. Гралі ўсё — ад медывальных кампазіцый і фэнтэзі-фольку да танцаў народаў Еўропы: брэтонскіх, ірландскіх, латышскіх, якіх заўгодна. І беларускія мелодыі ў гэтым агульнаеўрапейскім кантэксце былі толькі адной з крыніц рэпертуару. Істотнай, але далёка не адзінай. То бок Корч — гэта, у пэўным сэнсе, першабытны хаос, з пылу якога закручваліся галактыкі і нараджаліся планеты. Менавіта адтуль выкрышталізаваліся некаторыя групоўкі і кірункі, як сярод музыкаў, так і сярод танцораў.

Так, перад тым, як пачаць беларускія танцавальныя вечарыны ў кавярні “Жар-птушка”, нябожчык Зміцер Сідаровіч пэўны час хадзіў на Корч і пераймаў вопыт, а потым прыводзіў на танцы і дырэктарку кавярні, каб прадэманстраваць ёй, як гэта выглядае. І яна пагадзілася ладзіць вечарыны ў сябе. Але прынцыповая розніца ў тым, што аўдыторыя Сідаровіча ў “Жар-птушцы” складалася з людзей, які прыйшлі да народных танцаў праз агульнае захапленьне ўсім беларускім, а аўдыторыя Карча прыйшла да танцаў беларускіх праз танцы сярэднявечныя, кельцкія і г.д.


Цікава, што дуды на Карчы заўсёды вялі рэй. Памятаю, быў выпадак, калі людзі ўжо чакалі танцаў, але з дудароў яшчэ ніхтоне прыйшоў (я быў толькі бубначом). І я спытаў Аляксея Крукоўскага, які тады граў ірландскую музыку і прыйшоў з акардэонам, чаму б яму не зайграць якога танца, калі людзі чакаюць. Ён з уласьцівым пачуцьцём гумару адказаў: “Я не магу, я ў XIX стагоддзі забіў дуду” (бо паводле пашыранага меркавання менавіта гармонік напрыканцы XIX — у пач. XX ст. "забіў" дуду).

Гэта цяпер у мінскім танцавальным руху рэй вядзе акардэон Крукоўскага. А тады, як і цяпер, сапраўды, выкананне на гармоніках і акардэонах на Карчы не дужа добра ўспрымалася моладздзю. Мяркую, з-за трывалых асацыяцый з нечым савецкім і калгасным, чаго дуды цалкам пазбаўленыя. Сёння мы бачым, што дуды адкрылі дарогу і іншым народным інструментам: скрыпкам, цымбалам, лірам і, канечне, гармонікам. Як кажа дудар Тодар Кашкурэвіч, “прабілі моладзевы снабізм”.

Але з іншага боку, паўтараецца сітуацыя, што мела месца сто гадоў таму: з-за абмежаванага дыяпазону, тэхнічных магчымасцяў, складанасці наладкі, дуды выціскаюцца скрыпкамі і гармонікамі. То бок гісторыя ідзе па спіралі. І ў гэтым адна з прычын, чаму сёньня дуда-арыентаваны, “артадаксальны” ў гэтым сэнсе, Корч не настолькі папулярны сярод музыкаў і танцораў: рэпертуарна ён застаўся такім, якім быў, а людзям, якія даўно ў тэме, хочацца нейкага развіцця, чагосьці новага. Так што ў развіцці дударскага руху я назіраю трывалую фазу плато. Гэта цалкам нармальны этап. І толькі ад нас залежыць, ці будуць новыя ўздымы і прарывы”.

Фота і відэа Алены Ляшкевіч

 

Каментаваць